Схема тэлефоннага махлярства “Алё, мама!” вядома, напэўна, усім. Але ж дзеля выратавання блізкіх пажылыя людзі па-ранейшаму аддаюць ашуканцам усе свае зберажэнні.
Званок паступае звычайна ўвечары. На тым баку проваду хтосьці расчулена паведамляе, што сваяк (дарэчы, па голасе можа падацца, што тэлефануе ён сам) трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне ці тэрмінова мае патрэбу ў лячэнні. Пакуль пацярпелыя прыходзяць у сябе, да іх ужо накіроўваецца кур’ер за грашыма.
– Ашуканцы гуляюць на эмоцыях і страху, – тлумачыць старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Ушацкага РАУС Ю.С.Гаўрылюк. – Людзі губляюць здольнасць крытычна думаць і робяць памылкі.
Часцей за ўсё ахвярамі становяцца жанчыны, старэйшыя за 60 гадоў. Сумы панесенага імі ўрону дасягаюць некалькіх тысяч рублёў ці валюты.
– Кур’ераў для ажыццяўлення махлярскіх дзеянняў зламыснікі шукаюць праз аб’явы аб падпрацоўцы ў сацсетках і мэсанджарах, – працягвае Юлія Сяргееўна. – Іх спачатку просяць даслаць фота пашпарта, асабістыя звесткі і толькі потым тлумачаць, што давядзецца зрабіць. У выпадку ж адмовы шантажыруюць, абяцаючы “зліць” у сетку ці паведаміць кампетэнтным органам негатыўную пра іх інфармацыю. У гэтай сувязі нагадаю: практычна ўсе прапановы аб лёгкім заробку – падман.
Знайдзіце некалькі хвілін на званок бацькам ці бабулі з дзядулем, раскажыце пра метады махляроў. У выпадку ж, калі званок са “страшнымі” навінамі паступіў, пастарайцеся захоўваць спакой. Спачатку пераканайцеся, што з блізкімі ўсё ў парадку (для гэтага самі ім патэлефануйце), а затым звярніцеся ў органы ўнутраных спраў па нумары 102.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

