Летнія канікулы – на экватары, а ва ўстановах адукацыі ва ўсю ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Неабходныя на рамонт сродкі выдзелены з раённага бюджэту.
Як нам расказалі ў цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, значныя аб’ёмы работ сёлета запланаваны ва Ушацкай школе. У бліжэйшы час тут будзе праведзены сур’ёзны рамонт рэкрэацыі на першым паверсе – цалкам заменяць абшыўку, “апрануць” яе ў новую колеравую гаму. А ўжо ў жніўні за будынкам установы – з боку РАНС – з’явіцца новае асфальтавае пакрыццё (на цяперашнім з’явіліся трэшчыны).
У Ільюшынскай СШ многае было зроблена летась, таму сёлета тут абмяжуюцца “касметыкай”. У Вялікадолецкай школе дадаткова адрамантуюць сістэму ацяплення, а ў Арэхаўскай працягнулася замена аконных блокаў.
– З першых дзён канікул актыўна ўзяцца за работу, на жаль, не маглі: на базе нашай установы працаваў дзіцячы лагер, – расказвае дырэктар Глыбачанскай СШ Таццяна Пахолак. – Тым не менш, выконвалі магчымае: цэментавалі, тынкавалі, займаліся афарбоўкай фасада будынка, агароджы, у незадзейнічаных аўдыторыях працавалі з акрылам, які не пахне. Цяпер застанецца толькі падлогу абнавіць ды тое-сёе прыбраць. Удзячна ўсяму калектыву за зладжанасць.
Нямала клопатаў і ў дашкольных установах. Так, у першым садку сёлета запланаваны рамонт даху, у чацвёртым – устаноўка новай сістэмы ахоўнай сігналізацыі (патрэбы ў вартаўніку тут больш не будзе – такую функцыю возьмуць на сябе супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы).
Шмат увагі традыцыйна ўдзелена пытанням супрацьпажарнай бяспекі. Напрыклад, у дзіцячым садзе №2 г.п.Ушачы мадэрнізуюць аўтаматычную пажарную сігналізацыю, а ў Глыбачцы, Вялікіх Дольцах і Арэхаўне паміж школьнымі і садаўскімі памяшканнямі з’явяцца спецыяльныя дзверы, прызначаныя для працяглага прадухілення распаўсюджвання агню і дыму.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

