Футбольная каманда Ушацкага лясгаса зноў пацвердзіла свой высокі рэйтынг: у гэты раз нашы хлопцы выдатна выступілі на абласных спаборніцтвах сярод лесагаспадарчых устаноў Віцебскай вобласці па міні-футболе.
Аснову дружыны складаюць прызнаныя майстры, якія на працягу доўгіх год адстойваюць гонар не толькі свайго прадпрыемства, а і раёна. Функцыю капітана і гуляючага трэнера выконвае ў камандзе вальшчык лесу Леанід Карабань, які, дарэчы, сёлета асвоіў і яшчэ адно футбольнае амплуа – абслугоўвае матчы чэмпіянату краіны другой лігі ў якасці арбітра. Цалкам выкладваліся на полі прадстаўнік гэтай жа спецыяльнасці Юрый Владзіёнак, Андрэй Каваленка, начальнік лесапункта Андрэй Клямяценка – апошні, дарэчы, паехаў на турнір з траўмай, але не даваў сабе паслаблення. Месца ў варотах заняў былы ігрок вядомых футбольных клубаў Андрэй Лодзіс, які зараз працуе лесаводам. Галоўным жа штыком у нападзенні стаў навічок Мацвей Федарэнка, які пасля заканчэння каледжа папоўніў штат прадпрыемства. Нагадаем, што ён стаў лепшым бамбардзірам леташняга футбольнага чэмпіянату вобласці ў групе “С”. Унёс важкі ўклад у галявую скарбонку і на гэтых спаборніцтвах.
Дарэчы, у іх ходзе нашы землякі абыгралі каманды Віцебскага і Полацкага лясгасаў з лікам 17:2 і 7:0. Вырашальны матч з моцнымі аршанскімі сапернікамі атрымаўся ўпартым і завяршыўся перамогай ушачан з лікам 2:1 (абодва галы забіў М.Федарэнка). Як вынік – першае месца і права прадставіць вобласць на рэспубліканскіх галіновых спаборніцтвах, якія пройдуць у Пінску ў сярэдзіне жніўня. Зычым нашым лесаводам новых перамог!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: А.Лодіс, Л.Карабань, А.Каваленка, Ю.Владзіёнак, М.Федарэнка, А.Клямяценка; у атацы – ушачане.

