Да Дня пажарнай службы па ўсёй краіне прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, на ўрачыстасць у раённым аддзеле сабраліся выратавальнікі, ветэраны МНС, маладое пакаленне.
“170 гадоў крэпне і развіваецца служба, але галоўная яе каштоўнасць – людзі, якія ахвяруюць сваім жыццём дзеля выратавання чужога. Жадаю, каб менш было надзвычайных сітуацый і з іх вы заўсёды выходзілі дастойна”, – звяртаючыся да калектыва РАНС адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, для якога гэты дзень таксама з’яўляецца святочным: значную частку свайго працоўнага шляху ён прысвяціў пажарнай службе.
Асабліва запомніцца ўрачыстасць навічкам, якія сёлета папоўнілі калектыў ушацкіх выратавальнікаў. Пасля заканчэння Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа працоўную кар’еру ва Ушачах выратавальнікамі-пажарнымі пачалі жыхары Полаччыны Савелій Андрэеў і Ягор Кавалеўскі, гэтую мужную прафесію абраў для сябе і вярнуўся на радзіму ўраджэнец Ільюшына Максім Бука. Віталь Ратковіч паспрабаваўшы сябе ў лесагаспадарчай сферы вырашыў змяніць род дзейнасці, кагорту вадзіцеляў нядаўна папоўніў і Аляксей Карзанаў.
“Хлопцы ўжо аддзяжурылі не адну змену, прывыкаюць да нялёгкіх будняў, прымаюць удзел у грамадскім жыцці калектыву, упэўнены, што яны будуць годна выконваць свае абавязкі”, – адзначыў намеснік начальніка Ушацкага РАНС М.В.Кісель. Дарэчы, у калектыве яшчэ ёсць вакансіі вадзіцеляў, тут чакаюць рашучых і смелых маладых людзей, якія гатовы абараняць краіну і людзей ад любых надзвычайных сітуацый.
Падзяка міністра па надзвычайных сітуацыях аб’яўлена аператыўнаму дзяжурнаму цэнтра аператыўнага кіравання аддзела Сяргею Лісоўскаму. Нагрудным знакам МНС “Выдатнік” узнагароджаны вадзіцель Павел Падгол, а старшаму інструктару па ваджэнні – вадзіцелю Сяргею Бугаю датэрмінова прысвоена чарговае спецыяльнае званне старшага прапаршчыка. Юбілейныя медалі “170 год пажарнай службе Беларусі” ўручаны намесніку начальніка аддзела Аляксандру Сафронаву і вадзіцелю Аляксандру Бугаю. Граматамі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС адзначаны аператыўны дзяжурны Дзмітрый Кучаронак, старшы інструктар-выратавальнік Сяргей Хрыпель, вадзіцель Аляксандр Харак, а старшаму інструктару-выратавальніку Міхаілу Ярмошу аб’яўлена Падзяка начальніка аблупраўлення МНС. Яшчэ шэраг работнікаў былі адзначаны ўзнагародамі раённага ўзроўню. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў за вопыт, перададзены моладзі. Дарэчы, у святочны дзень не засталіся без увагі і члены маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных – падзякі раённага аддзялення ўручаны вучням Ушацкай школы Марку Шалыгу і Кірылу Лазараву. Ва ўрачыстай абстаноўцы рады арганізацыі папоўнілі вучаніцы гэтай жа школы Аліса Пінчук і Ганна Дуброўская.
Вольга КАМАРКОВА.


