Суровыя мужчынскія твары, бляск спецтэнікі і барацьба з агнём… Менавіта такія карцінкі ўзнікаюць перад вачыма, калі гаворка ідзе пра Дзень пажарнай службы. Але ж у Год беларускай жанчыны мы вырашылі змяніць ракурс. Бо ва Ушацкім РАНС служаць і тыя, хто даказвае: выратавальнік – гэта не толькі пра фізічную моц, але і пра кантактнасць, разважлівасць, душэўную цеплыню.
Сёння гераіня нашай публікацыі – старшына групы матэрыяльна-тэхнічнана забеспячэння і абслугоўвання Крысціна Дайлідзенак. Яе работа – гэта важная частка вялізнага механізма. Так, яна не імчаць на выклікі, не ўваходзіць у палаючыя будынкі, але ж робіць усё, каб тэхніка была гатова, паступала абмундзіраванне…
Крысціна ў аддзеле ўжо сем гадоў. Смяецца, маўляў, тут атрымала другое жыццё, прычым, у знакавую для сябе дату. “Я ж у сельскую гаспадарку збіралася, акадэмію ветэрынарнай медыцыны скончыла, – расказвае яна. – Але ж пасля дэкрэтнага адпачынку пачала спрабаваць сябе ў іншым: папрацавала ў гандлі, а потым у РАНС вакансія з’явілася. Старшым інспектарам групы справаводства стала якраз у дзень свайго нараджэння”.
Аб працяглай кар’еры ў адзеле па надзвычайных сітуацыях ураджэнка Жар і марыць не магла: месца ж дэкрэтнае – ведала, што давядзецца вызваляць. Але ж тады на заслужаны адпачынак выходзіла А.А.Рагавешка – і яе пасаду прапанавалі стараннай, актыўнай Крысціне. “Вельмі ўдзячна кіраўніцтву аддзела за аказаны давер, а Алене Анатольеўне – за годныя ўрокі, якія дапамаглі разабрацца ў абсалютна новай для мяне справе”.
Нюансаў тут сапраўды шмат: трэба і працэдуры закупак праводзіць, і дагаворы на аказанне платных паслуг заключаць, а для гэтага разбірацца ў абсталяванні, запчастках, будаўнічых матэрыялах… Толькі спачатку пужалася Крысціна непрывычнай жаночаму вуху тэрміналогіі – зараз жа сама любыя тлумачэнні па матэрыяльна-тэхнічнай базе аддзела дасць.
Не адстае яна ад мужчын-калег і ў спорце – дэманструе клас у настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы… і нават колцы дроў. Калі два гады таму на раённы чэмпіянат па гэтым відзе неабходна было выставіць каманду з удзелам прадстаўніцы слабага полу, К.Дайлідзенак не адмовілася ад удзелу, хоць сякеру ў руках дагэтуль не трымала. Напярэдадні з’ездзіла да бацькі, пад ліхтарык павучылася тэхніцы – і ў выніку дапамагла выратавальнікам стаць лепшымі.
- У РАНС ушачанка адчувае сябе як за каменнай сцяной: калегі-мужчыны, якіх тут больш за паўсотні, дапамогуць, параяць. Іх дзяўчына называе сапраўднымі героямі і заўсёды перажывае, калі тыя выязджаюць на пажары.
Нашу субяседніцу па праве можна назваць душой, упрыгожаннем РАНС. Але ж яна гэтым не казырае – проста кожны дзень прыходзіць на службу і сумленна займаецца сваёй справай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
