Успаміны малалетняга вязня Еўдакіі Раманаўны Пускінай з вёскі Рагозіна:
– Мы хаваліся ў лесе каля вёскі Масцішча – жанчыны, дзеці, пажылыя мужчыны. Прайшоў заклік, каб усе выходзілі. А потым кулямётныя чэргі, нізка-нізка над дрэвамі лётаў самалёт-разведчык. Усіх пагналі ў бок Адворыцы. Ніхто не ведаў, што з намі будзе.
Там нас затаўкалі ў дзве вялікія пуні і пакінулі на ноч. Каравулілі патрульныя з сабакамі. Было вельмі цесна і страшна. А раніцай пасартавалі ў дзве калоны: асобна мужчын, жанчын і дзяцей. Памятаю, аднавяскоўка была з двума малымі дзеткамі, іх у яе адабралі, адкінулі. Хлопчык зноў пабег да маці, і немец яго моцна збіў плёткай, а жанчына плакала. Мы ж – маці, малодшая сястра 6-7 гадоў і я (каля 13-ці), аказаліся часова разам. Пешшу ўсіх адправілі да Параф’янава. Галодныя, многія не маглі ісці і падалі без сіл. Там ужо чакаў таварны вагон і прайшоў слых, што нас павязуць у Германію. Затаўкалі, і так мы даехалі да Брэста. Там адна з жанчын клікала разам з ёй уцячы, што і зрабіла, а маці пабаялася, што з двума дзецьмі гэта не атрымаецца.
У Нямеччыне каго – у лагер, каго – на ваенны завод, а каго, як нас – на прымусовыя работы – мяне асобна ад маці з сястрой. На сядзібе мужчын не было, гаспадыня адна вяла справы: запрагала карову, брала мяне – і ехалі ў поле. Там я вязала снапы, кідала іх у машыну для абмалоту, чысціла шчоткай кароў, закладала ў кармушкі канюшыну, карміла жывёлу і выконвала многа іншай работы.
Дзякуй Богу, мы пачулі пра Перамогу. Вызвалялі нас амерыканцы і арганізавана адвезлі да савецкіх войскаў. Да Віцебска зноў таварняком, а потым пешшу да Лепеля. Там нас, памятаю, на начлег пусцілі добрыя людзі, паставілі на стол тое, што было. А раніцай зноў 45 кіламетраў пешшу, але з надзеяй, што ўцалеў наш дом. Аднак ён згарэў, як і многія, засталася маленькая лазня, што стаяла паводдаль.
Зноў пачалася цяжкая праца на Радзіме, каб аднавіць разбуранае. Сілы надавала тое, што нарэшце мір і больш ніколі, ніколі не будзе той страшнай вайны.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.