«Партизан» — на четвёртой строке рейтинга. Подводим итоги футбольного сезона

Cпорт

Здаецца, зусім нядаўна мы друкавалі ў газеце справаздачу пра гульню “Партызана” на стартавым адрэзку чэмпіянату краіны другой лігі, які адначасова з’яўляецца першынством вобласці, а вось ужо і завяршыліся паядынкі апошняга тура.

Як і летась, нашы землякі ў кожным матчы дэманстравалі майстэрства і самааддачу, літаральна да апошніх тураў мелі выдатныя перспектывы, але адзіная “асечка” на фінішы каштавала ўшачанам месца на п’едэстале. У 14 гульнях групы “С” каманда атрымала 9 перамог, набрала 28 ачкоў, аднак столькі ж аказалася і на рахунку асноўных нашых сапернікаў з Лёзна і Бешанковіч, якія па дадатковым паказчыку (гульнях паміж сабой) забралі “срэбра” і “бронзу”, пакінуўшы “Партызану” чацвёрты радок. Ну а “золата” заваявалі лепельскія футбалісты.

Канечне, вынік нас не парадаваў, аднак, аналізуючы сезон, хочацца вылучыць станоўчыя моманты. У параўнанні з мінулым годам ушачане згулялі больш эфектыўна (летась было набрана толькі 20 ачкоў у 12 гульнях, што, праўда, не перашкодзіла атрымаць “бронзу”). Асабліва парадаваў другі тур: каманда наладзіла сувязі, сфарміравала амаль аптымальны састаў і паказала якасны і відовішчны футбол – на наш погляд, больш змястоўны, чым летась.

Не збіўся прыцэл у бамбардзіра Мацвея Федарэнкі, які правёў у радах “Партызана” толькі шэсць матчаў, але ўмудрыўся забіць 9 галоў і аддаць 4 выніковыя перадачы. Максім Стрыжанок запісаў на свой рахунак 11 галявых пасоў і стаў па гэтым паказчыку адным з лепшых у групе “С”. Апраўдваў права насіць капітанскую павязку Яўген Ярмош, актыўнічаў на флангах шпаркі Віктар Волах, “цэментаваў” лінію абароны Павел Качан, карыснымі былі вопытныя Юрый Владзіёнак, Андрэй Бутоўскі. Малады запал надавалі камандзе Мікіта Бадзякін, Мікіта Жалейка, Мацвей Краўчанка (на яго рахунку – два галявыя дублі), Арцём і Віктар Ільіновы, Дзяніс Давыдаў. Ну а майстэрства і харызма нашага галкіпера Міхаіла Ярмоша ўвогуле не абмяркоўваюцца!

Умацаваў “партызанскую брыгаду” полацкі дэсант – Сяргей Паршута, Сяргей Панамарэнка, Артур Хадарэнка, Сяргей Васенін, Мацвей Савянок. На жаль, у ходзе чэмпіянату не аднавіліся ад траўм Мікалай Лясных, Руслан Мадзіеў, Стас Пугачоў, вяртання якіх каманда чакае ў наступным сезоне.

Асобна ж хочацца вылучыць трох апантаных футболам людзей, без якіх гэтай каманды проста б не было. Запомніўся момант у матчы з Бешанковічамі, калі напрыканцы першага тайма пасля бруднага падкату саперніка наш ветэран Ігар Коршун, ускрыкнуўшы ад болю, рухнуў на газон. Здавалася, гульня для яго завершана, аднак у перапынку мужны футбаліст перавёў дух, шчыльна закруціў тэйпамі ногі – і зноў заняў сваю пазіцыю. Зрэшты, такія эпізоды былі літаральна ў кожнай гульні, да таго ж Ігар Міхайлавіч выконваў і трэнерскія функцыі, раздзяляючы іх з Раманам Фядосенкам і Андрэем Жаваранкам. Гэты аўтарытэтны трыумвірат умела кампанаваў з розных па ўзросце і вартасцях ігракоў маналітны калектыў, шукаў для кожнага аптымальнае амплуа, будаваў гульнявыя схемы… Большасць з задуманага ўдавалася, сведчаннем чаму – станоўчыя водгукі не толькі ад родных балельшчыкаў, а і ад нейтральных аматараў футболу.

Хочацца прыгадаць і іншых людзей, якія мелі дачыненне да сёлетняга футбольнага дзейства. Дастойна выконваў функцыі арбітра Леанід Карабань, адпраўляліся ў дарогу разам з ігракамі вадзіцель Сяргей Клопаў, медработнікі Дзіна Карбоўская, Вольга Рубанік, Рыма Зільберт.

Асобна варта адзначыць вялікую падтрымку, якую каманда адчувала ад сектара спорту райвыканкама. Прыгожая новая форма, мячы, магчымасць трэніравацца і атрымліваць аднаўленчыя працэдуры на спарткомплексе, камандзіровачныя, вырашэнне арганізацыйных момантаў – усё гэта напрамую спрыяе таму, што ўшацкая дружына замацавалася ў лідарах сваёй групы.

Ну а мы, балельшчыкі, шчыра дзякуем камандзе за падораныя эмоцыі і з нецярпеннем чакаем новых футбольных стартаў!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *