Женщины, которые вдохновляют. Как бывшие руководительницы Ушаччины нашли себя после выхода на заслуженный отдых

Общество

Нашы зямлячкі спраўляюцца, здаецца, з усім: сямейны быт наладжваюць, дзяцей выхоўваюць, у прафесіі поспехаў дасягаюць. Прычым, не баяцца любой даручанай справы і часта нясуць адказнасць не толькі за сябе, але і іншых. Упэўніцца ў гэтым дазволіла нядаўняе мерапрыемства, што ладзілася ў рамках Года беларускай жанчыны і Дня народнага адзінства ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Услед за рукадзельніцамі, а таксама ўладальніцамі звання “Чалавек года Віцебшчыны” сюды запрасілі тых прадстаўніц прыгожай паловы, якія на працягу 10 і больш гадоў узначальвалі аддзелы райвыканкама, прадпрыемствы і арганізацыі Ушаччыны, а зараз – у пенсійным узросце – гэтак жа не сядзяць без справы, застаючыся, як многія кажуць, на крок наперадзе…

Як падкрэслілі арганізатары сустрэчы, такіх актыўных, ініцыятыўных жыхарак раёна са статусам “былы кіраўнік” яны налічылі пад тры дзясяткі. І хоць сабрацца атрымалася не ва ўсіх, эмоцый, цёплых успамінаў ды сяброўскіх зносін было ў дастатку. Падтрымаць галоўных гераінь прыйшлі і іх сябры, былыя калегі.

Не так даўно пакінула пост кіраўніка раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Галіна Мікалаеўна Кашко і першым чынам, як зараз смяецца, выспалася. Спраў па гаспадарцы хапае, аднак паспявае яна і блізкім увагу ўдзяліць, і штосьці новае для сябе адкрыць. Так, напрыклад, пачала займацца алмазнай мазаікай – ужо некалькі карцін вырабіла. А яшчэ ўзначаліла мясцовую ветэранскую пярвічку.

– У мяне цяпер ёсць надзейная памочніца ў Градзянцы! – не хавала эмоцый старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская (былы дырэктар Дома піянераў). – Ужо наладзілі з ёй віншаванні паважаных юбіляраў, ну а многае – яшчэ наперадзе.

А вось Галіна Анатольеўна Грыдзюшка яшчэ працягвае працоўную дзейнасць у суседнім раёне. Яна прыгадала няпростыя, але цікавыя будні на ўшацкім “Прамкамбінаце”, як стараліся ўсім калектывам утрымаць прадпрыемства на высокіх пазіцыях, выйгравалі тэндары ў магутных канкурэнтаў, рабілі стаўку на якасць і заўсёды былі адной камандай. А што да захапленняў, дык жанчына ўжо і вуду, і гумовую лодку купіла – марыць парыбачыць на ўсіх азёрах Ушаччыны ды не толькі.

Выдатна памятае пачатак сваёй кар’еры Людміла Рыгораўна Карабань (аддзел адукацыі райвыканкама). Як прызнаецца, цяжкасцяў не ўзнікла, паколькі быў вопыт кіраўніка ў метадычным кабінеце, ды і ўсіх спецыялістаў галіны выдатна ведала.

– Калектыў ва ўсе часы ў нас быў выдатны! – падкрэсліла яна. – Калі ўжо пакідала пост і паехала ў Віцебск, калегі з упраўлення зазначылі, што за ўвесь час маёй працы ні на адну ўстанову, ні на аднаго дырэктара не паступіла ніводнай скаргі, таму і ездзіць на Ушаччыну з праверкамі не было патрэбы. А якія ў нас вучні таленавітыя! Дагэтуль атрымліваю віншаванні, калі яны прывозяць дыпломы з абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Па-ранейшаму стараюся ўдзельнічаць у розных раённых мерапрыемствах, люблю вандраваць (у свой час аб’ездзіла практычна ўсе еўрапейскія краіны, наведала сотні музеяў), шмат чытаю.

Свой першы рабочы дзень у якасці дырэктара Ушацкай школы прыгадала Святлана Канстанцінаўна Турло, якая зараз працуе ў музеі. Гэта быў 2000 год, калі ва ўстанове налічвалася 64 класа-камплекта і ажно 1658 вучняў – заняты былі ўсе тры будынкі. Вядома ж, было страшна пачынаць і несці такую адказнасць, аднак хутка ўцягнулася ў справу.
Як расказала Галіна Іванаўна Свідзінская, якая ўзначальвала раённы вузел паштовай сувязі, пасля выхаду на заслужаны адпачынак яна ўрэшце навучылася вязаць кручком, пра што даўно марыла. Цяпер жанчына стварае прыгожыя сурвэткі, дэкаратыўныя дыванкі. Дарэчы, і ўнучку такім творчым заняткам зацікавіла.

– З мужам Сяргеем Пятровічам мы не толькі разам працавалі, але і на пенсію адначасова выйшлі – цяпер больш часу ўдзяляем адзін аднаму, – падзялілася былы галоўны архітэктар раёна Галіна Віктараўна Дымман. – Ну а як вольная хвілінка выдаецца, з задавальненнем хаджу на спарткомплекс ці на агародзе шчырую. Вельмі люблю кветкі – адных руж у мяне пад 60 кустоў.

Ірына Віктараўна Ластаўка (саўгас “Кублічы”, Кубліцкі сельвыканкам) прызналася, што любіць правесці час перад тэлевізарам – паглядзець “Модны прыгавор” і, што аказалася нечаканасцю для многіх, баевікі.

Новыя таленты адкрыла ў сабе на пенсіі Любоў Аляксандраўна Мядзведзева (раённая падатковая інспекцыя) – наведваючы адно з аддзяленняў ТЦСАН, танцаваць, і ў тэатральных пастаноўках удзельнічаць прызвычаілася. Дарэчы, у гэтым мелі магчымасць упэўніцца прысутныя – сустрэчу аздобілі прыгожыя нумары ад харэаграфічнай групы “Рытмікс”, у склад якой уваходзіць жанчына. Жывой музыкай і вакалам парадавалі таксама работнікі дзіцячай школы мастацтваў.

Быць цярплівымі, паважаць старэйшых калег і, што асабліва важна, знайсці справу па душы жадалі маладым жыхарам Ушаччыны Вольга Уладзіміраўна Сырэль (аддзел загса райвыканкама з 1981 па 2005 гады), Соф’я Мікалаеўна Тарасеня (раённы Дом культуры) і іншыя госці. Як прызналася Соф’я Паўлаўна Падольская (цэнтральная аптэка), калі ідзеш на працу ў добрым настроі – так як некалі яна і яе калегі, усё інакш складваецца, любыя цяжкасці пераадольваюцца.

Спонсарам салодкага стала для ўдзельніц выступіла Ушацкая раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Яе старшыня Дзіна Садоўская падкрэсліла, што кожная з гэтых ушачанак – годны прыклад для маладога пакалення, душа і сэрца нашай роднай зямлі.

Падчас мерапрыемства былыя кіраўнікі і проста паспяховыя жанчыны пакінулі ў спецыяльнай кнізе музея не толькі інфармацыю пра сябе, але і карысныя падказкі для маладога пакалення. Быць лідарам, упэўнены яны, – магчымасць не толькі праявіць сябе, але і быць карысным землякам, роднаму краю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *