Кірмаш вакансій
Да Дня пажылых людзей быў прымеркаваны рэспубліканскі Кірмаш вакансій для людзей сярэбранага ўзросту і інвалідаў, які ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі спецыялісты цэнтра занятасці райвыканкама. У ім прынялі ўдзел 28 зацікаўленых асоб і прадстаўнікі 10 арганізацый раёна, якія расказалі аб наяўных 55 вакансіях. 14 пенсіянераў і 2 інваліды дамовіліся аб працаўладкаванні.
Традыцыйнае свята ў Вяркудах
Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын па традыцыі падрыхтавала сюрпрызы для пражываючых у аддзяленні для кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў у Вяркудах.
Актывісткі арганізацыі разам з яе старшынёй Дзінай Садоўскай накрылі для пажылых людзей салодкі стол, а каб у пакоях стала ўтульней, падарылі насценныя гадзіннікі. Віртуозная ігра на скрыпцы і любімыя песні ў выкананні работніка школы мастацтваў Алега Дымана прымусілі прысутных забыцца пра гады і хваробы, спяваць разам з артыстам і танцаваць.
Падарункі ад партыйцаў
У Міжнародны Дзень пажылых людзей раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь”, прадстаўнікі савета ветэранаў па традыцыі перадалі падарункі былым малалетнім вязням фашызму. А ў рамках агульнарэспубліканскага праекта “Настаўніцкае слова” партыйцы падрыхтавалі падарункі для ветэранаў педагагічнай працы і наведалі дома Сяргея Трафімавіча Белавусава, Марыю Сяргееўну Каплеўскую, Людмілу Рыгораўну Карабань, Надзею Мікалаеўну Пашута, Марыю Віктараўну Жмайловіч, Галіну Серафімаўну Мірановіч.
Тэматычны канцэрт
У раённым цэнтры культуры прайшоў тэматычны канцэрт “Мудрай восені шчаслівыя імгненні”, прысвечаны Дню пажылых людзей. Са святам усіх прысутных павіншавала старшыня раённага савета ветэранаў Н.А.Васілеўская, а сваёй творчасцю гледачоў парадавалі ўдзельнікі харавога калектыву “Ветэран”. Цёплымі і кранальнымі атрымаліся святочныя мерапрыемствы і ў сельскіх установах культуры.
Крок да даўгалецця
Да рэспубліканскага марафону па скандынаўскай хадзьбе “Крок да даўгалецця” ўшачане далучаюцца кожны год. У гэты раз пажылыя аматары актыўнага ладу жыцця (а такіх у раёне нямала) адправіліся ў займальны паход па экалагічнай сцяжыне, а на шляху даведаліся шмат цікавага пра лес і яго насельнікаў ад ляснічага Ушацкага лясніцтва Андрэя Падвойскага.
Прагулка атрымалася масавай і ўсім спадабалася, а арганізаваць яе дапамаглі супрацоўнікі Ушацкай СДЮШАР, ТЦСАН і лясгаса.





