Зрелищно и ярко отпраздновали День Победы в Ушачах

Общество

У жыцця­сцвяр­джаль­най белай квецені садоў, па-святочнаму ўпрыгожаная Ушаччына ўрачыста адзначыла Дзень Перамогі. 77-ы год мы сустракаем мірную вясну, дарагое ўсім свята “са слязамі на вачах”, зноў выказваем шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам, ушаноўваем памяць аб загінуўшых…

На мемарыяльным комплексе «Прарыў».

З кожным годам сведкаў тых страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны застаецца ўсё менш – зараз на Ушаччыне іх пяцёра. Шаноўны ўзрост, праблемы са здароўем не дазволілі ветэранам прыняць непасрэдны ўдзел ва ўрачыстасцях. Аднак без цёплых слоў, увагі яны не засталіся! З самай раніцы Ефрасінню Нікіфараўну Хадан, Дзям’яна Уладзіміравіча Крупеню, Васіля Мікалаевіча Казачонка, Міхаіла Сцяпанавіча Іванова і Сямёна Сцяпанавіча Кляпца па месцы жыхарства наведалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын А.В.Пашковіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Н.А.Васілеўская, дырэктар ТЦСАН К.В.Коршун. Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яны ўручылі ім “франтавыя трохвугольнікі”, ад грамадскіх арганізацый – віншавальныя лісты-паштоўкі, ад раённага выканаўчага камітэта – каштоўныя падарункі. Пажадала паўдзельнічаць ва ўшанаванні і гандлёвая сетка “Еўраопт”, якая перадала ветэранам прадуктовыя наборы.

Віншаванні прымае М.С.Іваноў.

У часы ваеннага ліхалецця многія нашы землякі былі гатовы ахвяраваць жыццём дзеля свабоды Радзімы і будучых пакаленняў. Пра гэта казалі ўдзельнікі мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку. Са здымкамі сваіх родных прыйшлі на ўрачыстасць удзельнікі акцыі “Беларусь памятае”. З кранальнымі нумарамі – як знак таго, што нашчадкі годна нясуць памяць аб подзвігах продкаў – выступілі выхаванкі дзіцячай школы мастацтваў Надзея Раманоўская і Ульяна Храпавіцкая. Як знак павагі прысутных – хвіліна маўчання, вянкі і кветкі да пахаванняў воінаў-вызваліцеляў.

На мітынгу ў скверы.

Не менш было іх у гэты дзень і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе сабраліся дэлегацыі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і простыя людзі. З віншаваннямі да ўсіх іх звярнуўся старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. Кранальнымі паэтычнымі радкамі нашага земляка Рыгора Барадуліна пачала сваё выступленне Н.А.Васілеўская. “Гістарычная памяць нашай Радзімы складаецца з памяці кожнай асобнай сям’і, – заклікаючы ўсіх свята берагчы, перадаваць нашчадкам успаміны сведкаў Вялікай Айчыннай, зазначыла Ніна Аляксандраўна. – У час легендарнага прарыву пайшоў з жыцця і мой родны дзядзька, матулін брат. Як толькі партызаны выйшлі з акружэння, бабуля пайшла яго шукаць. Прайшло столькі гадоў, а я і зараз памятаю яе вочы з застылымі слязамі, яе аповед пра тыя падзеі: “Лес меў жудасны выгляд. Уся зямля была ўсыпана трупамі. Усё змяшалася: калёсы, мёртвыя коні, людзі…” Сына яна так і не знайшла. Кожны год мы прыходзім да гэтага вечнага агню, мемарыяльных пліт, аддаючы даніну павагі загінуўшым. І такім чынам нагадваем дзецям і ўнукам, якой дарагой цаной дасталася ім магчымасць спакойна працаваць, вучыцца, будаваць планы і быць упэўненымі ў заўтрашнім дні”. За ўсё гэта ад імя моладзі Ушаччыны падзякавала ветэранам, прадстаўнікам старэйшага пакалення першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава.

Кветкі да пліт – ад сям’і Лосевых.

Краналі сэрца песні ваенных часоў, кружылі дзяўчаты ў белых, як у анёлаў, сукенках у “Пераможным вальсе” (відэа можна паглядзець у тэлеграм-канале “Патрыёта”). Яркім атрымалася выступленне юных барабаншчыц. Увогуле, дзеці ў гэты дзень былі важнымі асобамі амаль кожнага дзейства: разам з бацькамі ішлі ў працоўных калонах, цягнулі ручкі з кветкамі да помнікаў – для іх цяперашняга бясхмарнага жыцця 77 гадоў таму здабылі Перамогу героі Вялікай Айчыннай.

Праграма дня была насычана відовішчнымі падзеямі, цікавымі для людзей рознага ўзросту. Запрашаў усіх на экскурсіі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, на кінафільмы пра вайну – цэнтр культуры і народнай творчасці. Поўніўся звонкімі галасамі гарадскі сквер, дзе працавалі атракцыёны і гульнявыя пляцоўкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі спрыт у шашках і дартсе, імправізаваных рыбнай лоўлі і стральбе з рагаткі. Нямала знайшлося жадаючых разгадаць на пляцоўцы раённай бібліятэкі “сакрэтныя данясенні”, пачытаць вершы пра вайну. А непадалёк творчасцю займаліся юныя мастакі, спецыялісты па аквагрыме – многія ўдзельнікі свята займелі яркія малюнкі на шчочках.

На пляцоўцы раённай бібліятэкі.
Спаборнічаюць юныя шашысты.

Тэматычныя пляцоўкі прадпрыемстваў і арганізацый разгарнуліся на цэнтральнай плошчы. З цікавасцю спыняліся ўшачане ля фотазоны райкама БРСМ. Асаблівы ажыятаж – ля кропак райбальніцы, райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, газавай службы і ЖКГ: тут была магчымасць і форму прымерыць, і за рулём новых аўтамабіляў пасядзець, і розныя тэхсродкі ў справе праверыць. Тым жа, хто такімі заняткамі “нагуляў апетыт”, на салдацкай кухні прапаноўвалі смачную кашу. Падмацоўвалі сілы і невялікія вакальныя, артыстычныя нумары ў выкананні культработнікаў.

На салдацкай кухні.

Амаль нон-стопам ладзіліся ў гэты дзень канцэрты. У дзіцячай школе мастацтваў выступіў хор народнага клуба “Ветэран”. Авацыямі на цэнтральнай плошчы сустракалі ўшачане, госці гарпасёлка Народны вакальны квартэт “Натхненне”. Тут жа ўвечары дзяліліся з прысутнымі настроем выканаўцы і калектывы цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў. Завяршылася ж святкаванне прыгожым феерверкам, які расквеціў неба над Ушачамі сотнямі рознакаляровых агнёў. І, напэўна, многім у гэты момант падумалася: няхай толькі мірныя залпы гучаць над нашай зямлёй!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *