Хоць усё сёння можна купіць у магазіне, заказаць з дастаўкай на дом, традыцыйны восеньскі кірмаш па-ранейшаму для многіх застаецца чаканым мерапрыемствам. Сёлета ён быў арганізаваны на пляцоўцы ля рынка і Белаграпрамбанка.
Многія ўшачане чакалі менавіта кірмашу, каб закупіцца бульбай, і гэтага тавару было ў дастатковай колькасці. Пакупнікі абыходзілі ўсе кропкі, параўноўвалі цэны і слухалі пра вартасці прапаноўваемых сартоў. Рэалізоўвалі “другі хлеб” фермеры, прадпрымальнікі, у сярэднім па 75-85 капеек за кілаграм. Самымі хадавымі аказаліся гатункі “Вектар”, “Брыз”, “Каралева Ганна”, “Гала”. Хапіла ўсім жадаючым і капусты, якую прадавалі прыватнікі.
Нязменным попытам заўсёды карыстаецца зерне, і хоць купіць яго можна, завітаўшы непасрэдна ў гаспадаркі, ушачане традыцыйна набываюць яго на кірмашы. “Ільюшынскі”, напрыклад, прапаноўваў азімую пшаніцу сорту “Мроя” першай рэпрадукцыі па 35 рублёў за 50-кілаграмовы мяшок, а “Сафійскія дары” за сваю пшаніцу выставілі крыху меншы кошт – 65 капеек за кілаграм.
Як заўсёды, свой традыцыйны набор тавараў прапанаваў лясгас – мёд, тушонка і венікі для лазні разышліся за некалькі гадзін.
Быў добры выбар хрызантэм: розных колераў і гатункаў, яны так і прыцягвалі ўвагу апантаных кветкаводаў, якія клапоцяцца пра прыгажосць сваіх сядзіб. Вялікую іх колькасць прывезла з Дворыцы Галіна Міцкевіч, якая вырошчвае гэтыя кветкі як для ўпрыгожвання сваёй тэрыторыі, так і на продаж.
Чаго яўна не хапіла на гэтым кірмашы, дык гэта саджанцаў дрэў і кустоў. “Зараз якраз самы аптымальны час пасадкі груш і яблынь, планавалі набыць абрыкос. Менавіта дрэўцы першымі значыліся ў запланаваным спісе пакупак. На жаль, іх не было. Хацелася б і большы выбар агародніны – цыбулі, буракоў, морквы”, – дзяліліся з намі ўражаннямі некаторыя пакупнікі. Між іншым, у пятнічны рыначны дзень прыватнікі прапаноўвалі, напрыклад, шырокі выбар пладовых дрэў і кустоў, аднак попыт быў надзвычай нізкі.
Арганізатары кірмашу заўсёды запрашаюць прыватнікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, прадпрыемствы з розным таварам, каб задаволіць попыт жыхароў нашага раёна. Зразумела, што кожны прадавец усё разлічвае і выбірае выгадныя варыянты, месцы продажу, а ў гэты дзень былі кірмашы ў суседніх буйных гарадах. Прапановы, пажаданні ўшачан пры арганізацыі наступных кірмашоў будуць абавязкова ўлічвацца.
Вольга КАМАРКОВА.



