Почему многие ушачане выбирают косметическую продукцию белорусской компании «Белита-Витекс»?

Главное

Брэнд “Беліта-Вітэкс” ведаюць нават тыя, хто не карыстаецца прадукцыяй галоўных беларускіх вытворцаў касметыкі. Зрэшты, такіх няшмат – практычна кожны з нас мыў галаву недарагімі і якаснымі айчыннымі шампунямі, а многія, напэўна, прыгадаюць і легендарны бальзам “Рэвівор”, які ў часы голых паліц 90-х стаў для беларусак “першай ластаўкай” у справе догляду за валасамі. З таго перыяду кампанія прайшла вялікі шлях і выпускае зараз больш 1100 найменняў тавару.

А пачалося ўсё ў 1988-м, калі ў Мінску зарэгістравалі першае сучаснае прадпрыемства па вырабе шампуняў. Беларусы хацелі стварыць сумесны праект з лідарам індустрыі прыгажосці “Wella”, аднак асцярожныя немцы не рызыкнулі ладзіць такія стасункі, затое перспектыву выйсці на вялізны савецкі рынак ацаніў дырэктар італьянскай кампаніі “GVF”, з якой і заключылі пагадненне. Выпуск першай прадукцыі “белітаўцы” распачыналі ў пераабсталяванай пральні, працавала там 11 чалавек, аперацыі ажыццяўляліся ўручную, аднак формулы першай касметычнай лінейкі аказаліся такімі ўдалымі, што прыгаданы вышэй бальзам выпускаецца і зараз. На цяперашні час Беліта і Вітэкс – дзве самастойныя кампаніі, што працуюць адзінай групай, маюць уласны навукова-практычны цэнтр, які штогод распрацоўвае звыш 200 новых найменняў, фірменны інтэрнэт-магазін і 600 гандлёвых кропак у Беларусі, Расіі і шэрагу краін свету.

Ва Ушачах, праўда, белітаўскай крамы няма, аднак ёсць гандлёвы аб’ект, які можна назваць неафіцыйнай кропкай кампаніі. Гэта – магазін “Гаспадынька”, размешчаны на першым паверсе будынка па вуліцы Савецкай, 37. Калі прыгледзецца да яго вітрын, можна ўбачыць, што знакі “Беліта” і “Вітэкс” маюцца на пераважнай колькасці прадстаўленага тут тавару. Пацвярджае выснову і ўладальніца кропкі Валянціна Пятніца: “Стаж майго супрацоўніцтва з беларускай кампаніяй складае ўжо 17 год – менавіта столькі прайшло з моманту адкрыцця магазіна. І за гэты час айчынная фірма ні разу мяне не падвяла. Якасная прадукцыя карыстаецца стабільным попытам, а вытворцы, з якімі ў мяне заключаны дагавор, своечасова дастаўляюць тое, што заказваю. Зараз у продажы – шырокі выбар крэмаў для твару і цела, шампуні, фарба і лак для валасоў, вадкае мыла, зубная паста, туш і алоўкі для веек, сродкі для мыцця бялізны… А паглядзіце, якая ў нас вялікая лінейка тавараў гігіены для дзяцей!”

Па словах Валянціны Васільеўны, частымі наведвальнікамі “Гаспадынькі” з’яўляюцца адпачываючыя з “Лясных азёр”. Ёсць сярод іх і замежныя кліенты, якія ў дзень заезду ў санаторый робяць буйныя заказы, а перад ад’ездам іх забіраюць, шчыра дзякуюць за якасны тавар па недарагім кошце.

Сваю прыхільнасць да айчыннай маркі выказалі і ўшацкія пакупнікі. “Шмат год карыстаюся таварамі “Беліта-Вітэкс”, бо давяраю ім больш, чым замежнай прадукцыі”, – прызналася жыхарка райцэнтра Алеся Целяпень. А маладая дзяўчына, што зазірнула ў краму, прарэкламавала нам увільгатняючы крэм і энзімную пудру для ачышчэння скуры.

  • 22 гады таму кампанія набыла стратную гаспадарку на Уздзеншчыне, а зараз сельгаскомплекс ЗАТ “Вітэкс” з’яўляецца адным з лепшых у Мінскай вобласці, спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, пчалярстве, вырошчвае лячэбныя травы, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці касметыкі, вырабляе сокі, яблычныя чыпсы. Прэзідэнт нашай краіны назваў гэтую вытворчасць “узорам таго шматпрофільнага бізнесу, які трэба мець у Беларусі”.

Не пайшлі з “Гаспадынькі” з пустымі рукамі і мы. Выбралі шампунь з новай лінейкі, парфумаваны гель для душа з пахам сандала і бергамота, бальзам для валасоў – усё ўжо апрабавалі і можам даць таварам высокую ацэнку. Што, канечне, зусім нядзіўна, бо беларускія вытворцы добра ведаюць сваю справу!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *