Недетские проблемы и сложные делемы обсудили недавно участники заседания президиума районного Совета депутатов

В общественных организациях Закон - один для всех Официально Саветы і жыццё

Шэсць гадоў мінула з часу прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Дакумент быў закліканы абараніць непаўналетніх ад насілля ў сям’і, прымусіць нядбайных бацькоў кампенсаваць выдаткі на дзяцей, якіх забралі на дзяржаўнае ўтрыманне. Таму цікавымі былі практычныя разважанні на гэты конт удзельнікаў пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое правяла нядаўна старшыня райсавета А.В.Пашковіч. У выступленнях чырвонай ніткай прайшла адна думка: далёка не ўсе прафілактычныя меры прыносяць жаданы плён.

Пачалася размова з аналізу выканання патрабаванняў Дэкрэта №18 на тэрыторыі сельсаветаў. З інфармацыяй па абмяркоўваемай тэме азнаёміла прысутных намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Г.М.Фокіна.
На сённяшні дзень па раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы прызнана 90 дзяцей з 49 сямей. Прычым, 75 з іх пастаўлена на ўлік за бягучы перыяд 2012-га. Па-ранейшаму востра стаіць пытанне алкагалізацыі насельніцтва. Не абышла бокам гэтая “хвароба” і тых, хто выхоўвае дзетак. Зараз на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 121 чалавек з ліку бацькоў непаўналетніх. Лічбы, мякка кажучы, неаптымістычныя. Аднак самае страшнае ўсё ж не гэта – дзіцячы сацыяльны прытулак у гарпасёлку зноў вымушаны прымаць у сваіх сценах маленькіх грамадзян. А іх там зараз па пастанове камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама 7.
Асноўная ўвага прысутных на прызідыуме была сканцэнтравана на аналізе канкрэтных мерапрыемстваў з боку суб’ектаў прафілактыкі ў разрэзе сельсаветаў. У прыватнасці, станоўча ацэнена работа з нядобранадзейнымі сем’ямі ў Кубліцкім, Глыбачэнскім і Ушацкім сельсаветах. У астатніх жа пакуль яшчэ ёсць сур’ёзныя недапрацоўкі. Пастаўлена задача выправіць сітуацыю ў самы бліжэйшы час.
Удзельнікі пасяджэння падзяліліся сваімі думкамі наконт “слабых месцаў” па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18. У прыватнасці, прааналізавалі выпадкі, якія, на жаль, маюць месца быць у некаторых нядобранадзейных грамадзян. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, скажам, выдае сям’і адрасную сацыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы – а гора-бацькі, доўга не чакаючы, “спускаюць” гэтыя грошы на гарэлку. Паўстае нялёгкая дылема: як пракантраляваць, што сродкі, якія дзяржава выдзяляе на дзяцей, пайшлі па прызначэнні? Нават калі патрабаваць ад грамадзян, каб тыя прадстаўлялі пэўную справаздачу аб набытых таварах, гэтыя хітруны ўсё роўна знойдуць лазейку, каб выкруціцца. Не выхад з сітуацыі, калі за кожным нядобранадзейным замацаваць “няньку” – прадстаўніка раённай улады, школы, арганізацыі, у якой працуе, – каб той разам з ім хадзіў па магазінах і сачыў за пакупкамі. Старшыня Ушацкага сельвыканкама В.І.Шнітко падзяліўся з прысутнымі сваім горкім вопытам у гэтым пытанні: пасля сумеснага паходу па магазінах гора-матуля цішком ад яго вярнула толькі што купленыя дзіцячыя боцікі назад у гандлёвую кропку, спаслаўшыся прадаўцу на тое, што абутак не падышоў, а набытыя прадукты харчавання крыху пазней прадала за палову кошту суседзям. Вось і даводзіцца з некалькіх бед выбіраць менш цяжкую…
У нашым раёне зараз больш за 60 бацькоў абавязаны кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей. Супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама сумесна з наймальнікамі праводзяць работу па замацаванні абавязаных асоб на вытворчасці, штодзённа кантралююць іх яўку на працоўныя месцы. Як адзначыў на пасяджэнні прэзідыума першы намеснік начальніка Ушацкага РАУС А.У.Андросаў, у шэрагу арганізацый работа з абавязанымі асобамі пушчана на самацёк – у прыватнасці, ігнаруюць прапановы і просьбы супрацоўнікаў міліцыі ў КУСГП “Дубраўка” і “Вялікадолецкае”, на прадпрыемстве “Патоля”. Ніхто не будуе ілюзій: з пераважнай большасці абавязаных асоб наўрад ці атрымаюцца героі працы. Але задача працоўных калектываў, кіраўнікоў заключаецца ў тым, каб абудзіць у гэтай катэгорыі грамадзян сумленне, цвёрда нагадаўшы: на выхаванне свайго дзіця ты павінен зарабляць сам.
На сённяшні дзень па раёне даволі нізкі працэнт пакрыцця доўгу нядобранадзейнымі бацькамі – усяго 24 працэнты, што амаль утрая менш за аналагічны сярэднеабласны паказчык. Для паляпшэння сітуацыі, па словах старшага судовага выканаўцы суда Ушацкага раёна А.В.Маслюк, усім суб’ектам прафілактыкі трэба больш актыўна агітаваць жанчын за ўстанаўленне бацькоўства сваіх дзяцей.
Займаюцца праблемнымі сем’ямі і школа, і сельвыканкам, і працоўныя калектывы, і раённая, і сельскія камісіі, а таму важна, каб уся гэтая работа была падпарадкавана аднаму: забеспячэнню дастойнага жыцця нашым дзецям. Такую агульную выснову зрабіла на пасяджэнні прэзідыума старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч. Прычым, прафілактычную работу трэба ажыццяўляць не кожнаму паасобку, а сістэмна і “ў звязцы”, каб не сталася такога, што ў сямі нянек дзіця без вока.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *