Санаторий «Лесные озёра» пользуется большим спросом как у белорусов, так и россиян

Общество

Работнікі санаторыя “Лясныя азёры” добра ведаюць: хоць месцы запоўнены ў любы час года, але асаблівы прыток адпачываючых – напярэдадні навагодніх святаў, бо многія хочуць не толькі падлячыцца, але і памяняць хатнюю атмасферу, аказацца ў новай абстаноўцы, знайсці сяброў. Як абстаялі справы ў студзеньскія святочныя дні ў гэтай здраўніцы, пацікавілася ў старшага маркетолага Віктара Уладзіміравіча Міхайлава.
– Свабодных месцаў у санаторыі цяпер няма, – расказаў ён. – Каля двухсот чалавек любімыя навагоднія святы правялі ў нас. Адпачываюць і папраўляюць здароўе як беларусы, так і расіяне. Гэта жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Белгарада, Тулы і іншых гарадоў.
– А ці дарагія пуцёўкі для нашых суайчыннікаў?
– Кошт не вельмі высокі. Ёсць нават па 220 тысяч рублёў за суткі. Гэта пражыванне, харчаванне і пяць працэдур. Для іншаземцаў даражэй, але прымальна, раз наведваюцца да нас.
А каб ведаць ацэнку абслугоўвання ў санаторыі, адміністрацыя час ад часу праводзіць ананімнае анкетаванне, якое зрабілі адразу пасля Новага года. Яно, праўда, паказала, што, як гаворыцца, колькі людзей, столькі думак. Бо ў адным лісце – дробныя заўвагі, у другім – захапленне і адны “пяцёркі” з падобнымі допісамі: “Адзнака “5” па 5-бальнай сістэме. Ад усёй душы ўдзячны за арганізаваны вольны час. Сем’і Мерыулавых, Патапавых. Санкт-Пецярбург”.
– Сапраўды, у вашым санаторыі ёсць перавагі нават у параўнанні з такімі здраўніцамі еўрапейскага ўзроўню, як Карлавы Вары, – расказаў адпачываючы А.І.Шчарбіна ў той дзень, калі аказаўся ва Ушачах: прыязджаў на спецыяльным аўтобусе на экскурсію. – Мне падабаецца, што тут ёсць сістэма ў медыцынскім абслугоўванні адпачываючых: падрыхтаваныя кадры, дакладны распарадак водпуску працэдур, іх якасць, а таксама падкрэсленая ўвага работнікаў да людзей. Станоўчае і тое, што створана добрая матэрыяльная база. На ўзроўні – арганізацыя харчавання. Што датычыцца правядзення навагодніх святаў, то, як чалавек цвярозага ладу жыцця, маю асобныя заўвагі. У мяне, напрыклад, свой погляд на сцэнарый. А ўвогуле не шкадуем з жонкай, што прыехалі.
– І колькі абышоўся адпачынак?
– Мы заплацілі 17 мільёнаў, але толькі таму, што вельмі позна звярнуліся ў санаторый. Давялося зняць самы дарагі катэдж на дваіх. Але варта было такое зрабіць, каб толькі пабываць тут.
Па маёй просьбе Андрэй Іванавіч падзяліўся сваімі разважаннямі наконт асаблівасцяў пражывання ў некаторых краінах, падрабязней – у Расіі. Ён шмат дзе пабываў, таму можа параўнаць. Разам з жонкай, карэннай масквічкай, выбар зрабіў за Віцебскам, сям’я пераехала ў абласны цэнтр на пастаяннае месца жыхарства. Мужчына працуе пакуль што ў Расіі. Здымаюць арэнднае жыллё і лічуць, што каштуе яно адносна нядорага. Знаходзячыся ў санаторыі, Андрэй Іванавіч даведаўся, што газіфікаваны нават бліжэйшыя прыватныя дамы вяскоўцаў. І яшчэ ў Беларусі, лічыць ён, невысокая плата за жыллё, электрычнасць. Адчуваецца абароненасць, на ўзроўні – дзейнасць праваахоўных органаў… А калі наша размова зноў жа закранула санаторый, дык мой субяседнік падвёў рысу: “Адназначна будзем раіць сваім сябрам наведацца сюды”.
А святы працягваліся. І Вольга Уладзіміраўна Логінава, якая адказвае за культмасавы сектар у санаторыі, расказала, што ў навагоднюю ноч быў банкет, гучала жывая музыка ў выкананні музыкантаў-землякоў, якія пераехалі жыць у Наваполацк, Полацк. Першага студзеня адбылося вулічнае гулянне з вогнішчам і прадстаўленнем, з удзелам казачных персанажаў. На Каляды, ідучы насустрач пажаданням адпачываючых наконт пашырэння праграм для дзяцей, з іх удзелам прайшоў ранішнік “Ало, мы шукаем таленты”. Для дарослых былі наладжаны калядная варажба і жаніцьба Цярэшкі, экскурсія ў Полацк. І не толькі пяцьдзесят удзельнікаў паездкі за час адпачынку ў “Лясных азёрах” пазнаёміліся з багатым на гісторыю краем, ацанілі яго і напэўна ж палюбілі. Яны вязуць ад нас цёплыя ўспаміны і нават вершы. Вольга Уладзіміраўна ведае іх шмат і расказвае на розных наладжваемых у санаторыі мерапрыемствах. Вось толькі адно чатырохрадкоўе:
Пусть и впредь не будет замков
И таможень вдоль узких границ
От российских живых родников
До живых белорусских криниц.
Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.



2 комментария по теме “Санаторий «Лесные озёра» пользуется большим спросом как у белорусов, так и россиян

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *