С 25 по 31 октября в районе проходит республиканская профилактическая акция «Время стать заметным!»

Профилактика и безопасность

Суботні вечар, імжа. Нават на асветленых участках дарогі бачнасць – вельмі нізкая. У такіх умовах лёгка трапіць пад колы аўтатранспарту. Але ж гэта многіх пешаходаў, веласіпедыстаў і асоб на сродках персанальнай мабільнасці не пужае. Упэўніліся ў гэтым падчас сумеснага з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі рэйду, праведзенага ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Час стаць прыкметным!”, якая праводзіцца з 25 па 31 кастрычніка.

Едзем па вуліцы Полацкай. У неспрыяльнае надвор’е пешаходаў ля праезнай часткі няшмат. Але ж нагоду, каб спыніцца, чакаць не даводзіцца: сямнаццацігадовы юнак ў цёмным адзенні крочыць па краі дарогі, нават пад фарамі застаючыся “невідзімкай”.

– Флікер зніжае рызыку наезду ажно на 65 працэнтаў, – нагадвае інспектар ДПС аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Сяргей Калбасаў. – Калі вадзіцель едзе з хуткасцю 90 км/г, то ў яго будзе 8 секунд, каб заўважыць пазначанага такім чынам чалавека і спыніцца, а пры руху 60 км/г – 24.

Хлопец паабяцаў на ўвесь асенне-зімні сезон, калі позна світае і рана вечарэе, надзейна прымацаваць флікер да курткі. На першы раз ён атрымаў вусную заўвагу, як і яшчэ два пешаходы, якіх сустрэлі без неабходных “светлавых” пазнак. Крыху больш было ў гэты вечар вынесеных папярэджанняў. Не абышлося і без накладання адміністрацыйнага спагнання – штраф у памеры 45 рублёў на вуліцы Кастрычніцкай атрымаў мужчына, які сёлета ўжо трапляў за начныя прагулкі без флікера пад увагу праваахоўнікаў.

За дзве гадзіны рэйду па райцэнтры, вёсках Градзянец і Ліпавец было выяўлена восем непазначаных пешаходаў.

Веласіпедыстаў у гэты раз не сустрэлі. Але ж і яны, падкрэслівае С.Калбасаў, нярэдка ігнаруюць патрабаванне апранаць у цёмны час сутак камізэльку павышанай бачнасці. Яна патрэбна незалежна ад таго, асветлены ўчастак дарогі, па якім едуць, ці не. Дарэчы, і для пешаходаў такі элемент (замест простага флікера, а лепш – разам з ім!) вельмі дарэчы.

У жніўні бягучага года аварыя з удзелам непазначанага веласіпедыста, які да таго ж знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, адбылася ў вёсцы Вацлавова. Вадзіцель аўтамабіля не ўбачыў яго ў цемры і збіў – з цяжкімі траўмамі пацярпелы трапіў у бальніцу.

На жаль, не ўсе жыхары раёна ставяцца да пытанняў уласнай бяспекі з належнай адказнасцю. Сёлета ў ліку парушальнікаў Правілаў дарожнага руху аказалася 416 пешаходаў (20 з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення), 95 веласіпедыстаў (4) і 2 вадзіцеля сродкаў персанальнай мабільнасці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *