Никита Савченко — наш король танцпола!

Наши дети

Нядаўна Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі гасцінна сабраў пад сваім дахам таленавітую моладзь з усёй вобласці. На гэты раз юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў правядзенні танцавальна-забаўляльных праграм у конкурсе “Пакаленне-2013”. Ад нашага раёна змагацца за званне лепшых паехала каманда Ушацкай сярэдняй школы. Дзіджэй Леанід Якіменка па-майстэрску падышоў да гукавога афармлення выступлення, адточаныя рухі сучасных эстрадных танцаў паказалі Марына Харак, Улада Коршун і Мікіта Саўчанка. Нікога не пакінуў раўнадушным чароўны голас Святланы Полазавай. На выдатна справілася з задачай кіравання працэсам выступлення вядучая Ганна Герцык.
Не лішнім будзе сказаць, што наша каманда спаборнічала не толькі са шматлікімі камандамі раённых цэнтраў, але і з камандамі Палаца творчасці дзяцей і моладзі горада Віцебска, Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, камандамі з віцебскіх гарадскіх школ. Тым не менш у такой жорсткай канкурэнцыі ў намінацыі “Лепшы індывідуальны выканаўца” перамогу атрымаў наш Мікіта Саўчанка.
Ні адна перамога не даецца проста, ёй абавязкова будзе папярэднічаць доўгі шлях штодзённай, руплівай працы. Так і ў Мікіты. Спачатку – гэта шэсць гадоў харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Н.В.Корневай, дзе Мікіта вывучаў класічны, народна-сцэнічны танец, а таксама сучасныя накірункі харэаграфіі. Школа мастацтваў за плячыма, дыплом у кішэні… але на гэтым цяга да танцаў у хлопца не закончылася. Зараз ён самастойна, карыстаючыся інтэрнэт-рэсурсамі, відэафільмамі і сваёй фантазіяй, развучвае сучасныя эстрадныя танцы.
Упершыню настаўнікі і вучні Ушацкай школы заўважылі талент юнака на конкурсе “Хвіліна славы”, які праходзіў у снежні 2011 года. Мікіта вынес на суд журы свой танец, які быў высока ацэнены, а актавая зала школы стоячы апладзіравала. Наступная перамога чакала хлопца ў лютым 2012-га на аднайменным прыгаданаму конкурсе, але ўжо на сцэне рэспубліканскага аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Што скажаш – малайчына!
На старонках раённай газеты часта прэзентуецца перамога творчых тандэмаў “настаўнік-вучань” – і гэта правільна. Аднак у нашым выпадку кошт перамогі Мікіты ўзрастае ў разы, бо дасягае такіх вышыняў ён самастойна. Дарэчы, перавагу ён аддае танцавальным стылям хіп-хоп, ціктонік і электра, а сярод любімых выканаўцаў называе Шона Пола.
Бацькі падтрымліваюць юнака ў яго захапленні, а сам Мікіта нават плануе звязаць свой далейшы лёс з танцамі. Ну што ж, хочацца толькі пажадаць нашай “маладой зорачцы” разгарацца з новай сілай, далейшых поспехаў і новых перамог!
Л.ДАВЫДАВА, намеснік дырэктара Ушацкай школы па выхаваўчай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *