Необычные новогодние утренники на свежем воздухе провели в канун праздникоа работники культуры района

Наши дети Творчество наших земляков

Мы прывыклі, што навагоднія ранішнікі — гэта вялікая ўпрыгожаная зала з ёлкай, вакол якой дзеці водзяць карагоды. А вось Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці вырашыў сёлета змяніць гэты стэрэатып і прапанаваў маленькім жыхарам раёна незвычайныя ранішнікі на адкрытым паветры. «Такі фармат дазваляе стварыць сапраўдную атмасферу зімовай казкі, ды і дзецям у час канікул карысна больш бываць на вуліцы», — тлумачыць перавагі новай формы забаўляльнага мерапрыемства дырэктар цэнтра Марына Макрыдзіна. Над тым жа, дзе абсталяваць адмысловую пляцоўку для ранішнікаў, ламаць галаву не давялося — прасторная тэрыторыя Дома рамёстваў, які сёлета справіў наваселле, ідэальна падышла для такой мэты, ну а супрацоўнікі культустановы ахвотна падтрымалі ідэю ператварыць свой падворак у казачную навагоднюю краіну. За стварэнне дэкарацый узяліся яшчэ восенню, выраблялі ўсё сваімі сіламі: дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч распрацаваў эскізы, гаспадарчая група аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама нарыхтавала на возеры трыснёг, ААТ «Ушачы» бясплатна выдзеліла абрэзкі дошак — у выніку праект атрымаўся недарагім, але кожны, хто праходзіць у гэтыя дні ля Дома рамёстваў, так і імкнецца зазірнуць за яго агароджу, каб разгледзець яркія арыгінальныя дэкарацыі. Акрамя традыцыйнай ёлачкі ёсць тут і практычна сапраўдная хатка Бабы-Ягі, і старажытны замак, і каралева надыходзячага года Каза, і шмат чаго іншага. «Як толькі даведаліся аб такой цікавай прапанове, адразу вырашылі яе прыняць», — расказвае класны кіраўнік 4 «Г» Ушацкай СШ Надзея Мікалаеўна Ціханенка. Па словах настаўніцы, дзяўчынкі і хлопчыкі з гэтага дружнага класа вельмі цікаўныя і «лёгкія на пад’ём», а таму не дзіўна, што менавіта яны сталі самымі першымі наведвальнікамі незвычайнага навагодняга прадстаўлення. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў пастаноўцы, якую падрыхтавалі работнікі культуры, гулялі, танцавалі, спявалі, спаборнічалі. Ну а каб яны не замерзлі, мерапрыемства працягнулася ў памяшканні Дома рамёстваў, дзе школьнікаў чакала пазнавальная экскурсія па пакоях установы і чаяпіцце з цукеркамі ва ўтульнай гасцінай.

— Прайшоўшы год стаў для нас адметным, бо давялося справіць доўгачаканае наваселле, — не хавае станоўчых эмоцый М.А.Багдановіч. — Ну а выгоды нашага новага месца знаходжання, як бачыце, ужо актыўна выкарыстоўваем, ды і задум наперадзе хапае!

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *