Оставили след в душе. Ушачане делятся воспоминаниями о школьных годах и любимых учителях

Общество

Каб напярэдадні Дня настаўніка прыгадаць як мага больш людзей, якія лічаць гэта свята сваім, мы звярталіся да ўшачан з пытаннем, хто з педагогаў пакінуў значны след у душы, каго і зараз з удзячнасцю прыгадваюць. І як правіла чулі ў адказ вельмі шмат імёнаў.

Алена ЛАБАНЬ, паштальён:

“Я заканчвала Ушацкую школу, меркавала стаць радыётэхнікам, бо цікавіла фізіка і матэматыка, якія выкладалі маладыя Віктар Мікалаевіч і Наталля Мікалаеўна Герцыкі. Толькі ў дзевяностыя гады бацькам затрымлівалі зарплату і ад далейшай вучобы давялося адмовіцца, аднак каб адрамантаваць камп’ютар ці замяніць разетку, мне не трэба звяртацца па дапамогу. А ўсё дзякуючы таму, што Віктар Мікалаевіч тлумачыў прадмет з практычнага боку, каб спатрэбілася ў жыцці, таксама як і Надзея Фамінічна Жынь – хімію. Памятаю нават дадатковае пытанне, якое яна задала на экзамене: “У якой прапорцыі з цукрам варыцца варэнне?” З цікавасцю слухалі Людмілу Мікалаеўну Цяцерку, якая з гумарам і жыццёвымі гісторыямі выкладала геаграфію. Дзякуючы Міхаілу Паўлавічу Сісковічу і зараз вельмі люблю гісторыю”.

Ілона НОВАКРЫШЧОНАВА, медсястра Ушацкай ЦРБ:

“Дзевяць год я вучылася ў Кубліцкай школе. Хімія захапіла мяне дзякуючы цікавым практычным заняткам, эксперыментам, якія ставілі разам з Людмілай Валер’еўнай Жытковай. На роднай мове выкладаліся ўсе прадметы і для нас гэта не было складанасцю, паколькі беларускую з любоўю і, канечне, з ухілам на Васіля Быкава падавала Таццяна Іванаўна Касцючэнка. Уважліва сачылі за ўсімі рухамі і словамі Уладзіміра Юр’евіча Краўчанкі на інфарматыцы, дзякуючы якому на “ты” з камп’ютарам. Патрабавальнымі і адначасова добрымі былі нашы матэматыкі – Ганна Канстанцінаўна Кухто і Святлана Міхайлаўна Паршонак. Ну а любімым прадметам літаральна для ўсіх заставалася фізкультура. Валерый Уладзіміравіч Корань навучыў нас ставіць палаткі, распальваць вогнішчы, мы правялі не адзін паход з начоўкай і неаднойчы ўдзельнічалі ў абласных турзлётах. Шмат мы ездзілі і на розныя экскурсіі, ініцыятарам якіх былі дырэктар Марыя Васільеўна Ярмош і завуч Наталія Анатольеўна Падгол”.

Таццяна КАНДРАЦКАЯ, сацыяльны работнік

“Нашу Касарскую сярэднюю школу прыгадваю штораз, калі сын ідзе на трэніроўкі па футболе. Уладзімір Мікалаевіч Качко стварыў нават жаночую каманду і перыядычна вазіў нас гуляць з сапернікамі ў райцэнтр, у той час на стадыён лясгаса. Мы добра бегалі на лыжах, наогул я ўдзельнічала ў спаборніцтвах па розных дысцыплінах і добрая фізічная загартоўка дапамагае і цяпер. У нашай школе было многа настаўнікаў-мужчын: дырэктар Міхаіл Пятровіч Хоміч выкладаў інфарматыку, фізіку і працоўнае навучанне ў хлопчыкаў, як і Віктар Сцяпанавіч Ільюшэвіч, Васіль Пятровіч Мычко – замежную мову. Любілі мы цікавыя ўрокі рускай літаратуры Лідзіі Гаўрылаўны Ільюшэвіч. А самай дарагой застанецца мая першая настаўніца, лагодная Валянціна Мікалаеўна Карчэўская”.

Дар’я ПАПКО, бухгалтар:

“Вельмі складана вылучаць некага асобна з Плінскай школы, паколькі ўсе былі энергічна маладымі, незалежна ад узросту. Напрыклад, Сяргей Захаравіч Яскевіч – настаўнік інфарматыкі і музыкі, ён жа ды-джэй на дыскатэках. Прыгадваю пра святы, адпачынак, бо былі яны заўсёды яркімі, а ў чацвёртым класе я выконвала нават ролю Снягуркі. Наогул мы з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсім – на рэпетыцыі ж нас адпускалі з урокаў! Па гэтай жа прычыне нікога не трэба было угаворваць дзяжурыць у сталовай. Што датычыцца ўрокаў, то любімым настаўнікам назаву Уладзіміра Ільіча Барысёнка – ён ніколі не ставіў двоек, проста гаварыў: “Вывучыце да наступнага ўрока”. А не падрыхтавацца да рускай мовы ці літаратуры – значыць аўтаматычна трапіць у кабінет да дырэктара – Кацярына Фёдараўна Касцюковіч не “адчытвала” пры ўсім класе. Нашай жа першай настаўніцы Галіне Іванаўне Стрыжонак даводзілася нават мяняць шкло на стале – яно трэскалася, калі стукала, каб супакоіць наш вялікі, 19 чалавек, клас. Да гэтай пары захоўваю вырабы з саломкі і вышыўкі, якім навучыла Ганна Аляксандраўна Бабянок”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *