З-за шчыльнага графіку, у якім няма фортак, з Людмілай Васільеўнай Трафімавай размаўляем познім вечарам. Хаця і тады адрываю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Ушацкай СШ зусім не ад хатніх спраў. У палове дзясятай яна прыдумвала “Сваю гульню”. Прычым, рыхтавалася не да ўдзелу ў інтэлектуальных гульнях, а да звычайнага ўроку ў 9 “Г”. Хаця, канечне, ён атрымаўся незвычайным, бо замест пісьмовай праверкі ведаў, што намнога прасцей для настаўніка, яна задзейнічала ўвесь клас у гульні-апытанні. У метадычках гэтага не знойдзеш, ды і ўласныя напрацоўкі не дапамогуць, бо заданне – персанальнае для ўзгаданага класа. І толькі гэтага прыкладу дастаткова, каб зразумець, што перамогі яе вучняў – невыпадковыя, як і занясенне імя настаўніцы на раённую Дошку гонару.
Персанальны падыход…
У тым, што на яе ўроках працуюць літаральна ўсе, я пераканалася і на прыкладзе 5 “Г”. Пакуль хлопчык ля дошкі шукаў сінонімы слоў, прычым, з чатырох літар, астатнія пісалі іх у сшытку і паднятай рукой дэманстравалі, што справіліся. Былыя пачаткоўцы – зусім новыя вучні, якіх яшчэ трэба зацікавіць прадметам. “Як ні дзіўна, прасцей гэта атрымліваецца менавіта мовай, а не літаратурай, рознымі незвычайнымі канструкцыямі, – тлумачыць Людміла Васільеўна. – Хаця і за кнігамі пазашкольнай праграмы таксама бягуць у бібліятэку, калі раскажу пра якую-небудзь навінку, асобу. Праграма зараз шкадуе вучняў – мастацкія творы падаюцца скарочана, таму сумесна пашыраем кругагляд. Расказваючы пра творы Дастаеўскага, напрыклад, прыгадаю паралелі з Акуніна. З часам я добра ведаю клас і рыхтую ўрок менавіта для іх. Хоць тэмы паўтараюцца і выкладаю прадмет 30 год – былыя планы не дапамогуць.
…і заняткі ў камандзе
Пры падрыхтоўцы да алімпіяд Людміла Васільеўна, як ні дзіўна, таксама аддае перавагу каманднай гульні. І выдатна, калі свае сілы спрабуюць хаця б пяцёра вучняў з паралелі. Ну а трапіць на вобласць, як у 2015 годзе Алена Лышко, куды адбіраецца ўсяго 25 школьнікаў, дзве трэці з якіх – віцябчане – ужо перамога. Вярнуцца ж адтуль з дыпломам, як сёлетняя выпускніца Насця Клачок – увогуле падзея. Хаця большасць працаёмкіх заняткаў застаецца ў цені, хоць, канечне, не прападае. Шмат рыхтавалася да вобласці, але з-за хваробы не змагла прыняць удзел у алімпіядзе адораная Паліна Давыдава. Прапускала па ўважлівых прычынах раённы ўзровень сканцэнтраваная Аляўціна Пракудзіна, якая, як і Насця Ларчанка, а раней Ксенія Крахотка, на 100 балаў здала ЦЭ. Ганна Кандзякова, Аліна Лемеш, Дар’я Іваньковіч, Вераніка Гракава, Сафія Каўрэцкая, Вікторыя Салавей, Іван Драгун, Яраслаў Карабань пісалі выдатныя эсэ для конкурсаў. І ва ўсіх выпадках настаўніца займалася не менш за вучняў. “У мяне такая практыка, што я паралельна раблю ўсе заданні, каб потым зверыць, напрыклад, агляд твору, паказаць, як больш вобразна гэта зрабіць. Таму не перадаць радасці, калі сярод дыпламантаў гучыць імя твайго вучня, – расказвае Людміла Васільеўна. – Аднак гэта заўсёды калектыўная заслуга, як і ў 2015-м, калі Ушацкая школа трапіла ў топ-100 па выніках здачы выпускнікамі ЦТ. У нас быў і ёсць выдатны калектыў. Удзячна сваёй першай настаўніцы Валянціне Дзмітрыеўне Паўлючэнка, патрабавальнай была наш класны кіраўнік Алена Барысаўна Каваленка. Калі сама пачала выкладаць мову, прасілася на ўрокі да Тэрэзы Пятроўны Крыванос і зараз раюся з Верай Васільеўнай Спірчонак і Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнка”.
Лепшы падарунак – кніга
“Чытала ўспаміны Заслонава – бацька не даваў яму ні капейкі, ён сам зарабляў, эканоміў, выбіваўся ў людзі… Фаіна Ранеўская, аказваецца, заікалася, аднак ніхто гэтага не заўважаў, бо калі выходзіла на сцэну, акуналася ў сваю стыхію і ні на што ўжо не звяртала ўвагі… Пенсіяй, якую Луначарскі выхлапатаў для старэйшай дачкі Пушкіна Марыі, яна так і не паспела скарыстацца”. Гэта ўрыўкі толькі адной з нашых выпадковых размоў з Людмілай Васільеўнай. На абсалютна розныя тэмы, аднак усе яны датычыліся кніг, якія чытае ў гэты час. Няма такога дня, каб настаўніца не разгарнула які-небудзь томік новага аўтара ці не ўзялася ўспомніць класікаў. “Пазакласнае чытанне” яна лічыць асноўным урокам. Любоўю да гэтага занятку імкнецца заразіць і сваіх вучняў, а яны і іх бацькі ведаюць, што самы лепшы падарунак для настаўніцы – па-ранейшаму кніга. Так было і ў раннім дзяцінстве, калі бацька купіў дашкольніцы прыгожыя казкі Пушкіна, так і цяпер, калі, здаецца, ўсё можна адшукаць у інтэрнэце.
Настаўнік-эрудыт
Што будзе настаўніцай – Людміла Васільеўна вырашыла яшчэ ў пачатковых класах. Ёй цікава было слухаць і дыскуціраваць з татам. Васіль Аляксеевіч Янушкевіч выкладаў гісторыю. Падоўгу размаўлялі, абменьваліся прачытаным, таму з выбарам прадмета пытанняў таксама не паўставала: канечне, гісторыя, у счэпцы з якой у Віцебскім педінстытуце тады давалі і дадатковы – рускую мову і літаратуру. Ва Ушацкай СШ спатрэбіліся абодва накірункі, паколькі маладой настаўніцы адразу прапанавалі новы прадмет “Сусветная мастацкая культура”, які яна доўгі час і выкладала як свой асноўны. Зразумела, ён патрабаваў і шмат дадатковых ведаў аб кампазітарах, скульптарах, мастаках, іх творах і эпохах, але гэта пераклікалася і з дыпломам, і з уласным жаданнем ведаць усё.
На зары працоўнай кар’еры Л.Трафімавай паступіла яшчэ адна прапанова. З лёгкай рукі завуча Клаўдзіі Іванаўны Шарыпа ў школе быў заснаваны гурток “Што? Дзе? Калі?”, з выхаванцамі якога перамагалі на многіх абласных спаборніцтвах па інтэлектуальных гульнях, заваёўвалі нават Кубак княгіні Вольгі на міжнародным турніры. Падручнікаў па падрыхтоўцы да іх таксама не знойдзеш, гэта каласальныя веды, лагічнае мысленне, штудзіраванне разам з дзецьмі абсалютна ўсіх сфер. Зараз гуртка няма, а былыя выпускнікі ўдзельнічаюць у квізах у розных клубах краіны, як перыядычна і Л.Трафімава, прычым, разам з былымі вучаніцамі Таццянай Клыпа і Вольгай Шлёнскай.
Настаўніца зазначае, што ёй пашчасціла пазнаёміцца з адоранымі дзецьмі і іх выдатнымі бацькамі – сваім класным кіраўніком яе называюць некалькі выпускных класаў і 24 сёлетнія васьмікласнікі. Яе вучням таксама пашчасціла, што іх лёс пераплёўся з Людмілай Васільеўнай Трафімавай – неабыякавым прафесіяналам і вельмі цікавым чалавекам, якая сама мела побач сапраўднага настаўніка і імкнецца быць такой жа для ўсіх сваіх вучняў.
Вольга КАРАЛЕНКА

