С новым домом, с новым счастьем! или Первый в Ушачском районе детский дом семейного типа встретил приёмную семью из пяти человек

Общество Официально

Прыгожы сучасны катэдж, які літаральна на вачах вырас у цэнтры аграгарадка Арэхаўна, у сераду зазвінеў вясёлымі галасамі – на Віцебшчыне адкрыўся яшчэ адзін, дваццаты па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу. Падзея адбылася ў Міжнародны дзень сям’і, што надало ёй асаблівую ўрачыстасць, ну а такой колькасці гасцей, сабраўшыхся ў двары дома, каб раздзяліць з яго гаспадарамі гэты прыемны момант, напэўна, пазайздросцілі б любыя навасёлы!

Галоўныя ж героі свята – Віка Мяран, Іра Мілая, Вова і Саша Гутарэнкі, а таксама іх маці-выхавальніца Надзея Ігнатаўна Трэмбач – адчувалі сябе крыху няёмка, бо ніколі яшчэ не траплялі ў эпіцэнтр такой пільнай увагі. У ранейшым жыцці гэтых падлеткаў не было тэлевізійных інтэрв’ю, дарагіх падарункаў і ўласных пакояў, абстаўленых сучаснай мэбляй – былі куды больш празаічныя і менш радасныя падзеі, успамінаць якія ў гэты святочны дзень зусім не хацелася б. Ды і не варта было, бо яны атрымалі шанс пачаць жыццё з чыстага ліста, у новым доме і новай сям’і.
А магчымасць гэтая з’явілася таму, што палітыка нашай дзяржавы, Прэзідэнта, абласнога выканаўчага камітэта і яго старшыні А.М.Косінца накіравана на тое, каб дзеці знаходзіліся на сямейным выхаванні. На працягу апошніх пяці гадоў у вобласці актыўна адкрываюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, плануецца амаль у кожным раёне ўвесці ў дзеянне мінімум па два. Аб гэтым сказаў падчас урачыстасці начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама І.А.Шчурок. Як адзначыў Іван Антонавіч, дзякуючы Дэкрэту №18 пастаўлена своеасаблівая заслона для сямей, якія не жадаюць займацца выхаваннем дзяцей. “На тэрыторыі вобласці і нават рэспублікі мы не ўбачым непаўналетніх, што бадзяюцца ці не маюць жылля. Ні для каго не сакрэт, што па сённяшні дзень яшчэ існуюць школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, у якіх дзеці знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Здаецца, усё – вучэбна-матэрыяльная база, абслугоўванне, харчаванне – арганізавана ў іх на найвышэйшым узроўні, аднак стварыць тут па-сапраўднаму дамашнюю абстаноўку практычна немагчыма, чаго не скажаш аб дамах сямейнага тыпу. Таму за імі будучыня”.

Цёплыя словы, віншаванні і падарункі – абавязковыя атрыбуты любога наваселля. Вельмі ўзрадаваў дзяцей новенькі камп’ютар, які яны атрымалі ад упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. Падарунак уручыла дырэктар фонду Ганна Пятроўна Шчурок, якая выказала спадзяванне, што ён дапаможа дзецям у вучобе. Старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч таксама паднесла навасёлам падарунак у рамках дэмаграфічнага праекту “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, што чацвёрты год рэалізуецца на тэрыторыі раёна. Падтрымку ва ўсіх справах гарантавалі старшыня Сарочынскага сельсавета Л.Я.Птушка, якая, дарэчы, сама з’яўляецца прыёмнай маці, і дырэктар КУСГП “Арэхаўна” Г.П.Грабоўскі. А дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар ПУП “Сарочына” В.П.Сяргееў нават паабяцаў “зарэзерваваць” для дзяўчат і хлопцаў рабочыя месцы на сваім прадпрыемстве: “Дапаможам вам атрымаць адукацыю і будзем чакаць на комплексе ў якасці маладых спецыялістаў, упэўнены – вы аб гэтым не пашкадуеце!”

І вось настаў кульмінацыйны момант: дырэктар прыватнага будаўнічага прадпрыемства “Ніксілбуд”, якое ажыццяўляла будаўніцтва дома, М.М.Бабаедаў уручыў яго гаспадыні сімвалічны ключ, І.А.Шчурок і старшыня Ушацкага райвыканкама А.А.Кавалёнак перарэзалі чырвоную стужку на ўваходзе, а благачынны Ушацкага раёна айцец Вячаслаў асвяціў дом.
Некалькі хвілін – і шматлікія яго пакоі напоўніліся жыццём. Дзеці з задавальненнем правялі для ўсіх жадаючых экскурсію па катэджы, устанавілі ў спецыяльным пакоі падораны камп’ютар і нават паспрабавалі самастойна яго падключыць. Уразіў невялічкі эпізод: па законах этыкету падчас падобных мерапрыемстваў не прапаноўваюць здымаць абутак, а вось адзін з хлопчыкаў, увайшоўшы ў дом, рашуча зняў чаравікі – па ўсім відаць, добры гаспадар расце, будзе шанаваць утульнасць, падтрымліваць чысціню і парадак!
За вялікім сталом гаспадары і госці абмеркавалі свае справы, падзяліліся думкамі і планамі. Намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская расказала, што ў бліжэйшы час у сям’і з’явіцца яшчэ адно прыёмнае дзіця. Надзея Ігнатаўна на правах гаспадыні частавала ўсіх гарбатай і салодкімі прысмакамі. На плечы гэтай цудоўнай жанчыны лягла няпростая ноша, аднак няма сумненняў, што яна зробіць усё магчымае, каб з ёй справіцца. Бо, як слушна заўважыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Р.Карабань, Надзея Ігнатаўна хоць і не мае педагагічнага стажу ў прамым сэнсе гэтага паняцця, але яна сапраўдны спецыяліст, педагог-практык, які ўсё жыццё прысвяціў выхаванню дзяцей. Спачатку выхавала траіх сваіх (на жаль, смерць адабрала аднаго з іх). Пазней з’явілася яшчэ трое прыёмных – усім ім Н.І.Трэмбач дала пуцёўку ў дарослае жыццё: зараз адна з дачок завочна заканчвае Наваполацкі ўніверсітэт, другая – выйшла замуж і выхоўвае дзіця, дастойна ўладкаваўся сын. Вось ужо сем гадоў жыве разам з Надзеяй Ігнатаўнай яшчэ адна прыёмная дачушка Віка. Старэйшыя пакінулі дом – удваіх ім стала сумна, таму мінулай восенню ўзялі да сябе Іру. А калі ў лютым з-за пэўных жыццёвых абставін без бацькоўскага клопату засталіся Вова і Саша, абавязкі па іх выхаванні таксама ўзяла на сябе Надзея Ігнатаўна. У такім пашыраным складзе сям’і стала цесна ў невялікім доме ў Глыбачцы, а таму прапанову перасяліцца ў новы катэдж у аграгарадку Арэхаўна яна прыняла з задавальненнем.
Такім чынам, першы крок зроблены – вялікая новая сям’я засялілася ў свой дом. Будзе няпроста наладзіць у гаспадарцы дасканалы быт. “Пачнём з апрацоўкі прысядзібнага ўчастка, – дзеліцца планамі гаспадыня. – Трэба паспець зрабіць градкі, пасадзіць агародніну. Працы многа, аднак з такімі памочнікамі мне нічога не страшна! Дарэчы, Вова і Саша выконваюць амаль любую мужчынскую работу. У нас цяпер і хлеўчык ёсць – так што ў перспектыве, магчыма, “паселім” там трусоў. “А вось мне да спадобы, што тут вельмі прасторна”, – далучаецца да размовы Віка. “І школа блізка!” – дадае Іра. “А яшчэ выдатна, што зусім побач – царква. Мае хлопчыкі пакуль нехрышчоныя, таму збіраемся ў хуткім часе правесці з імі гэты абрад. Без Божай дапамогі ў нашай справе нельга,” – упэўнена Надзея Ігнатаўна, і з ёй цяжка не пагадзіцца. Нельга, вядома, і без дапамогі людской. У тым жа, што без яе яны дакладна не застануцца – сумненняў няма. Вось і саджанцы першых кустоў і дрэў (падарунак ад уладальніка фермерскай гаспадаркі “Звонь” Ю.Нічыпара) хлопцам і дзяўчатам дапамаглі пасадзіць на ўчастку іх новыя аднакласнікі – вучні Арэхаўскай школы.
Н.БАГДАНОВІЧ, К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *