Знания — самое полезное достижение

Наши дети Образование и молодежь

У той час як абітурыенты нервова падлічваюць балы і мяркуюць, пройдуць на бюджэт або не, трое ўшачан адрэналіну ад уступнай кампаніі так і не атрымалі. Павел Жыткі, Эльдар Гамісонія і Аляксей Мягель проста выбіралі, якую ВНУ ашчаслівіць: пераможцам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды дастаткова было толькі падаць дакументы па спецыяльнасці, профільнай па сваім прадмеце. Залічаюцца яны без іспытаў і па-за конкурсу. І канечне, толькі павышаюць прэстыжнасць навучальных устаноў. Што ж абралі нашы зорныя ўшачане? Эльдар — факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аляксей — юрыдычны факультэт гэтай жа альма-матар, а Павел залічаны на юрфак Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Калі разглядвала фотаздымкі іх сёлетніх, у мяне міжволі паўставалі перад вачыма яны малыя. Павел і Аляксей — у складзе раённай каманды на рэспубліканскай алімпіядзе па развіваючым навучанні «Сузор’е талентаў». Фотаздымкі ўсіх трох віселі на Дошцы гонару Ушацкай СШ, паколькі да сёмага класа яны былі выдатнікамі. Без праблем паступілі ў Лужаснянскі ліцэй, а Аляксей — у Сувораўскае вучылішча. Якім жа было здзіўленне Пашы і Лёшы, калі сёлета яны сустрэліся ў Гомелі на заключным этапе алімпіяды па грамадазнаўстве, аднак канкурэнцыі адзін аднаму не склалі — абодва атрымалі дыпломы ІІ ступені. Эльдар вярнуўся з Лужасна з адпаведным дыпломам па інфарматыцы, а фотаздымак зоркавага ўшацкага дуэту быў змешчаны ў «Настаўніцкай газеце».
І хоць лічацца юнакі выпускнікамі іншых навучальных устаноў — яны ўсё роўна нашы, і я ніколькі не сумняваюся, што пры тых жа ўпартых занятках атрымалі б такі ж высокі вынік на рэспубліцы, як і іх равесніца Віка Качко. Зазначу і яшчэ адну акалічнасць — алімпіядны профіль юнакі абіралі згодна з намечанай будучай прафесіяй, аднак паспяхова займаліся абсалютна па ўсіх прадметах. І па фізічнай падрыхтоўцы Лёша з Пашай дадуць фору любому — абодва ж насілі форму кадэта і прывучаны да спорту і нават страявой. Эльдар жа яшчэ да Лужасна ведаў, што будзе праграмістам. У ліцэі бацькам параілі не турбавацца за выбар сына, ён значна наперадзе быў за многіх аднакласнікаў. Мэтанакіраваны, нешматслоўны, прагматычны юнак не толькі з паступленнем даўно вызначыўся, але і зараз заглядвае на некалькі крокаў наперад, многа чытае, у тым ліку і кніг па псіхалогіі, якая спатрэбіцца ў будучым пры зносінах з людзьмі. Адметная рыса Эльдара — самастойнасць у дасягненні ведаў, спасцігаць усё ён любіць без удзелу рэпетытараў ці педагогаў.
«Аляксей быў бы зоркай Мосарскай школы,» — так казалі настаўнікі навучальнай установы, дзе распачынаў свой шлях кемлівы хлопец. Ды і напэўна любой іншай, бо талент, закладзены ва ўсіх нашых юнаках, проста трэба было накіраваць у патрэбнае рэчышча. А можа каго і прымусіць больш займацца, чым забаўляцца.
Павел, дарэчы, і зараз абраў не самы просты шлях — каб паступіць у галоўную навучальную ўстанову паўночнай сталіцы Расіі, мала было проста накіраваць дакументы — пісаў эсэ на абраную тэму і ліст абгрунтавання, чаму вырашыў стаць юрыстам.
Менавіта таму і напісалі пра гэтых дзяцей, што, незалежна ад установы, якую скончылі, яны нашы, ушацкія. Гэта імі так ганарацца зараз бацькі, гэта нашы настаўнікі іх развівалі, накіроўвалі і будуць далей цікавіцца іх лёсам.
Ну а тэму паступлення мы працягнем, паколькі вельмі хутка з’явяцца спісы першакурснікаў. А сярод навучэнцаў самых прэстыжных ВНУ краіны будуць і ўшацкія выпускнікі.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *