Ушачанин Андрей Тараканов будет по контракту служить в полку радиоэлектронной борьбы и советует своим землякам не бояться армии

Образование и молодежь

Андрэй Тараканаў не гарэў асаблівым жаданнем ісці ў армію. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы працаваў у родных “Глыбачанах”, прычым у тым ліку і дырэктарам гаспадаркі. Аднак паколькі меў першую групу здароўя, падстаў да адтэрміноўкі ці тым больш залічэння ў запас не было. І год таму трапіў у войскі радыё­электроннай барацьбы. Зараз жа, хоць толькі што прыйшоў дадому, марыць вярнуцца ў родную часць.

“Мяне там чакаюць, – Андрэй расказвае пра войска і вочы загараюцца. – Служыць было цікава, па-першае, вельмі сур’ёзнае абсталяванне, мы бачылі рух апаратаў далёка за межамі Беларусі. Некалькі разоў былі на палявых вучэннях, якія ў нас праходзяць з камандай умоўнага праціўніка. Наогул наш полк займае першае месца сярод усіх падобных часцей Беларусі. Сябрам з экіпажу нашай машыны наогул тэлефаную штодня. Дома, канечне, цудоўна, аднак хачу хутчэй прыступіць да службы, там ужо таксама як дома – усё і ўсе добра вядомы, а галоўнае, цікава і ведаеш, за што адказваеш. Хоць зусім не думаў раней, што звяжу свой лёс з арміяй”.

Ён трапіў у 228 асобны полк радыёэлектроннай барацьбы, што дыслацыруецца побач, у Полацку, вадзіцелем-электрыкам. Паколькі меў інжынерную адукацыю – з тэхнікай на ты, ды і рукі залатыя, мабыць як і ва ўсіх прадстаўнікоў роду Тараканавых, а вайсковую спецыяльнасць электрыка атрымаў у часці. Адказнасць юнака была адразу заўважана камандаваннем. Не толькі сваю машыну, але і іншую тэхніку давяралі рыхтаваць да аглядаў менавіта яму, за што неаднойчы заахвочваўся водпускамі дадому. Ды і маці Наталля Іванаўна атрымала некалькі лістоў падзякі за добрае выхаванне сына. Сама яна нярэдка наведвала яго па выхадных, бо спачатку вельмі хвалявалася. “Старэйшы Уладзімір служыў у пагранічных войсках у Брэсце, туды не наездзішся, а тут побач. Часта гутарыла з камандаваннем, яны наогул трымаюць цесную сувязь з роднымі, так што нерваваць хутка перастала. Андрэй стаў больш самастойным, а галоўнае, вызначыўся са сваім далейшым лёсам. Што мяне таксама ўразіла, прыехаў аднойчы дадому, абняў і падзякаваў, за тое, што расціла, клапацілася, дала адукацыю”.

У полк Андрэй вернецца камандзірам аддзялення. Будзе абучаць такіх жа як і сам год таму маладых байцоў. Ім, як і ўсім сваім землякам ён можа ўпэўнена сказаць, што зусім не варта баяцца арміі, наадварот, гэта новыя зносіны і шанс пераасэнсаваць жыццёвыя каштоўнасці.

Менавіта армія дапамагла знайсці сябе дзясяткам ушацкіх юнакоў, якія зараз служаць па кантракце. А ў альбоме начальніка адасобленай групы па Ушацкім раёне Лепельскага і Ушацкага ваенкамата Л.П.Шахноўскага складваюцца ўсе выразкі пра яго хлопцаў – тых, каго накіроўваў у армію і хто застаўся працягваць службу. Асабліва ж ганарыцца тымі, хто абраў яго 228 асобны полк – дзе колькі гадоў служыў сам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *