Лучшая молодёжь раёна

Образование и молодежь

Галоўнай мэтай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў розных сферах жыццядзейнасці. Сёння без перабольшання можна сцвярджаць, што ў краіне такія ўмовы створаны. Моладзь мае неабходныя сацыяльна-эканамічныя гарантыі ў галіне адукацыі, працаўладкаванні, шырокія магчымасці для развіцця творчага патэнцыялу.

Як рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка ў нашым раёне? На гэтае і іншыя пытанні журналісту газеты адказвае начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.ГАРДЗІЁНАК.

– У нашым раёне дзяржаўная маладзёжная палітыка ажыццяўляецца ў адпаведнасці з раённай праграмай “Моладзь Ушаччыны” на 2006-2010 гады. Асноўная яе мэта – развіццё патэнцыялу маладых грамадзян для іх самарэалізацыі праз стварэнне аптымальных сацыяльна-эканамічных, прававых і арганізацыйных умоў.

– Надзея Іванаўна, па якіх асноўных накірунках рэалізуецца названая праграма?

– Гэта павышэнне прэстыжу і магчымасці атрымання адукацыі, што прадугледжвае пашырэнне спектра аказваемых адукацыйных паслуг для моладзі. Названы накірунак, я лічу, у нашым раёне рэалізуецца спаўна.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў – патрыятычнае выхаванне моладзі. І гэтая работа ў раёне носіць сістэмны і мэтанакіраваны характар. Асабліва актывізавалася яна ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 65-годдзем Вялікай Перамогі.

Вялікая ўвага надаецца развіццю клубнай і гуртковай работы з дзецьмі і падлеткамі ва ўстановах адукацыі і культуры. У школах раёна арганізавана работа 193 гурткоў і клубаў па інтарэсах, спартыўных секцый, якія наведваюць 95 працэнтаў школьнікаў. Пры цэнтры пазашкольнай работы працуе 73 аб’яднанні па інтарэсах, дзе займаецца 768 вучняў. Працуюць клубныя фарміраванні розных накірункаў пры сельскіх клубах і бібліятэках.

Важнае месца ў рабоце займае прафарыентацыя вучнёўскай моладзі. Штогод праводзяцца раённы злёт выпускнікоў, сумесныя сходы вучняў і бацькоў з удзелам прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў, арганізуюцца наведванні абласнога цэнтра прафарыентацыі моладзі, экскурсіі на прадпрыемствы.

Маштабным накірункам з’яўляецца работа з маладымі сем’ямі. У 2009 годзе іх у раёне пражывала 624. Паступова вырашаецца асноўная праблема – забеспячэнне маладых сем’яў жыллём пры дапамозе льготнага крэдыту і выдзялення дамоў сядзібнага тыпу ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Значная ўвага ў рабоце з моладдзю надаецца прапагандзе здаровага ладу жыцця, далучэнню да заняткаў фізічнай культурай і спортам, падтрымцы таленавітай моладзі, развіццю яе творчага патэнцыялу.

– Якія з’явы ў маладзёжным асяроддзі выклікаюць найбольшую занепакоенасць?

– Сапраўдным ярмом на шыі грамадства з’яўляюцца нядобранадзейныя сем’і, якіх у раёне (з ліку маладых, да 31 года) 21. Нават у такім маладым узросце маці і таты ўжо страцілі сэнс жыцця, абыякава ставяцца да выхавання дзяцей, злоўжываюць спіртным. За імі ўстаноўлены пастаянны кантроль, вядзецца вялікая прафілактычная работа. Шэсць маладых бацькоў за 2009 год пазбаўлены сваіх правоў у адносінах 9 непаўналетніх дзяцей.

Непакоіць мяне і алкагалізацыя моладзі, асабліва распаўсюджаны піўны сіндром. І калі сярод вучняў школ падобныя выпадкі адзінкавыя, дзякуючы кантролю бацькоў і настаўнікаў, то ў асяроддзі рабочай моладзі такая негатыўная з’ява мае месца. Я лічу, што трэба ўзмацніць кантроль з боку працоўных калектываў за маладымі людзьмі, схільнымі да злоўжывання спіртнога, і бацькам, чые дарослыя дзеці захапляюцца не толькі півам.

– Надзея Іванаўна, у цэлым моладзь нашага раёна – гэта творчыя і здольныя юнакі і дзяўчаты. Назавіце імёны тых, кім па праву ганарыцца Ушаччына.

– Гэта ў першую чаргу вучні школ раёна, якія выдатна заявілі аб сабе на прадметных алімпіядах і прынеслі добрую славу нашаму раёну. Мы ганарымся Яўгенам Аніскевічам, Анастасіяй Асіповіч, Вікторыяй Волах, Марыяй Машчонак, Анжэлікай Рыбчынскай, Святаславам Івановым, Аленай Зімніцкай, Уладзіславам Галынскім.

Дзякуючы высокім спартыўным дасягненням Аляксандра Лабаня, Марыны Антопуш, Яўгена Каваленкі, Дзмітрыя Гардзіёнка, Вольгі Падворнай наш раён ведаюць не толькі ў вобласці і рэспубліцы, а і ў свеце.

Асаблівы гонар нашага сельскагаспадарчага раёна – маладыя хлебаробы Сяргей Андрэйчык, Аляксей Краўчанка, Дзмітрый Сісковіч, Андрэй Лапо, Анатоль Грачоў.

Прыемна ўспомніць і пра высокія дасягненні ў музыцы нашых таленаві- тых зямлячак Наталлі Шах і Людмілы Дабравольскай. А вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва маладых і таленавітых майстроў Ганны Бабянок, Тамары Аваднёвай заўсёды прыцягваюць увагу гледачоў на выставе любога ўзроўню.

Спадзяюся, што літаральна праз год гэты пералік папоўніцца новымі імёнамі, бо мясцовая ўлада робіць усё магчымае, каб раскрыць таленты, развіць здольнасці, стварыць умовы для творчай і плённай працы маладых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *