25 июля сотрудники и ветераны Ушачского районного отдела по чрезвычайным ситуациям отметят профессиональный праздник — День пожарной службы.

Cлужба-101 К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

У пятніцу, 25 ліпеня, выратавальнікі ўсёй краіны адзначаць прафесійнае свята. Віншаванні з гэтай нагоды будуць прымаць і супрацоўнікі Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

– На нас ускладзены задачы па аказанні дапамогі насельніцтву не толькі ў надзвычайных, але і бытавых сітуацыях, скажам, адкрыццё дзвярэй, аказанне дапамогі пацярпелым у дарожна-транспартных здарэннях, спілаванне аварыйнага дрэва, ліквідацыя гнёздаў небяспечных насякомых і многае іншае, – падзяліўся з намі асаблівасцямі працоўных будняў выратавальнікаў начальнік РАНС Андрэй Іванавіч Станько. – Такая работа патрабуе ад нас вынослівасці, кемлівасці, хуткай рэакцыі, адсутнасці страху перад полымем і іншымі стыхіямі.

Справа гэтых людзей сапраўды заслугоўвае павагі. За шэсць месяцаў бягучага года супрацоўнікамі аддзела выратаваны адзін чалавек, 8 галоў жывёлы, 26 пабудоў і іншых матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 976 мільёнаў рублёў. Вялікая работа праводзіцца па прафілактыцы пажараў. І хаця сёлета колькасць такіх здарэнняў у параўнанні з мінулым годам павялічылася, ахвяр на іх стала ўдвая менш. За паўгода не было пажараў на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета, толькі адзін – у Глыбачанскім.

На ўзбраенні выратавальнікаў-пажарных знаходзіцца сучасная тэхніка. Іх будні праходзяць, як і ў любым вайсковым падраздзяленні, згодна з раскладам унутранай службы. Акрамя баявых выездаў на пажары і ліквідацыю надзвычайных сітуацый выратавальнікі дзяжурнай змены займаюцца фізічнай, пажарна-аварыйнай выратавальнай падрыхтоўкай, адпрацоўваюць тэхніку на выпадак выканання тактычных задач, праводзяць заняткі па медыцынскай і псіхалагічнай падрыхтоўцы.

Пасля паступлення на цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паведамлення аб пажары дыспетчар адразу ж падае сігнал нараду пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Уключаецца сірэна, расчыняюцца вароты боксаў – і пажарная тэхніка праз хвіліну ўжо знаходзіцца ў дарозе. Пры неабходнасці паведамленне аб надзвычайнай сітуацыі перадаецца на пажарныя пасты, размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

– Прынцыповасць, прафесіяналізм, граматнасць – стыль работы нашых супрацоўнікаў, – з гонарам адзначае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Міхайлавіч Уліновіч. – Штогод за сваю нялёгкую працу ўшацкія выратавальнікі ўдастойваюцца заслужаных узнагарод. Сёлета Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №331 медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік РАНС Андрэй Іванавіч Станько. Да прысваення чарговых спецыяльных званняў, звыш вызначаных па пасадзе, прадстаўлены намеснік начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Дзмітрый Канстанцінавіч Лёля – падпалкоўнік унутранай службы і камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Андрэй Мікалаевіч Малахаў – старшы прапаршчык унутранай службы. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь адзначаны дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Аляксей Сцяпанавіч Мартынюк, граматай УМНС – вадзіцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Алег Міхайлавіч Сурынаў. Нагрудным знакам “Выдатнік” узнагароджаны камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Аляксандр Васільевіч Жукаў. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена камандзіру аддзялення ПАВЧ №1 Сяргею Іванавічу Лісоўскаму. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымаў старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сяргей Паўлавіч Пацэйка.

Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў хочацца пажадаць, каб нішто не азмрочвала будні і святы ўшачан, а супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях – моцнага здароўя і, па традыцыі, сухіх рукавоў!

Ва Ушацкім РАНС працуе амаль пяцьдзесят чалавек. У склад аддзела ўваходзяць пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 гарпасёлка і тры пасты на тэрыторыі раёна. Кожны дзень на дзяжурства заступаюць пажарныя-выратавальнікі, якія гатовы аператыўна рэагаваць на любую надзвычайную сітуацыю. Аднак яны не чараўнікі, і ў адно імгненне не могуць з’явіцца там, дзе патрэбна іх дапамога. Не дабаўляйце ім работы, памятайце аб правілах бяспекі і беражыце сваё жыццё!

“ДА ПАЖАРАЎ НЕЛЬГА ПРЫВЫКНУЦЬ”

– Да пажараў нельга прывыкнуць. Яны не падобныя адзін на адзін. Крыўдна, калі ўжо нічым не можаш дапамагчы. І балюча на сэрцы тады, калі ахвярамі агню становяцца людзі, – кажа камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п. Ушачы, прапаршчык унутранай службы А.В.Жукаў. – Але, дзякуй Богу, у апошні час такіх пажараў у нас стала менш…

Аб тым, што некалі стане выратавальнікам, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, калі вучыўся ў Арэхаўскай васьмігодцы, а потым – ва Ушацкай сярэдняй школе, Аляксандр Васільевіч не думаў. Скончыў Гарадоцкі каледж, адслужыў у арміі – і вярнуўся на малую Радзіму, дзе ўладкаваўся на працу ў кацельню саўгаскамбіната “Арэхаўна”. А ў 1994 годзе выпадкова даведаўся, што ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях ёсць вакансія старшага пажарнага. Мужчына доўга не вагаўся – прайшоў неабходную медыцынскую камісію і стаў выратавальнікам.

– За дваццаць гадоў прафесійнай дзейнасці ў аддзеле даводзілася бачыць рознае, – гаворыць Аляксандр Васільевіч. – Памятаю, як тры гады таму ратавалі мужчыну ў вёсцы Цётча Глыбачанскага сельсавета, якога пры ачыстцы калодзежа засыпала зямлёй на глыбіні 10 метраў. Выкопваць яго рыдлёўкай не было магчымасці: размяклая ад вады глеба “вярталася” на ранейшае месца – трэба было вельмі хутка адграбаць яе рукамі. На паверхні доўгі час заставалася толькі галава мужчыны, і той, разумеючы цяжар справы, нават пачаў развітвацца з намі. Каб падтрымаць арганізм пацярпелага, заціснутага зямлёй, мы рабілі яму спецыяльныя ўколы, перададзеныя медработнікамі. Уся гэтая аперацыя доўжылася амаль пяць гадзін. На шчасце, чалавека ўдалося выратаваць. Бываюць, праўда, і зусім не аптымістычныя сітуацыі. Так, напрыклад, падчас нядаўняга пажару ў райцэнтры, хаця мы і прыбылі на месца здарэння ў рэкордна кароткі тэрмін, выратаваць маладога чалавека не паспелі. Паступіла б паведамленне хаця б на хвіліну раней…

Ліквідуючы наступствы пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, А.В.Жукаву даводзіцца рызыкаваць уласным здароўем і нават жыццём. Да таго ж яшчэ як камандзін аддзялення ён адказвае за дзеянні трох падначаленых. Нягледзячы на ўсё гэта, сваю прафесію Аляксандр Васільевіч не лічыць экстрэмальнай. Пра тое, “як закаляецца сталь”, ён зведаў яшчэ падчас службы ў Паўднёвай Асеціі, дзе бачыў беспарадкі, бамбёжкі, гібель таварышаў, прымаў удзел у аперацыях па выратаванні мірных жыхароў.

Здаецца, пачуццё страху не вядома гэтаму валявому мужчыну. Калі падчас знішчэння гнязда шэршняў за вечар яго тройчы ўкусілі гэтыя небяспечныя насякомыя (для дарослага чалавека смяротнымі могуць стаць і два ўкусы), ён не стаў звяртацца па дапамогу ў медыцынскую ўстанову. Ні хвіліны не вагаўся і калі прымаў рашэнне здымаць звонку аконнае шкло на пятым паверсе ў адным з дамоў па вуліцы Віцебскай, каб трапіць у зачыненую кватэру, у якой знаходзілася маленькае дзіця, а на газавай пліце гатавалася ежа…

– Здараецца, канечне, што я хвалююся: калі гэта датычыцца маёй сям’і, – сцвярджае Аляксандр Васільевіч. – Усё астатняе – звычайныя працоўныя будні. Ды і ў сваіх таварышах я ўпэўнены на сто працэнтаў. Наш калектыў вельмі дружны і згуртаваны. Любую задачу мы выконваем разам і ўжо навучыліся разумець адзін аднаго без слоў. У экстраных сітуацыях гэта асабліва важна.

А.В.Жукаў трымае сябе ў добрай фізічнай форме, прымае ўдзел у спаборніцтвах па пажарна-прыкладным спорце, лыжных гонках, шахматах. У калектыве Аляксандр Васільевіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Ну а за сваю бездакорную службу ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях сёлета ён узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік”.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *