В последнее воскресенье октября профессиональный праздник отмечают автомобилисты и дорожники

К профессиональному празднику

У нашым раёне абслугоўваннем дарог займаюцца прадстаўнікі дзвюх спецыялізаваных дарожных арганізацый. Работнікі Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-37 падтрымліваюць буйнейшыя дарогі рэспубліканскага значэння, так званыя «паказальныя» трасы. А вось стан пад’езду да аддаленых вёсак па шматлікіх прасёлкавых дарогах залежыць ад дзейнасці працаўнікоў філіяла Ушацкае ДРБУ №105 КУП «Віцебскаблдарбуд».

Арганізацыя займаецца ўтрыманнем, бягучым і капітальным рамонтам аўтамабільных дарог мясцовага прызначэння. На яе абслугоўванні знаходзіцца 607,338 кіламетра дарог, у тым ліку 165,058 кіламетра асфальтабетонных, 311,820 з гравійным пакрыццём, 98,160 грунтова-палепшаных, 22,9 грунтова-прафіляваных, 9,4 кіламетра дарог чорнага гравію. Прадметам клопату прадпрыемства з’яўляюцца таксама 36 мастоў агульнай працягласцю 624,42 пагонныя метры і звыш 9293 пагонных метраў водапрапускных труб.

На балансе арганізацыі — асфальтабетонны завод, размешчаны ля вёскі Лутава. Яго магутнасці дазваляюць выпускаць да 40 тон асфальтабетону ў гадзіну. Прадукцыя ідзе на бягучы рамонт аўтадарог раёна, вуліц населеных пунктаў, набываецца іншымі арганізацыямі. Таксама ДРБУ-105 ажыццяўляе здабычу пясчана-гравійнай сумесі ў кар’еры «Звонь.

У дарожнікаў няма пастаяннага графіку работы, і яны далёка не заўсёды працуюць «як усе» — з васьмі да пяці. Надвор’е часта падкідвае «сюрпрызы», таму на барацьбу за чысціню дарог прыходзіцца выходзіць і ў выхадныя, і глыбокай ноччу. Акрамя таго рабочыя ДРБУ №105 працуюць на будаўнічых аб’ектах гарпасёлка, добраўпарадкоўваюць вуліцы і дарогі райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, тэрыторыі гаспадарчых аб’ектаў, шукаюць работу і за межамі раёна. Толькі ў нядаўнім часе працавалі ў Полацку, Наваполацку, Гарадку.

Дырэктар прадпрыемства Анатоль Іванавіч Коцур не ўтойвае таго, што зараз дарожнікі перажываюць не лепшыя часы. За тры кварталы 2014 года аб’ём выкананых работ склаў 8629,1 мільёна рублёў, што менш чым у адпаведным перыядзе мінулага года на 21,5 працэнта. На 2692,5 мільёна рублёў выкананы работы па ўтрыманні мясцовых дарог агульнага карыстання — ліміт выдзеленых грашовых сродкаў асвоены поўнасцю. Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года на 5936,6 мільёна рублёў пацягнулі работы па дагаворах — на 1656,7 мільёна менш, чым у мінулым годзе, а менавіта яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай прыбытку. Гэты факт разам з адсутнасцю работ на 477,4 мільёна рублёў па бягучым рамонце мясцовых аўтадарог абумовілі зніжэнне паказчыкаў. Праблемай з’яўляецца і тое, што практычна ўся працуючая на аб’ектах тэхніка з’амартызавана, бо з-за недахопу сродкаў апошнія яе паступленні датуюцца 2010 годам, калі былі атрыманы аўтамабіль МАЗ-5551 з раскідвальнікам пяску і два дарожныя каткі. Усяго на балансе арганізацыі налічваецца 9 самазвалаў МАЗ, з іх 7 — са стопрацэнтным зносам. Але ж задачы па ўтрыманні дарожнага палатна ў нармальным стане ніхто не адмяняў, таму значныя сродкі даводзіцца траціць на рамонт і запчасткі, а для выканання асобных відаў работ прыцягваецца тэхніка іншых прадпрыемстваў, што таксама выклікае дадатковыя затраты.

Зразумела, што ад выкананых аб’ёмаў залежыць і заработная плата. Яна за 9 месяцаў бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 11,2 працэнта і склала 3551 тысячу рублёў.

На 1 кастрычніка 2014 года спісачная колькасць работнікаў арганізацыі складала 80 чалавек, з якіх 60 — рабочыя. Тут добра памятаюць часы, калі для таго, каб уладкавацца да іх на работу, людзі гадамі чакалі чаргі. Зараз такога няма, але калектыў трымаецца на працаўніках, якія аддалі прадпрыемству шмат гадоў жыцця, прычым гэта як рабочыя, так і прадстаўнікі адміністрацыі. Яны захавалі вернасць сваёй арганізацыі і з’яўляюцца прыкладам для моладзі. Ветэранамі прадпрыемства лічацца работнікі, стаж працы якіх налічвае дваццаць і больш гадоў. Усе 38 год працоўнай дзейнасці экскаватаршчыка Аляксандра Уладзіміравіча Клямяценкі звязаны з ДРБУ №105, амаль 40 гадоў, спачатку вадзіцелем, а зараз вартаўніком — працуе ў дарожнай галіне Віктар Аляксандравіч Глінскі, ужо 32 гады верай і праўдай служыць прадпрыемству трактарыст Васіль Іванавіч Карабань. Знешне зусім непадобныя на «ветэранаў» дыспетчар Алена Мікалаеўна Собаль, бухгалтар Таццяна Іванаўна Зімарава і вядучы бухгалтар Наталля Мікалаеўна Кашыцкая, якая ўдастоена гэтага ганаровага звання напярэдадні прафесійнага свята. Узнагароду жанчына атрымала з рук намесніка дырэктара КУП «Віцебскаблдарбуд», які таксама ўручыў Ганаровую грамату галаўнога прадпрыемства вадзіцелю пагрузчыка Аляксандру Пятровічу Васілеўскаму, падзяка аб’яўлена дарожнаму рабочаму Мікалаю Аркадзьевічу Марковічу. Многія працаўнікі будуць адзначаны каштоўнымі падарункамі і на сваім, мясцовым узроўні. Гэта вадзіцелі Аляксандр Леанідавіч і Аляксандр Іванавіч Жукаў, інжынер па якасці Аляксандра Фёдараўна Коцур, дарожныя рабочыя Віталь Анатольевіч Бакан і Мікалай Паўлавіч Вацьковіч, трактарыст Васіль Іванавіч Карабань, машыніст аўтагрэйдара Рыгор Рыгоравіч Целяпень.

Прыемным падарункам аўтамабілістам і дарожнікам перад святам стала надвор’е — падарыла прыгожы пагодлівы дзянёк, нібы ведала, што будзе праводзіцца мерапрыемства. Затое ў іншыя святочныя дні іх чакае не адзін выезд на дарогі: і ўначы, і звышурочна. Няма ў нас чыгункі, аэра- і водных партоў. Адзіным шляхам зносін з`яўляюцца дарогі, таму і праца людзей, якія іх абслугоўваюць, застаецца адной з важнейшых.

МАГІСТРАЛЬНЫЯ ЛЕКАРЫ

Кожны год з надыходам вясны і да позняй восені дарожнікі выконваюць вялікія аб’ёмы работы, пачынаючы ад разметкі і заканчваючы падтрыманнем парадку на прылягаючай да дарог тэрыторыі.

Адным з важнейшых фактараў у захаванні дарожнага пакрыцця з’яўляецца прафіляванне абочын. Неахайныя, заросшыя травой, яны нясуць прамую пагрозу асфальтаваму пакрыццю, асабліва ў зімовы перыяд, паколькі з-за перападу тэмператур назапашаная вільгаць прыводзіць яго да разбурэння. Сёлета касілкамі і ручнымі мотакосамі выдалена расліннасць на 1880,9 кіламетра абочын і 341,9 кіламетра адкосаў, высечана кустоўе на плошчы ў 6110 квадратных метраў.

— Адна справа, калі прыходзіцца абкошваць травяністую расліннасць уздоўж дарог, — кажа вадзіцель Васіль Іванавіч Іванюк, які падвозіць людзей на аб’екты. — Прырода ёсць прырода. І вельмі непрыемна, калі замест таго, каб займацца прамымі абавязкамі, мы вымушаны выграбаць пакеты з бытавым смеццем, пакінутыя на прыпынках грамадскага транспарту. Крыўдна, што асобныя грамадзяне не разумеюць і не цэняць важнасці працы іншых, тым больш што яны самі ездзяць і ходзяць па гэтых дарогах і хочуць адчуваць сябе камфортна.

Дзякуючы іх дзейнасці з’яўляюцца прыпынкі грамадскага транспарту, робіцца афарбоўка аўтапавільёнаў, бардзюраў ля іх, стоек дарожных знакаў, лавак, сігнальных слупкоў і, канечне ж, ямачны рамонт дарожнага пакрыцця. Апошні выкананы за 9 месяцаў бягучага года на плошчы ў 3467 метраў квадратных.

«Мы — лекары магістраляў, бо даглядаем іх і зажыўляем раны-ямы на целе дарогі», — з гонарам вобразна кажуць працаўнікі.

ЗНАЙШОЎ СВАЮ ДАРОГУ

У Аляксандра Пятровіча Васілеўскага, вадзіцеля пагрузчыка філіяла Ушацкае ДРБУ №105, шосты разрад — самы высокі па кваліфікацыі. Добрасумленная праца работніка неаднаразова адзначалася ўнутры калектыву, а зараз заўважана і на абласным узроўні — сёлета ён адзіны з арганізацыі атрымаў Ганаровую грамату КУП «Віцебскаблдарбуд».

У прафесіяналізме Аляксандра Пятровіча не дазваляюць усумніцца станоўчыя водгукі кіраўніцтва арганізацыі і 15-гадовы прафесійны стаж у дарожнай галіне.

Калегі ж гавораць пра Аляксандра Пятровіча як пра вельмі добразычлівага чалавека, ініцыятыўнага работніка, на якога заўсёды можна палажыцца. Вадзіцель валодае лепшымі якасцямі, якія неабходны для справы — пунктуальнасцю, акуратнасцю і ўвагай. Работа мужчыне падабаецца, нават нягледзячы на тое, што ў зімовы перыяд, каб забяспечыць бяспеку руху на дарогах, прыходзіцца працаваць і ў начны час. Зімой вадзіцелям бывае асабліва цяжка, не хоча заводзіцца матор у 30-градусны мароз.

Ураджэнец вёскі Лагі ў дарожную галіну трапіў ужо ў сталым узросце, але з вялікай тэхнікай ён даўно на «ты», бо пачынаў працоўную дзейнасць у мясцовым калгасе механізатарам, на трактары пачынаў працу і ў ДРБУ №105, у якое прыйшоў у 1999 годзе. Да гэтага давялося папрацаваць Аляксандру Пятровічу і ў галіне лясной гаспадаркі, і нават збіраць мэблю, але гэта ўжо пазней, калі перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ва Ушачы.

«Атрымліваецца, што доўга шукаў сваю дарогу», — разважае А.П.Васілеўскі, — з якім мы сустрэліся на тэрыторыі асфальтабетоннага завода, дзе ён па восені замацаваны на вытворчасці асфальтабетоннай і пясчана-солевай сумесі для падвозу матэрыялаў. Даводзіцца яму працаваць таксама на кар’ерах і на іншых відах работ, выязджаць у камандзіроўкі за межы раёна.

Свой пагрузчык мужчына ведае дасканала, бачыць усе яго «плюсы» і «мінусы». Нягледзячы на тое, што заработная плата ў арганізацыі не самая высокая, звальняцца і шукаць іншага «цяплейшага» месца не збіраецца: «Не ў маім ужо ўзросце бегаць туды-сюды. Сваю работу ведаю, прызвычаіўся да яе. Ды і нездарма кажуць — добра там, дзе нас няма».

Аляксандр Пятровіч чалавек сціплы і не лічыць, што заслужыў увагі больш чым хто з іншых працаўнікоў ДРБУ №105. Сваім жа калегам-вадзіцелям ён жадае вяртацца дадому з любых рэйсаў, безаварыйнай працы і ўмення ў любых абставінах заставацца ветлівымі на дарогах.

Д,РАМАНОЎСКІ

З ВОПЫТАМ І АДКАЗНАСЦЮ

Ажыццяўленне перавозак — справа найпершай неабходнасці, ну а перавозіць пасажыраў — місія адказная ўдвая. Займаецца гэтым у нашым раёне ўчастак г.п.Ушачы філіяла «АТП №6 г.Наваполацк» ААТ «Віцебскаблаўтатранс».

На сённяшні дзень на ўчастку працуюць 40 работнікаў, маецца 20 адзінак транспарту. І хоць перавозка пасажыраў ніколі не была справай рэнтабельнай, калектыў робіць усё, каб ушачане і госці раёна маглі трапіць у патрэбныя населеныя пункты, выконваюць сацыяльныя стандарты на 100, а на палове маршрутаў — на 200 працэнтаў. За апошні год удалася захаваць асноўныя рэйсы, у трох вёсках — Ляхава, Рацькава і Загаваліна — абслугоўванне вядзецца па заявачным прынцыпе. На жаль, недахоп фінансавання не дазваляе ажыццявіць усе планы па паляпшэнні абслугоўвання пасажыраў — абнавіць транспартны парк, правесці рамонт аўтастанцыі. Аднак прадпрыемства імкнецца не адставаць ад сучаснасці — летась пасажыры атрымалі магчымасць разлічвацца за білеты пластыкавымі карткамі, нядаўна на аўтастанцыі ўстаноўлены камеры відэаназірання. Трэба адзначыць, што ўтрыманне транспартнага парка, магчымасць яго абнаўлення напрамую залежыць ад пасажыраў, якія павінны не толькі сумленна аплачваць праезд, але і патрабаваць у вадзіцеля дакумент аб аплаце.

Работнікі ўчастка — у пераважнай большасці людзі вопытныя і адказныя, ветлівыя і добразычлівыя. Традыцыйна да прафесійнага свята работа лепшых з іх адзначаецца на розных узроўнях. Ганаровыя граматы райвыканкама сёлета атрымалі вадзіцелі Мікалай Віктаравіч Зімніцкі і Сяргей Уладзіміравіч Кучаронак, вадзіцель Васіль Васільевіч Парашкін і дыспетчар Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна адзначаны граматамі філіяла «АТП №6 г.Наваполацк», а прозвішча касіра аўтастанцыі Аліны Уладзіміраўны Контаравай занесена на Дошку гонару прадпрыемства.

Кіраўніцтва філіяла «АТП №6 г.Наваполацк» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» шчыра віншуе з прафесійным святам работнікаў участка, а таксама ўсіх ушацкіх аўтамабілістаў. Няхай прамымі і лёгкімі будуць вашы шляхі!

Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *