Хозяйства Ушачского района ведут сев озимых зерновых культур

Сельское хозяйство

Восень – работ восем. Гэта народная прымаўка вельмі яскрава характарызуе працу аграрыяў КУСГП “Глыбачаны” ў першыя дні верасня. Дабіраюць тут яшчэ зерневыя, прасуюць і складаюць салому, узворваюць участкі, шмат чаго іншага. І, канечне ж, сеюць.

Азімыя культуры ў нейкай ступені можна назваць страхавымі. Яны менш чым яравыя падвяргаюцца вясеннім і летнім засухам і нягледзячы на ўмовы надвор’я даюць нядрэнны ўраджай. Вельмі важна адсеяцца ў аптымальныя тэрміны. Улічваючы тое, што сёлетняй восенню глыбачанцам неабходна запрацаваць рэкордныя 1170 гектараў зерневых культур, на тэхніку і механізатараў лажыцца вялікая нагрузка. Насення ў гаспадарцы хапае, зусім нядаўна дакупілі 50 тон элітнага жыта, а вось дэфіцыт паліва негатыўна адбіваецца на тэмпах работ. Незадзейнічаны пакуль на сёлетняй сяўбе шасцімятровы пасяўны агрэгат, бо цягнуць яго можа толькі МТЗ-3022, які “з’ядае” за дзень каля 300 літраў саляркі. А вось для працы МТЗ-1221 Мікалая Ляха з сеялкай СЗ-3,6 паліва неабходна ў разы менш. На сяўбе азімых у гаспадарцы задзейнічаны таксама адзін са старажылаў – Васіль Сапега на “Палессі” з сеялкай “Lemken”. Масцітым працаўнікам гэтыя работы выконваць не ў навіну. Механізатары вопытныя і колькі ўжо правялі пасяўных кампаній дакладна нават і не могуць падлічыць.

У аўторак пасля абеду яны дасявалі 30-гектарнае поле ля Бярозава. “Да фотасесіі гатовы” – жартуе М.Лях, які прыехаў загружаць насенне і па маёй просьбе крыху прыпыніў сяўбу. Зерне, якое лажылася ў зямлю, “залатым” не назавеш. Пратраўленае насенне пшаніцы мела хутчэй чырвоны колер.

Зразумела, што зусім без энерганасычаных трактароў не абысціся. Асабліва гэта датычыцца падрыхтоўкі глебы. Пакуль размаўлялі з Мікалаем Анатольевічам, на ўскрайку поля спыніўся МТЗ-3022 з дыскатарам. “Мабыць зламаўся Валодзя, цяжка яму тут прыходзіцца” – кажа мой суразмоўца. Малады механізатар Уладзімір Вашчанка, сапраўды, спыніў працу па прычыне паломкі. На гліністых землях для якаснай падрыхтоўкі глебы пад сяўбу яму даводзіцца праязджаць па некаторых участках па некалькі разоў, вось і не вытрымлівае нават жалеза.

– Не хапае тэхнікі, сеялкі ідуць ледзьве не ў след за плугамі, – кажа брыгадзір Алена Камовіч, якая назірала за работай механізатараў. – 133 гектары рапсу, якія мы пасеялі, дробязь у параўнанні з зерневымі. У структуры пасяўных плошчаў акрамя пшаніцы і жыта будзе і трыцікале.

Вельмі спадзяваліся на надвор’е механізатары і дырэктар гаспадаркі Сяргей Іванавіч Кірпічонак, які прывёз на поле неабходную для рамонту трактара дэталь. М.Лях садзіцца ў кабіну свайго МТЗ-1221 і зноў прымаецца за прывычную справу, У.Вашчанка пасля ўхілення няспраўнасці накіраваўся на іншы ўчастак. Даражаць часам глыбачанцы, працуюць да цёмнага.

– Хлопцам за працу я вельмі ўдзячны, – гледзячы ўслед тэхніцы кажа кіраўнік гаспадаркі. – Цяжка працуюць, але ніхто не скардзіцца, хоць і не маладыя ўжо. Ведаеш, калі-небудзь здаецца, што запас трываласці ў іх бязмежны.

Сталовая “на колах” двойчы ў дзень прывозіць удзельнікам сяўбы абеды. Для работнікаў яны поўнасцю бясплатныя, але толькі для тых, хто працуе без “залётаў”. Парушальнікаў жа дысцыпліны карміць за кошт гаспадаркі не будуць. Іх, дарэчы, сярод механізатараў няма – важнасць азімай сяўбы тут разумеюць усе, а не толькі дырэктар і брыгадзір.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *