Абсолютным лидером уборочной кампании-2019 стал работник «Маяка-Ушачского» и многодетный папа Владимир Шедько

Сельское хозяйство

У кабіне магутнага “Кіраўца” 10-гадовы Глеб Шэдзько арыентуецца не горш за свайго тату механізатара “Маяка-Ушацкага” Уладзіміра Віктаравіча. У час канікул хлопчык не аднойчы ўпрошваў узяць яго з сабой у поле, а таму бойка распавядае, як завесці трактар, для чаго служаць педалі і рычагі. Упэўнена сябе адчувае і ў кабіне камбайна, а больш за ўсё яму даспадобы “Амкадор”, дзе прынцып работы маніпулятара так падобны на джойсцік гульнявой прыстаўкі. “Дай яму волю – дык ужо б і падмяніў мяне на якім працэсе”, – усміхаецца бацька.

Вядома ж, сучасныя патрабаванні аховы працы гэтага не дапушчаюць. А вось у гады, калі сам Уладзімір быў вучнем вясковай школы на Шуміліншчыне, старшакласнікаў у час канікул ахвотна прыцягвалі да палявых работ. “Я ж на трактары з 14 год – старэйшы брат навучыў, з ім разам шчыравалі на полі, – прыгадвае мужчына. – Добра памятаю, як 1 верасня на лінейцы старшыня нашага калгаса паціскаў мне руку, уручаючы прэмію за дапамогу на жніве”.

Такім чынам, выбар прафесіі быў відавочны. Ульскае прафтэхвучылішча дало шырокую базу ведаў па спецыяльнасцях вадзіцеля, трактарыста, слесара і электрыка. Ва Ушачы ж малады работнік трапіў таму, што ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі размеркавалася яго жонка. Тут і засталіся жыць, атрымаўшы пазней дом ад “Райаграсэрвіса” – у гэтай гаспадарцы Уладзімір адпрацаваў даволі працяглы час, а з моманту стварэння “Маяка- Ушацкага” стаў надзейным “штыком” яго кадравай абоймы.

Работнік-універсал спрытна спраўляецца літаральна з любой справай сельгасцыкла. А вось за штурвал “Палесся” ў якасці старшага камбайнера сеў сёлета ўпершыню – меў толькі колішні вопыт працы памочнікам у Канстанціна Казакевіча. Гэтым жа летам сам узначаліў экіпаж, у якім кампанію яму склаў Раман Рудзёнак. “Такога напарніка дай Бог кожнаму!” – коратка характарызуе Уладзімір свайго калегу. Пра плён тандэма яскрава кажа вынік жніва – найвялікшы намалот па раёне сярод КЗС-1218. “Маглі б і большых лічбаў дасягнуць, каб ад самага старту выйшлі на ніву, а так далі сябрам-канкурэнтам два тыдні форы”, – усміхаецца механізатар. Але ж, канечне, разумее, што рэкорды – не самамэта, і кіраўніцтву лепш бачна, як ладзіць вытворчы працэс. Ураджайнасць сёлета ў гаспадарцы неблагая, а таму і ўбіраць хлеб было прыемна, хоць, канечне, і цяжка: выязджалі ў поле каля шасці, а дамоў вярталіся за гадзіну да поўначы. Зрэшты, у напружаным графіку праходзіў увесь сезон – гарачай для У.Шэдзько была, напрыклад, пара корманарыхтоўкі – на адвозцы зялёнай масы механізатар таксама ўвайшоў у тройку лепшых у раёне. Узнагародай жа за працу стала першая ў яго біяграфіі паездка на абласныя “Дажынкі”.

Ганарацца дасягненнямі механізатара і ў гаспадарцы, і ў яго вялікай сям’і: Уладзімір і Людміла выхоўваюць чацвярых сыноў! А паколькі тата рэдка бывае дома, хлопчыкі стараюцца дапамагаць маме па гаспадарцы. Глеб, напрыклад, умее ўжо і гатаваць многія стравы, і малодшых брацікаў займаць, калі застаецца час ад урокаў ды трэніровак па стральбе ў спартшколе. Ну а на маё пытанне, кім плануе стаць, замест прадказальнага “Пакуль не ведаю” ён сур’ёзна так мовіў: “Трактарыстам. А іншы раз буду адпрошвацца з работы, каб ездзіць на турніры”. Застаецца толькі пажадаць, каб ва ўсіх спаборніцтвах героі гэтага аповеду заўсёды аказваліся на вышыні.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *