В Косарском лесничестве вырастают династии потомственных лесоводов

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

У большасці жыхароў нашага раёна назва гэтай вёскі ў першую чаргу асацыіруецца з лесам. Вялізныя лясныя масівы, размешчаныя ў паўднёва-заходняй частцы Ушацкага лясгаса, багата родзяць не толькі драўніну розных парод, грыбы і ягады – у Касарскім лясніцтве побач з тутэйшымі ельнікамі і барамі ўзрастаюць цэлыя дынастыі выдатных працаўнікоў, жыццё якіх звязана менавіта з лясной гаспадаркай.

А палове восьмай гадзіны раніцы ва ўтульным адрамантаваным будынку ляснічы Мікалай Алегавіч Рахманенка даваў апошнія ўказанні майстрам і леснікам, якія неўзабаве разехаліся па вялікай тэрыторыі, што мяжуе з Лепельскім, Глыбоцкім, Докшыцкім раёнах, а ў апошняга наватзахапіланекалькі квадратаў лесу.

Заўтра Мікалай Алегавіч будзе адзначаць свята, якое для яго стала не толькі прафесійным, але і па-сапраўднаму сямейным. У галіну лясной гаспадаркі ён ішоў свядома і пасля заканчэння Мінскага тэхналагічнага інстытута з верасня 1992 года дыпламаваным майстрам прыступіў да працы ў родным Касарскім лясніцтве, якое некалькі дзясяткаў гадоў узначальваў яго бацька – “Ганаровы лесавод” Алег Сцяпанавіч Рахманенка. “Здаецца і нядаўна было, а прайшло больш дваццаці гадоў”, – прыпамінае Мікалай Алегавіч пачатак працоўнай дзейнасці, за гады якой ён неаднаразова ўзнагароджваўся за прафесіяналізм і станоўчыя паказчыкі лясніцтва. Яго М.А.Рахманенка ўзначаліў у 2004 годзе, а сёлета да прафесійнага свята прыказам Міністэрства лясной гаспадаркі Мікалаю Алегавічу прысвоены першы клас.

Надзейным памочнікам не толькі ў жыцці, але і ў працы для Мікалая Алегавіча з’яўляецца жонка Вольга Паўлаўна, прычым у літаральным сэнсе гэтага слова, бо працуе яна побач – на пасадзе памочніка ляснічага. Улічваючы гэтыя акалічнасці зусім не цяжка адгадаць, дзе вучацца сыны патомнага лесавода – абодва паступілі ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт – ВНУ, што калісьці скончыў іх бацька. На трэцім курсе факультэта лясной гаспадаркі займаецца старэйшы, Аляксандр, другакурснік Віктар выбраў для далейшай кар’еры дрэваапрацоўку.

Мікалай Алегавіч адзначае, што ўзнагароды і класнасць прыйшлі не самі сабой. Іх, у нейкім сэнсе, “прынеслі” на сваіх мазолістых руках леснікі і вальшчыкі, вадзіцелі і трактарысты – вопытныя і адказныя члены калектыву лясніцтва. Адным з такіх з’яўляецца ляснік Уладзімір Міхайлавіч Счасны. З-за недахопу кадраў зараз за ім замацаваны два абходы, але гэта не перашкаджае працаўніку амаль з дваццацігадовым стажам паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Пра асаблівасці росту і развіцця раслін, пра таямніцы прыроды, не бачныя воку простага наведвальніка лесу, які ён выхадзіў і ўздоўж, і ў поперак, Мікалай Алегавіч можа разважаць і расказваць гадзінамі – бачна, што хоць і цяжкая прафесія, але адносіцца да яе мужчына з гонарам і лічыць адной з важнейшых:

– Як па мне, то на першым месцы ідзе ўрач – без яго ніяк, ён выратоўвае жыцці, потым выратавальнікі – яны таксама ліквідуюць наступствы нашага ж глупства і бяспечнасці, а потым – ляснік, бо ён бароніць лясы, ствараючы тым самым нармальныя ўмовы жыццядзейнасці для прадстаўнікоў іншых прафесій, а пры гэтым можа нават і не ўбачыць вынікі сваёй працы…

З гэтым, канечне, можна і паспрачацца. Але відавочна, што любоў да роднай прыроды, адданасць абранай прафесіі і разуменне яе важнасці – агульныя рысы лесаводаў, людзей, рукамі якіх прырастае “зялёнае багацце” нашай краіны.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *