Вопросы использования туристического потенциала района рассмотрены на сессии Ушачского районного Совета депутатов

Официально Саветы і жыццё Экология

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў разглядалася пытанне развіцця турызму ва Ушацкім раёне. Пытанне — актуальнае як для Ушаччыны, якая пакуль не на поўную моц выкарыстоўвае багаты патэнцыял раёна, так і для ўсёй краіны, асабліва ў Год гасціннасці.

«Азёрны рай», «Азёрныя ростані», «Янтарны бераг» — турыстычныя аб’екты, якія ўжо маглі шырока рэкламаваць Ушаччыну, запрашаючы турыстаў. Заснавальнікам першага з’яўляецца кампанія «Маэстра-тур», якая яшчэ ў 2011 годзе распрацавала праект комплексу сядзіб у вёсцы Казімірова Вялікадолецкага сельсавета. На сённяшні дзень на яго рэалізацыю затрачана 2,95 мільярда рублёў. Знесена дзве старыя пабудовы, пабудавана лазня, два гасцявыя домікі на 12 месцаў, абсталяваны пірс, пляж. На 2015 год запланаваны ўвод офісу і яшчэ 8 гасцявых домікаў, у якіх зможа размясціцца 64 чалавекі, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі з абсталяваннем спартыўных пляцовак.

«Янтарным берагам» распрацаваны праект для стварэння зон адпачынку для сямейнага і спартыўна-аздараўленчага турызму, абсталяваны месцы адпачынку на азёрах Тартак, Царкавішча, Сверзава, Полазна.

«Азёрныя ростані» як тураператар у 2012 годзе садзейнічаў арганізацыі 6 экскурсій па раёне і накіраваў у аграсядзібы раёна і санаторый «Лясныя азёры» 63 чалавекі, у 2013 — 28, у цяперашні час база не функцыяніруе.

У раёне аказвае паслугі агратурызму 5 сядзіб, якія прынялі 2342 адпачываючых, з якіх 207 — замежныя грамадзяне, аказана паслуг на 1,2 мільярда рублёў. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму сумесна з «Белаграпрамбанкам» праведзена 4 семінары для асоб, якія б жадалі займацца гэтым родам дзейнасці. Яшчэ адзін быў арганізаваны раённым Саветам дэпутатаў сумесна з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання «Беларускага саюза прадпрымальнікаў» і пасольства Фінляндыі. І ў перыяд з 2011 па 2014 год зарэгістравана яшчэ тры аграэкасядзібы: «Мірны» — Аляксандр Цярэнцьевіч Хамічонак, «Шуркіна сядзіба» — на базе фермерскай гаспадаркі «ЛітлАл» — Аляксей Аляксандравіч Літвін, » У дачы» — Юрый Канстанцінавіч Пашковіч. Дзве першыя ўжо функцыяніруюць.

Для маркетынгу турыстычных паслуг і фарміравання іміджу раёна, як прывабнага для турызму, распрацаваны брэнд «Прарыў — Ушаччына — край подзвігу і славы», а таксама 10 турыстычных маршрутаў. Праведзена сумесная акцыя з ААБ «Беларусбанк» па добраўпарадкаванні мемарыяла. Тэлекампаніяй «Віцебск» падрыхтаваны фільм аб Ушацкім раёне «Дарогамі вайны».

Згодна плана мерапрыемстваў у кожным раёне павінны быць створаны аб’екты харчавання каля лядовых палацаў, стадыёнаў, з устаноўкай плазменных экранаў, спартыўнай сімволікай. У нашым раёне гэта стане рэчаіснасцю пасля ўводу фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва».

ПУП «Ляснеўшчына» плануе будаўніцтва аб’екта прыдарожнага сэрвісу ў вёсцы Сарочына. Сёлета таксама быў заключаны дагавор з ТАА «Вяркудскі прычал» для будаўніцтва базы адпачынку ў вёсцы Лажане Кубліцкага сельсавета з аб’ёмам інвестыцый 850 тысяч долараў, а таксама ў вёсцы Каз’яне Сарочынскага сельсавета.

З 2011 па 2014 гады ў раёне было абсталявана 15 зон адпачынку на 14 азёрах і рацэ. Адкрыць агратурыстычныя комплексы было рэкамендавана кожнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству, аднак з-за складанага фінансавага становішча нашы аграрыі не маюць магчымасці гэтым займацца.

Экспартам турыстычных паслуг у нашым раёне займаюцца санаторый «Лясныя азёры», раённая арганізацыя «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» і Ушацкі лясгас. Для таго каб выконваць даведзеныя заданні, прадпрыемствам даводзіцца мадэрнізаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Так, пастаянна пашырае спектр паслуг санаторый «Лясныя азёры», пра адкрыццё спа-салона, цырульні мы пісалі на старонках газеты сёлета. Пры заданні 110 працэнтаў да ўзроўню мінулага года за 8 месяцаў гэты паказчык быў на ўзроўні 116 працэнтаў.

У мэтах выхавання патрыятызму, павагі да Айчыны, развіцця турызму і сучаснай інфраструктуры, улічваючы геаграфічнае палажэнне, прыроднае і культурнае багацце Беларусі, 2014 год быў аб’яўлены Годам гасціннасці. Беларусь — вельмі прыгожая, цікавая краіна, галоўны здабытак якой — яе жыхары — адкрытыя і гасцінныя. І Ушаччына — не выключэнне. Таму адзін з асноўных накірункаў, якія трэба задзейнічаць мацней, гэта прапаганда раёна, яго ўнікальных санаторна-курортных і спартыўна-аздараўленчых месцаў адпачынку, нашай адметнай гісторыі.

На базе аграсядзібы «Мікалаеўскі пасад» сёлета прайшоў раённы конкурс «Уладар сяла». Гэтая сядзіба падзялілася з рэдакцыяй газеты «Патрыёт» карыснымі самаробнымі напіткамі і на конкурсе медыяфоруму ў Гарадку шматлікія госці абласных «Дажынак» частаваліся імі і абяцалі наведаць Ушаччыну. «Мікалаеўскі пасад» у маі правёў дзень адчыненых дзвярэй, а ў кастрычніку прыняў удзел у абласным конкурсе аграсядзіб і перамог у намінацыі «Здаровы лад жыцця». І гэта прыклады таго, што самім уладальнікам аграсядзіб трэба не саромецца шырэй рэкламаваць свае паслугі, а значыць і Ушацкі раён, адгукацца на рознае супрацоўніцтва.

У раёне прайшлі занальныя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці «Віцебскаблгаза», мнагадзетных сем’яў, калектываў Дамоў культуры на лепшую арганізацыю дыскатэкі, выстава работ абласной арганізацыі «Беларускага саюза мастакоў». Народныя клубы «Прысмакi», «Дружба» прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі «Гучаць цымбалы і гармонік», рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, дзе Таццяна Сухастаўская і Ганна Краўчонак сталі лаўрэатамі. Прапагандуюць раён і традыцыйныя ўдзельнікі «Славянскага базару ў Віцебску» — Дом рамёстваў і народныя ўмельцы.

І, канечне, фарміруецца меркаванне аб раёне падчас правядзення масавых раённых мерапрыемстваў, паколькі літаральна на ўсіх — і на мемарыяльным комплексе «Прарыў», і тых, што праходзяць у райцэнтры, заўсёды прысутнічаюць госці раёна.

І хоць заканчваецца Год гасціннасці, затое не заканчваецца прыём Ушаччынай гасцей. Наадварот, патэнцыял раёна, небагатага на ўрадлівыя землі, у яго чысціні і прыгажосці. І менавіта на развіццё турызму нам трэба рабіць стаўку.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *