Во время «прямой линии» на вопросы читателей газеты ответил директор УП ЖКХ Ушачского района Б.С.Завадский

Благоустройство Ваш вопрос - наш ответ Зваротная сувязь Официально Читатель поднимает проблему

Тэлефонная «прамая лінія», якую на мінулым тыдні з чытачамі газеты праводзілі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Пятровіч Дымман і дырэктар УП ЖКГ Станіслаў Браніслававіч Завадскі чакана прайшла вельмі ажыўлена — жыхары раёна змаглі задаць шырокі спектр пытанняў і выказаць прапановы па розных напрамках дзейнасці камунальнай службы.

Першай тэлефанаванне паступіла ад жыхаркі райцэнтра Алы Альфрэдаўны Шаршнёвай, якая ад імя ўсіх жыльцоў дома № 25 па вуліцы Савецкай падзякавала камунальнікам за новую цеплатрасу, але выказала пажаданне, каб работнікі прадпрыемства скончылі работы па добраўпарадкаванні дваравых тэрыторый ля двухпавярховак. «Раней мы ніколі не звярталіся з такімі пытаннямі, самі выходзілі з суседзямі на ўборку тэрыторыі, — казала жанчына, — але час ідзе, у нашым доме не засталося ніводнага жыхара працаздольнага ўзросту, таму прыбраць кускі асфальту і галіны дрэў сталым людзям цяжка, хаця чым зможам — дапаможам!» Дырэктар камунгаса патлумачыў такі стан спраў занятасцю рабочых, але пры з’яўленні «свабодных» рук паабяцаў выправіць хібы. Таксама жыхары прыгаданага дома цікавіліся магчымасцю замены старой драўлянай агароджы, якая раздзяляе дваравыя тэрыторыі іхняга і суседняга дома № 27. С.Б.Завадскі паведаміў, што замена агароджаў запланавана па некалькіх вуліцах гарпасёлка, а таму магчымасць устаноўкі новай паміж дамамі № 25 і 27 па Савецкай будзе залежыць ад наяўнасці фінансавых сродкаў.

Пытанне, якое жыхарка гарпасёлка Таццяна Пятроўна Кулак першапачаткова збіралася адрасаваць С.П.Дымману, у выніку таксама аказалася ў кампетэнцыі камунальнай службы. Сутнасць яго ў тым, што жанчына не згодна плаціць за паслугі, якімі не карыстаецца, бо жыве ў двухкватэрным жылым доме, сваю палову прыватызавала. І калі наконт аплаты за вываз смецця, водазабеспячэнне прэтэнзій яна не мае, то правамернасць налічэння сродкаў за капітальны рамонт, які Таццяна Пятроўна зрабіла за ўласны кошт, у яе выклікае сумненні. І не без падстаў. С.Б. Завадскі пагадзіўся з тым, што ў прыватным аднапавярховым двухкватэрным доме камунгас не будзе праводзіць капрамонт і перагледзіць кошт жыровак у дадзеным выпадку.

Уладальніца кватэры ў доме № 26 па вуліцы Фрунзе Людміла Леанідаўна Казак выявіла неадпаведнасць матэрыялаў унутраных канструкцый сваёй кватэры прапісаным ў дагаворы на яе прыватызацыю: «Падлога ў мяне з кастрапліты, а па дакументах лічыцца, што драўляная — можа гэта паўплывала на высокі выніковы кошт жылля?» Станіслаў Браніслававіч коратка ахарактарызаваў механізм ацэнкі кватэр пры прыватызацыі і адзначыў, што асноўнымі паказчыкамі тут выступаюць матэрыялы нясучых канструкцый і іх зношанасць, а вось стан унутраных перагародак і аддзелкі на канчатковую суму не ўплывае. Між тым, як адзначыў дырэктар камунгаса, «кожнае пытанне патрабуе індывідуальнага падыходу» і запрасіў Л.Л.Казак з усімі неабходнымі паперамі наведаць адміністрацыю прадпрыемства, дзе спецыялісты правераць дакладнасць разлікаў.

Праблему з рамонтам каналізацыі ў Арэхаўне ведаюць і на мясцовым і на абласным узроўні, а вось вырашыць яе вельмі складана. Адказ, які даў дырэктар УП ЖКХ на пытанне мясцовай жыхаркі Таццяны Міхайлаўны Малак, наўрад ці задаволіць жыхароў, але прыходзіцца канстатаваць, што з-за адсутнасці сродкаў спынены многія мерапрыемствы абласной праграмы «Чыстая вада», у тым ліку і будаўніцтва да канца 2015 года ачышчальных збудаванняў у Арэхаўне. Яшчэ адно пытанне з аграгарадка датычылася аднаўлення асвятлення тэрыторыі ля хлявоў жыхароў вуліцы Школьнай. Вось толькі ў пытанні гэтым не ўсё залежыць ад камунальнікаў. Калі ж будзе атрымана ўзгадненне з пажарнай службай і энергазбытам, па прадпісанні якіх асвятленне было адключана, то яно будзе адноўлена, але жыхарам за выкарыстанне электраэнергіі трэба будзе заплаціць.

Даўно не гарыць ліхтар вулічнага асвятлення і ля дома № 43 па вуліцы Калінінскай гарпасёлка. Малады мужчына, які агучыў праблему, падкрэсліў, што неаднаразова звяртаўся у дыспетчарскую службу ЖКГ на працягу года і аднойчы нават дачакаўся аўтамабіля з вышкай. Агледзеўшы слуп, работнікі камунгаса запэўнілі, што працы » на пяць хвілін», а потым… зноў зніклі на некалькі тыдняў. С.Б.Завадскі пагадзіўся з тым, што для вырашэння такіх пытанняў не абавязкова звяртацца да дырэктара, паабяцаў разабрацца і з праблемай, і з работнікамі, якія своечасова не выканалі заяўку.

Ад імя жыхароў вуліцы Е.Лось выказаў удзячнасць працаўнікам камунальнай службы Фёдар Раманавіч Пацэйка: за своечасовы і якасны вываз смецця, работу па добраўпарадкаванні. Разам з тым агучыў пенсіянер некалькі просьбаў і прапаноў, якія насілі агульны характар. Для зручнасці і скарачэння шляху да гарадскіх могілак на вуліцы Кастрычніцкай жыхары Данукалава, Дуброўскага, Е.Лось і іншых вуліц мікрараёна здаўна карысталіся сцежкай, якая напрамую вядзе да месцаў пахавання. Таму і прасіў Фёдар Раманавіч зрабіць кладку, або масток праз ручай на шляху да могілак, на што атрымаў станоўчы адказ. Другое пытанне датычылася наладкі рэле ліхтароў вулічнага асвятлення, якія аўтаматычна перавяліся на зімовы час і зараз запальваюцца раніцай у 6 гадзін, а увечары гаснуць апоўначы. Дарэчы з гэтым жа пытаннем звярталіся да дырэктара камунгаса і жыхары вуліцы Ленінскай. Электрыкам прадпрыемства даручана правесці наладку рэле, каб ліхтары гарэлі як і раней — раніцай уключаліся ў 5 гадзін, а звечара свяцілі да гадзіны ночы. Яшчэ адна прапанова хутчэй з разраду «эстэтычных». Абураўся Фёдар Раманавіч, што шматлікія рэкламныя аб’явы, расклееныя па слупах, пад’ездах, сценах шматкватэрных дамоў псуюць знешні выгляд гарпасёлка. І зусім непрыглядна выглядаюць на самым бойкім і відным месцы сцены кафэ «Улыбка» і магазіна «Гарачы хлеб. Таму і прапанаваў мужчына ўстанавіць ля ўказаных гандлёвых аб’ектаў тумбу для аб’яў накшталт той, што размешчана ля адміністрацыйнага будынка райспажыўтаварыства. Прапанову ў камунгасе разгледзяць, тым больш што без дазволу архітэктара штосьці размясціць у цэнтры наўрад ці атрымаецца, вось толькі С.Б.Завадскі выказаў сумненне, што гэта зніме праблему, пакуль не ўзрасце узровень культуры насельніцтва. Але прапанова здаецца слушнай, ды і чаму б не прадумаць варыянт размяшчэння ля пад’ездаў шматкватэрных дамоў спецыяльных дошак для аб’яў, каб іх не ляпілі дзе прыйдзецца?

Былі пытанні надзённыя, як наконт замерзлай водаразборнай калонкі ў Баяршчыне, чарговасці падключэння абанентаў да цэнтральнага водазабеспячэння па вуліцы Каранеўскага, так і на перспектыву — напрыклад па абкосе тэрыторый на вуліцы Ленінскай, уборкі снегу. Асабліва востра апошняя праблема стаіць на вуліцах гарпасёлка, дзе няма тратуараў, а дамы прымыкаюць непасрэдна да дарожнага палатна, якое з-за снежных гурбаў зімой значна звужаецца і людзям прыходзіцца хадзіць па праезнай частцы.

«Што будзе з людзьмі, былымі работнікамі «Прагрэса»?» — узрушаны голас Галіны Васільеўны Жогаль, якая тэлефанавала дырэктару УП ЖКГ тлумачыўся хваляваннем за лёс мужа, працаўніка прадпрыемства, далучанага да камунгаса. С.Б.Завадскі запэўніў, што ўсім былым рабочым «Прагрэса» будзе прапанавана месца на розных відах работ ва УП ЖКГ, а згаджацца з прапановай, або не — асабістая справа кожнага.

Канечне, паступіўшыя тэлефанаванні — толькі вяршыня «айсберга», таго стосу пытанняў, якія нягледзячы на ўсе фінансавыя цяжкасці кожны дзень вырашаюць спецыялісты і рабочыя камунальнай службы. Але той факт, што за адведзены час не паступіла ніводнага наракання на нізкую тэмпературу ў кватэрах, адсутнасць вады, у тым ліку і гарачай, па стане ўтрымання жыллёвага фонду сведчыць аб тым, што з асноўнай задачай — падрыхтоўкай да ацяпляльнага сезону, камунальнікі справіліся паспяхова.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *