На наиболее актуальные вопросы ушачан ответил недавно во время пресс-конференции председатель Ушачского райисполкома О.А.Ковалёнок

Официально

Правядзенне прэс-канферэнцый са старшынёй райвыканкама  напярэдадні важных палітычных кампаній, – існуючая не першы год практыка. Нашы чытачы заўсёды актыўна выкарыстоўваюць магчымасць атрымаць адказ з першых вуснаў ад кіраўніка раёна, як самай аўтарытэтнай і кампетэнтнай крыніцы. І дарэчы, рэгулярна маюць такую магчымасць. “Прамыя тэлефонныя лініі” старшыня райвыканкама праводзіць амаль кожны месяц, акрамя таго, згодна графікаў праходзяць прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях па месцы жыхарства, на працягу года кіраўнік раёна наведаў практычна ўсе працоўныя калектывы Ушаччыны. Таму і закрытых тэм не засталося. У сённяшняй жа размове з Алегам Анатольевічам Кавалёнкам мы абагульнялі найбольш важныя для раёна пазіцыі і задавалі тыя пытанні, што паступілі ў рэдакцыю “Патрыёта” ў апошні час.

– Прааналізаваўшы пераднавагодняе інтэрв’ю, прыемна канстатаваць, што практычна ўсё з запланаванага па будаўніцтве і добраўпарадкаванні ўжо выканана: адчыніла дзверы аддзяленне дзённага прабывання інвалідаў у Градзянцы, бальніца сястрынскага догляду ў Глыбачцы, завяршыўся рамонт дзіцячага аддзялення цэнтральнай бальніцы і працягваецца яе рэканструкцыя, распачата будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, з абяцанага засталося толькі заасфальтаваць дваровыя тэрыторыі.

– Гэта сведчыць перш за ўсё аб тым, што мы не даём беспадстаўных абяцанняў. Намнога больш хацелася б зрабіць, але трэба зыходзіць з рэчаіснасці. Таму і планаванне на сёлетні год будавалася згодна праектаў і адкрытага фінансавання. У многім з вышэй пералічанага, а таксама ў газіфікацыі трох кааператываў, устаноўцы сучаснай лініі па разліве вады на агароднінасушыльным заводзе, асфальтаванні дарогі ад Вашкова да мяжы з Лепельскім раёнам, размеркаванні маладых спецыялістаў ва ўстановы аховы здароўя, набыцці ў ЦРБ сучаснага абсталявання дапамогу аказаў наш дзеючы дэпутат у парламенце У.П.Андрэйчанка. Што датычыцца дваровых тэрыторый, то і яны прыводзяцца ў парадак: ужо распачынаюцца работы па Дзяржынскага, за ёй па Ленінскай у дварах дамоў №№ 4,6,8, а таксама аднаўленне дарог, якія пашкоджаны пасля пракладкі цепласетак, газаправода.

– Члены кааператыва “Зарэчны” прасілі падзякаваць за газіфікацыю левабярэжнай часткі Ушачы. Памятаю, якой нерэальнай марай гэта было для прыватнага сектара, калі дзяржава фінансавала не 70, як зараз, а толькі 30 працэнтаў выдаткаў па пракладцы вулічніка. Хто яшчэ з жыхароў раёна можа разлічваць на падвод блакітнага паліва да дамоў?

– У населеных пунктах, да якіх газ падведзены, а гэта гарпасёлак і аграгарадкі Арэхаўна і Ільюшына – усе жадаючыя. Для гэтага трэба ствараць кааператывы і трапіць у праграму па газіфікацыі. На сённяшні дзень газіфікуюцца два кааператывы ў Арэхаўне, адзін зарэгістраваны ў Ільюшыне. На жаль, у населеных пунктах, да якіх газ не падведзены або блізка праходзіць толькі газаправод высокага ціску, гэта нерэальна з-за вельмі высокіх затрат.

– З розных куткоў паступаюць просьбы аб ліквідацыі баршчэўніку.

– Мяркую, што з наступнай вясны мы ў стане даць гэтай расліне сапраўдны бой. Для гэтага закуплены ручныя распырсквальнікі, хімпрэпараты, і масавыя зоны распаўсюджвання баршчэўніку будуць апрацоўвацца вясной са з’яўленнем парасткаў. Каардынаваць работу будуць сельвыканкамы, таму і заявы ад жыхароў пра непакоячыя іх ачагі варта падаваць туды.

– Ці паступалі прапановы па выкарыстанні пустуючых аб’ектаў і стварэнні на Ушаччыне новых прадпрыемстваў?

– Інфармацыя аб наяўнасці пустуючых аб’ектаў даступна ўсім жадаючым: яна знаходзіцца на сайце райвыканкама, пастаянна прымаем удзел у форумах, падчас якіх знаёмім інвестараў з рэгіёнам і патэнцыяльнымі магчымасцямі. А ўмовы ўкладвання сродкаў у малых населеных пунктах сапраўды выгадныя – гэта льготнае падаткаабкладанне, фактычна бязвыплатная перадача памяшканняў. І прыватнікі прыходзяць – паспяхова развіваецца “Твестуба”, “Патоля”, прыемна, што знаходзяць свае нішы ўшацкія прадпрымальнікі, вось толькі вольных рук на Ушаччыне не застаецца. Зноў жа гэта добра для нашых жыхароў, якія не могуць паскардзіцца, што няма куды пайсці працаваць.

– Адсутнасць павільёна з полацкім хлебам, які гандляваў ва Ушачах, таксама як і магазіна “Еўраопт”, некаторыя ўшачане звязваюць з забаронай раённых улад.

– Гэта не так. Што датычыцца гандлю полацкім хлебам, то ў мэтах добраўпарадкавання тэрыторыі быў забаронены гандаль на пляцоўцы ля рынку з перасоўных павільёнаў (не толькі палачанам), аднак хапае іншых месцаў, якія можна выдзеліць. Але хадайніцтва ад палачан, як і ад кіраўніцтва “Еўраопта” ў раён не паступала. Напэўна, яны не бачаць эканамічнай мэтазгоднасці. Наша ж райспажыўтаварыства завозіць прадукцыю і іншых хлебазаводаў, ну а хутка адчыніць дзверы новы магазін самаабслугоўвання, у якім будзе і больш шырокі асартымент, і дысконтныя скідкі.

Перад выбарамі часта людзі “спекулююць”, імкнучыся вырашыць свае пытанні. Ці адчулі Вы павелічэнне  скарг падчас сёлетняй перадвыбарнай кампаніі?

– Раённая ўлада не жыве ад выбараў да выбараў, а пастаянна працуе над ажыццяўленнем дзяржаўных праграм, развіццём раёна. Машынны парк гаспадарак пашыраўся паступова, вёўся рамонт бальніц, вуліц. І пагадзіцеся, як хутка мы прывыкаем да лепшага і не ўяўляем, што магло быць інакш. Што іншы выгляд мог мець Дом культуры, што ў раённай бальніцы можна абследавацца на сучасным дыягнастычным абсталяванні, сеяць пасяўнымі агрэгатамі, а ўбіраць камбайнамі з кандыцыянерамі. А гэта наша рэчаіснасць, заснаваная на граматнай палітыцы нашай дзяржавы. І я не схільны даваць дарэмных абяцанняў ні падчас перадвыбарнай кампаній, ні ў любы іншы. А праблемы людзей я ведаю добра, пераважная большасць з іх датычыцца  капітальнага рамонту жылля, водазабеспячэння, стану дарог. На жаль, усяго не зробіш за адзін год, і мой падыход – не распыляць сродкі, а паступова ліквідаваць праблемныя ачагі. Удзел жа ў выбарах – гэта грамадзянскі доўг чалавека, упэўнены, што гэта разумее большасць ушачан і яўка на ўчастках будзе як заўсёды высокай. І хто трапіць у парламент – залежыць ад волевыяўлення людзей, спадзяюся, прадуманага.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *