В программе «ЭкстримПрорыва» есть бои без правил. Узнали, чего ожидать зрителям

Cпорт

Ужо праз некалькі дзён пяты “Экстрым-Прарыў” збярэ на сваіх пляцоўках прыхільнікаў яркіх відовішчаў. І многіх, хто знаёміўся з сёлетняй праграмай, зацікавіў пункт “Баі без правілаў”. Словазлучэнне, канечне, эфектнае – і аматараў вострых адчуванняў яно дакладна прывабіць, але, мабыць, знойдуцца і тыя, хто захоча паберагчы нервы і абмінуць гэтую пляцоўку.

Няўжо сапраўды ў паядынках, якія мы хутка ўбачым, няма ніякіх абмежаванняў? Менавіта з гэтага пытання мы пачалі размову з арганізатарам гэтага віду праграмы – намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі рукапашнага бою і змешаных адзінаборстваў Максімам Каральковым. “Вядома ж, ёсць – як і ў любым відзе спорту! Назва “Баі без правілаў” – гэта проста “рэкламнае” клішэ. Ва Ушачах мы арганізуем турнір ММА (абрэвіятура пераводзіцца з англійскай як змешаныя баявыя мастацтвы). Гэта спорт, які спалучае і ўдарную, і барцоўскую тэхніку, прыёмы добра вядомых ушачанам дзюдо і самба, а таксама бокса, кікбоксінга, каратэ, тхэквандо, ушу і іншых адзінаборстваў, вядома ж, адаптаваных пад адзіны від. Што да правілаў, то нельга, напрыклад, наносіць удары галавой, біць у патыліцу, абмежаваны і балявыя прыёмы: забаронена захопліваць пальцы паасобку, выкручваць пяткі, ушчамляць пазваночнік. За ходам паядынку назіраюць рэферы на рынгу, галоўны і тры бакавыя арбітры. Байцы праводзяць 3 раўнды па 3 хвіліны, перамогу можна здабыць як па ачках, так і накаўтам. У ММА спартсмены выступаюць у шортах і пальчатках, выкарыстоўваюць капы, ахоўныя шчыткі на галёнках і пахавы бандаж, але, канечне, траўмы, як і ў любых адзінаборствах, здараюцца”, – характарызуе Максім спецыфіку віда. А яшчэ дадае, што з моманту свайго стварэння ў 2011 годзе федэрацыя арганізавала нямала турніраў, і за гэты час, на шчасце, не зафіксавана ніводнага трагічнага выпадку. Хоць байцы на рынгу часта атрымліваюць пашкоджанні, ММА лічыцца нават менш траўматычным, чым футбол, хакей ці валейбол, так што называць гэта “крывавым спортам” наўрад ці правільна.

У Беларусі баі адзінаборцаў неаднойчы збіралі нават “Мінск-Арэну”. Відовішчны від прадстаўлены ў праграме многіх фестываляў – у тым ліку “Вытокаў”, арыентаваных на юнацкую аўдыторыю. Ушачане ўжо бачылі падобныя паядынкі на першым “Экстрым-Прарыве” ў 2019 годзе і зараз зноў атрымаюць такую магчымасць. Як паведаміў нам арганізатар, спаборніцтвы пройдуць у дзвюх вагавых катэгорыях – да 66 і да 71 кілаграма, на рынг выйдуць маладыя спартсмены з клубаў Віцебска, Мінска і сталічнага рэгіёну.

Вытокі ММА зыходзяць у часы да нашай эры: яшчэ старажытныя грэкі на першых алімпійскіх гульнях спаборнічалі ў панкраціёне, які спалучаў у сабе прыёмы боксу і барацьбы.

На беларускіх рынгах змагаліся такія зоркі прафесійных ліг, як Андрэй Арлоўскі, Арцём Дамкоўскі, Аляксей Кудзін, Дзяніс Магер, Арцём Бачун. Дарэчы, два апошнія байцы – неаднаразовыя чэмпіёны свету і Еўропы – з’яўляюцца выхаванцамі нашага суразмоўцы. Адзінаборствамі М.Каралькоў захапіўся ў дзяцінстве – як і многія хлопчыкі, любіў фільмы з Джэкі Чанам і Брусам Лі, з 12 год займаўся сам, а ў 19 стаў трэнерам. Зараз ён з’яўляецца дацэнтам кафедры спартыўна-баявых адзінаборстваў БДУФК, працуе ў федэрацыі, арганізуе турніры – старанна развівае любімы від.

“Так склалася, што сярод ушацкіх выхаванцаў самых гучных поспехаў у самба і дзюдо дасягнулі дзяўчаты. А ці ўдзельнічаюць прадстаўніцы слабага полу ў “баях без правілаў”?” – пацікавіліся мы ў Максіма. “Так! У Беларусі ёсць свая зорка – Антаніна Манько, неаднаразовы прызёр Кубка свету, чэмпіянатаў Еўропы па ММА”, – адказаў той.

…Шчыра прызнаюся, што да аматараў жорсткіх адзінаборстваў сябе не адношу, ды ўсё ж пасля гэткага анонсу лакацыю “Баёў без правілаў” на фестывалі дакладна не абміну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *