У Мінску адкрыўся Нацыянальны футбольны стадыён.
Гэта спартыўны аб’ект, узведзены з улікам усіх сучасных патрабаванняў, на якім можна будзе праводзіць матчы самых прэстыжных сусветных турніраў. Цудоўная арэна спраектавана і пабудавана нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Удзел ва ўрачыстасці з нагоды яе адкрыцця прыняў Прэзідэнт краіны, які шчыра падзякаваў старшыні КНР Сі Цзіньпіну за шчодры падарунак.
Для Мінска гэта не першы маштабны спартыўны аб’ект, які ўзвялі нашы кітайскія сябры. Паўгода таму ў сталіцы адкрыўся самы вялікі басейн у краіне, а зараз – самы ўмяшчальны стадыён больш чым на 33 тысячы месцаў. Дарэчы, падчас адкрыцця амаль усе яны былі заняты: магчымасць першымі ўбачыць цудоўны аб’ект мелі не толькі мінчане – запрашэнне на ўрачыстасць атрымалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Аснову ўшацкай дэлегацыі склалі юныя выхаванцы футбольных секцый – і гэта сімвалічна, бо менавіта маладому пакаленню беларусаў давядзецца ствараць і прымнажаць спартыўную славу краіны.
Гэты дзень для юных ушачан быў напоўнены яркімі ўражаннямі. Ужо звонку арэна захапіла сваёй велічнасцю. У чарзе перад уваходам было шмат кітайскіх гледачоў, а вясёлая кампанія моладзі, што аказалася побач, ахвотна згадзілася зрабіць сумеснае фота з ушачанамі. Кітайскую мову ў нашай школе пакуль не вывучаюць (гэта – справа бліжэйшага будучага), але каб наладзіць кантакт, хапіла некалькіх слоў па-англійску.
Цесна спляліся каларыт і традыцыі дзвюх нашых краін і падчас відовішчнага адкрыцця арэны: даволі нечакана было ўбачыць кітайскага спевака, які выконвае “Купалінку”, а потым беларускую артыстку, што спявае па-кітайску.
Прывітальная прамова Прэзідэнта, хваля, што пайшла па стадыёне, перыпетыі таварыскага матча паміж “маладзёжкамі” Беларусі і КНР – гэты дзень ушацкім школьнікам дакладна запомніцца. І пакідаючы стадыён, яны прызнаваліся, што цяпер займелі мару – калі-небудзь таксама выйсці на гэты ізумрудны газон. Зрэшты, недасягальнай мэту не назавеш, і першай прыступкай да яе могуць стаць спаборніцтвы “Скураны мяч”, абласны этап якіх пройдзе напрыканцы чэрвеня.
А новы стадыён тым часам ужо ўваходзіць у працоўны рытм: учора на ім адбыўся таварыскі паядынак паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Расіі – ведаем, што сярод шматлікіх гледачоў на трыбунах былі і жыхары нашага раёна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.