На областных сровенованиях среди детей и подростков на призы Президентского спортивного клуба «Кожаный мяч» ушачане заняли первое место

Cпорт

Нядаўна ў адным з нашых артыкулаў аматар футбола Ігар Коршун прыгадваў, як у далёкім 1998-м у складзе ўшацкай дзіцячай каманды ўдзельнічаў у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Скураны мяч”. Мінула чвэрць стагоддзя, але самы “народны” футбольны турнір па-ранейшаму збірае юных аматараў гульні №1.

Зрэшты, прабіцца ў фінальную частку нашым землякам больш не ўдавалася: блізкімі да гэтага былі выхаванцы трэнера Рамана Фядосенкі, калі летась выйгралі занальны турнір у сярэдняй групе, аднак на абласным ім крыху не хапіла шанцавання. Сёлета ж хлопцы выступалі ўжо ў старэйшай – самай моцнай катэгорыі. Трэба сказаць, што гульня на турніры ідзе ў фармаце 9х9, і вопытны касцяк, што ходзіць на трэніроўкі ў ФСК, давялося дапаўняць школьнікамі, якія не маюць значнай футбольнай практыкі. Але дружына атрымалася баяздольнай: ушачане зноў без праблем выйгралі “зону” і стартавалі ў Віцебску з буйных перамог над Лепелем і Лёзна, а браслаўскіх аднагодкаў увогуле “парвалі” з лікам 16-3. Мацней выглядалі і ў паядынку з шумілінцамі, але не рэалізавалі галявыя моманты і саступілі 2-3, апынуўшыся ў кроку ад расчаравання. Аднак лёс вярнуў хлопцам “даўжок”: запаветную пуцёўку ў Мінск дапамаглі здабыць… лёзненцы, абыграўшы шумілінскіх аднагодкаў. У выніку тры каманды набралі па 9 ачкоў і наша прайшла ў фінал па лепшай розніцы мячоў!

У спаборніцтвах, зацверджаных Прэзідэнцкім спартыўным клубам, штогод стартуе без малога 2 тысячы каманд. У фінале згуляюць толькі 32 – пераможцы абласных этапаў трох узроставых катэгорый у хлопцаў і дзяўчат.

“У тое, што нарэшце спраўдзілі мару, паверылі, напэўна, толькі падчас урачыстага ўзнагароджання, калі капітан Мікіта Жалейка ўзняў над галавой заваяваны кубак. Дарэчы, наш лідар быў прызнаны лепшым нападаючым турніру, а Ягор Заруба і Мацвей Краўчанка сталі, адпаведна, лепшым бамбардзірам і паўабаронцам. Разам з імі перамогу здабывалі Мацвей Жаваранак, Аляксей Хадан, Глеб Мурашоў, Мацвей Міхаль, Ілья Крахотка, Арцём Кучаронак, Яраслаў Севярын, Леанід Ізмайловіч, Яфім Ігнатовіч. Вялікі дзякуй хачу сказаць і бацькам, якія заўсёды нас моцна падтрымліваюць!”, – зазначае Р.Фядосенка.

У пачатку верасня ўшачане адправяцца ў Мінск. Канечне, нехта скажа, што яны і так “скокнулі вышэй галавы”, бо прадставяць у фінале, напэўна, самы сціплы па колькасці насельніцтва раён. Але ж у іх ёсць выдатны прыклад: прыгаданая вышэй каманда канца 90-х здолела ўзяць бронзавыя медалі. Амбіцый хлопцам не займаць, а фартуна, як мы бачым, раз-пораз бывае і нашай саюзніцай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *