
У перадапошнюю зімовую суботу наш раён зноў стаў эпіцэнтрам вялікіх хуткасцяў і віртуозных манеўраў. Ужо больш 20-ці сезонаў на Ушаччыне збіраюцца аўтагоншчыкі, каб атрымаць сваю порцыю адрэналіну і парадаваць гледачоў яркім відовішчам.
Сёлета ж у апошніх быў выбар, бо апроч традыцыйнага этапу па ралі-спрынце Беларуская аўтамабільная федэрацыя прывезла ва Ушачы і новы від: аўтаслалам. Спаборніцтвы майстроў фігурнага ваджэння на асфальтавым пакрыцці ў Беларусі ладзяцца пастаянна, а вось іх зімовы варыянт праводзіўся толькі ў другі раз. Вядома ж, заезды па снежна-лядовай трасе больш складаныя і непрадказальныя – а значыць, цікавыя.

Як і большасць гледачоў, прыехалі мы на былы аэрадром ля Кублішчына ў рангу дылетантаў, а таму далучыліся да групы людзей, якія жыва абмяркоўвалі нюансы гонкі і яўна былі “ў тэме”. Сям’я Лабачовых з Мінска ахвотна патлумачыла нам правілы фіналу спаборніцтваў. Па два гоншчыкі адначасова стартуюць на дзвюх аднолькавых дыстанцыях на аўтамабілях арганізатараў і маюць задачу як мага хутчэй пераадолець трасу, аб’ехаўшы конусы і “выпісаўшы” належныя фігуры. Памяняўшыся машынамі, спартсмены робяць яшчэ адзін заезд, а час падсумоўваецца з улікам штрафных хвілін за парушэнні (напрыклад, за адну збітую фішку дадаецца 2 секунды). Пераможца выходзіць у наступны раунд.
У знак удзячнасці за такі экскурс мы ўступілі ў фан-клуб Сцяпана Лабачова, які збіраўся неўзабаве выйсці на старт. 16-гадовы дэбютант (менавіта з гэтага ўзросту можна заяўляцца ў залік дарослых) рэальна ацэньваў свае шансы ў барацьбе з вопытнымі гоншчыкамі, аднак першы заезд з нашай гучнай падтрымкай правёў выдатна! Ды ўсё ж снежная траса праявіла сваё каварства: на развароце перад фінішам юны экстрэмал крыху не разлічыў траекторыю і заграз у сумёце. Зрэшты, яго бацькі не засмуціліся і дружна пабеглі дапамагаць арганізатарам выцягваць Mitsubishi, якому ў гэты дзень хапіла выпрабаванняў.
Хоць не трапіў Сцёпа на п’едэстал – гонкі нам спадабаліся! Перамогу ж тут атрымаў віцябчанін Аляксей Шэндзюкоў, які ў аўтаспорце амаль 20 год і мае шмат розных тытулаў. Пазнаёміліся мы і з 14-гадовай мінчанкай Жэняй Шахавец, якая заваявала “бронзу” ў заліку юніёрак. “Цалкам падтрымліваем захапленне дачкі! Магчыма, яно нехарактэрнае для дзяўчат, але выхоўвае дысцыпліну, уважлівасць і іншыя карысныя якасці. Дарэчы, ва Ушачах мы ўжо чацвёрты раз, прыязджаем на кожны фестываль, каб выступіць у картынг-слаламе”, – падзялілася з намі маці гоншчыцы Вольга.
Ну а ў заездах ралі-спрынта вынік аказаўся прадказальным – зорны Сяргей Вязовіч, штурманам у якога ў гэты раз была дачка Анастасія, апярэдзіў бліжэйшых праследавацеляў аж на тры мінуты. А вось жонцы мэтра аўтагонак Марыі Вязовіч у гэты раз давялося шукаць сабе месца ў штурманскім крэсле іншага экіпажа – разам з пілотам Уладзімірам Горлачам яны хоць і не трапілі на п’едэстал, але паспяхова прайшлі ўсе спецучасткі.

Зрэшты, афіцыйныя вынікі этапу будуць падведзены пазней, таму цырымонію ўзнагароджання ў суботу мы не ўбачылі. Затое пачулі шмат добрых слоў у адрас усіх службаў, якія былі задзейнічаны ў правядзенні мерапрыемства. Так, трасу для аўтаслалама ўшачане пачалі рахтаваць амаль за тыдзень да гонак, бо трэба было не толькі расчысціць вялікую пляцоўку, а і правільна ўтрамбаваць снежнае покрыва.
Віктар СТЭЛЬМАХ, гаспадар аграэкасядзібы “Апельсін”:
“З задавальненнем паглядзеў заезды па аўтаслаламе: спаборніцтвы цікавыя і відовішчныя! Увогуле вельмі прыемна, што ў нашым раёне праводзіцца столькі спартыўных мерапрыемстваў, гэта моцна спрыяе рэкламаванню вялікага турыстычнага патэнцыялу Ушаччыны”.
“Дзякуючы садзейнічанню Ушацкага райвыканкама, адказнай і ўмелай рабоце прадстаўнікоў ДРБУ-105, УП ЖКГ, лясгаса, медыкаў, супрацоўнікаў райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, валанцёраў спаборніцтвы прайшлі зладжана і без эксцэсаў, і мы ў чарговы раз упэўніліся, што ў свой час не памыліліся, абраўшы для правядзення мерапрыемстваў ваш раён”, – падкрэсліў старшыня Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Аляксандр Зайцаў.
У сваю чаргу кіраўнік спартыўнай галіны раёна Сяргей Ціханёнак запэўніў, што Ушаччына заўжды будзе вітаць і падтрымліваць падобныя годныя пачынанні.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
