Наш зямляк Генадзь Пятровіч Броўка – вядомы беларускі фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар – у маі адзначыў 75-гадовы юбілей. І нягледзячы на значную лічбу ў пашпарце, гэты ўнікальны чалавек працягвае плённа працаваць на карысць айчыннай навукі на пасадзе галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі фізіка-хімічнай механікі прыродных дысперсных сістэм Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, якая займаецца навуковымі даследаваннямі, што дазваляюць атрымліваць у тым ліку і хуткі гаспадарчы эфект.
Плённы ўдзел ва ўсёй гэтай значнай рабоце Генадзя Пятровіча Броўкі і яго калег не застаецца незаўважаным. Сёлета да вялікага пераліку ўзнагарод нашага земляка дадалася Ганаровая грамата Прэзідыума НАН Беларусі, а Інстытут прыродакарыстання, які ўзначальвае доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Лысенка, занесены на Дошку гонару Акадэміі навук.
Каб дамы стаялі, шахты працавалі
“Айчынная навука павінна рухаць эканоміку. Гэта значыць, павінен быць канкрэтны вынік, адчувальны для дзяржавы і людзей”, – прыведзены тэзіс кіраўніка краіны з’яўляецца арыенцірам для навукоўцаў.
І менавіта з прыкладнога аспекта дзейнасці лабараторыі мы пачалі размову з нашым земляком – папрасілі спрошчана, без спецыяльнай тэрміналогіі расказаць пра яе актуальныя напрамкі. “У ліку іншых мы даследуем працэсы, якія адбываюцца пры прамярзанні парод. Як вядома, для здабычы з нетраў карысных выкапняў трэба пабудаваць шахтны ствол для абслугоўвання падземных работ. Аднак у пластах зямлі залягаюць грунтовыя воды, і каб яны не перашкаджалі, прылеглыя ўчасткі спачатку замарожваюць, а потым бетануюць. Вядома ж, усе гэтыя тэхналагічныя аперацыі трэба грунтоўна падрыхтаваць – наша лабараторыя на навуковай аснове распрацавала метады разліку і мадэлявання. Мы займаемся адпаведнымі праектамі для здабычы калійнай солі ў Беларусі, а таксама выйграем тэндары на даследчыя работы для расійскіх кампаній. Канечне, вельмі прыемна, што пры вялікай канкурэнцыі заказчыкі аддаюць перавагу менавіта нам. Усе ведаюць: беларуская навуковая марка – гэта высокі і надзейны ўзровень”, – падкрэслівае Генадзь Пятровіч.
Шахтныя ствалы “Беларуськалія” дасягаюць 700-800 метраў. А, напрыклад, у расійскім Паўночнаўральску, дзе здабываюць баксіты, знаходзіцца шахта глыбынёй паўтара кіламетра.
Але не толькі пры будаўніцтве шахт запатрабаваны распрацоўкі нашай лабараторыі. У Расіі зараз актыўна развіваюць арктычны накірунак. Значная частка тэрыторыі краіны знаходзіцца ў зоне вечнай мерзлаты, і пры ўзвядзенні там збудаванняў трэба ўлічваць розныя аспекты цепламасапераносу ў грунтах і горных пародах – напрыклад, так званыя “марозныя пучэнні” – працэсы, што з цягам часу могуць сапсаваць будынкі. Адпаведнай тэме была прысвечана нядаўняя міжнародная навуковая канферэнцыя, запрашэнне на якую атрымаў і Г.Броўка.
Скарбніца навуковай інфармацыі
Але перанясёмся зараз на супрацьлеглы полюс – Паўднёвы. Напэўна, многія нашы чытачы чулі пра тое, што ў Антарктыдзе ёсць станцыя, дзе беларускія вучоныя праводзяць унікальныя даследаванні. Аднак тое, што да гэтага праекту мае непасрэднае дачыненне Генадзь Броўка, відавочна, будзе цікавай навіной.
“Самому мне, на жаль, на ледзяным кантыненце пабываць не давялося – вось каб нарадзіўся хаця б год на 15 пазней, дык абавязкова б туды трапіў! – жартуе наш суразмоўца. – Затое ў складзе 16-й айчыннай экспедыцыі, што завяршылася ў сакавіку 2024 года, быў вядучы навуковы супрацоўнік нашай лабараторыі кандыдат геолага-мінералагічных навук Андрэй Мурашка, навуковым кіраўніком якога для выканання задання я з’яўляюся. Ён праводзіў маніторынг энергамасаабмену ў пластах зямной паверхні, які патрэбны для ацэнкі змяненняў тэмпературнага рэжыму і развіцця геалагічных працэсаў, займаўся іншымі даследаваннямі. Да слова, даныя з самага паўднёвага мацерыка паступаюць да нас і дыстанцыйна, бо там устаноўлены аўтаматычныя прыборы – логеры. Атрыманая інфармацыя аналізуецца ў лабараторыі для складання праграмы далейшага асваення Антарктыды”, – распавядае Г.Броўка.
Што ўяўляе сабой антарктычная станцыя, як наладжаны быт палярнікаў і ўвогуле, чаму для Беларусі важна прысутнічаць у такім далёкім месцы? Мы папрасілі расказаць пра гэта больш падрабязна.
Даследаванні ў Антарктыдзе Беларусь праводзіць з 2006 года, калі нашым палярнікам была перададзена савецкая палявая база ля гары Вячэрняя – з таго часу на ёй пабывала 17 навуковых экспедыцый. Каб тут маглі жыць людзі, маецца дызель-электрастанцыя, сістэма водазабеспячэння, снегаходная і іншая тэхніка, пры гэтым палярнікі займаюцца не толькі навуковай работай, а і далейшым будаўніцтвам станцыі. Так, апошняя экспедыцыя, што працавала ў Антарктыдзе амаль паўгода і вярнулася ў Мінск у красавіку, правяла мантаж кают-кампаніі, якая будзе служыць сталовай і месцам для агульнага збору.

Умовы на ледзяным кантыненце вельмі суровыя – нездарма падобным экспедыцыям надаецца амаль такое ж значэнне і статус, як касмічным палётам. Нагрузкі на арганізм тут не саступаюць арбітальным – моцныя маразы, вятры ды і работа, звязаная з будаўніцтвам модуляў, – фізічна складаная. І калі ў Беларусі ёсць свая жанчына-касманаўт, то на антарктычнай станцыі дзяўчаты пакуль не пабывалі. Слупок тэрмометра тут можа апускацца да 60-70 градусаў. Палярнікі расказваюць, што пры падобных тэмпературах вельмі цяжка дыхаць, абавязкова трэба закрываць твар, бо ад халоднага паветра можа развіцца запаленне лёгкіх. Яны носяць спецыяльныя касцюмы, унты, ахоўныя акуляры, скуру апрацоўваюць крэмамі. Зрэшты, яшчэ горшая тутэйшая прыродная з’ява – павышэнне тэмпературы да плюсавых лічбаў: адліга размывае трасы для снегаходаў, прыводзіць да розных форс-мажораў – у тым ліку масавай гібелі пінгвінаў.
Прысутнасць Беларусі на гэтым кантыненце – справа стратэгічная. Тэрыторыя Антарктыкі юрыдычна не належыць ніводнай з дзяржаў, але каля паўсотні краін далучыліся да адмысловага дагавору і маюць тут свае інтарэсы, бо Антарктыда – скарбніца навуковай інфармацыі.
Гэты рэгіён называюць “кухняй надвор’я”, бо тут фарміруецца клімат планеты. На падставе даследаванняў рыхтуюцца таксама распрацоўкі ў сферы экалогіі, біялогіі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. Да прыкладу, тут існуюць мікраарганізмы, прыстасаваныя да холаду і моцнага ультрафіялетавага выпраменьвання – навукоўцы змаглі вырасціць падобныя ў беларускіх лабараторыях і на іх базе распрацавалі біяпрэпараты для аховы раслін. У неспрыяльных умовах Антарктыкі праходзяць апрабацыю новыя прыборныя комплексы, прамысловыя вырабы, матэрыялы і методыкі, створаныя ў Беларусі. У час нядаўняй экспедыцыі нашы палярнікі бралі ўдзел у даследчых паходах у цяжкадаступныя горныя раёны кантынента і ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі ўзнялі на полюсе холаду Зямлі, што знаходзіцца на станцыі “Усход”, Дзяржаўны сцяг нашай краіны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
У рамках дзяржпраграмы “Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” на 2021-2025 гады рэалізуецца падпраграма “Развіццё дзейнасці беларускай антарктычнай станцыі”, што сведчыць пра асаблівае навукова-практычнае значэнне гэтага рэгіёну для нашай краіны.