Объявлен смотр-конкурс идеологической работы

Официально

Аб’яўлены абласны агляд-конкурс на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах. Адпаведнае рашэнне прынята Віцебскім аблвыканкамам 28 снежня 2011 года. Падрабязна аб конкурсе і ўмовах яго правядзення нам расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ушацкага райвыканкама В.М.ЗАХАРЭНКА.

– Вольга Мікалаеўна, скажыце, калі ласка, хто з’яўляецца арганізатарам конкурсу і ў якой форме ён праводзіцца?

– Гэта штогадовы конкурс, які праводзіцца ў два этапы (раённы і абласны). Яго арганізатарамі з’яўляюцца ўпраўленне ідэалагічнай работы аблвыканкама і адпаведныя аддзелы гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў. Імі ствараюцца камісіі, якія ацэньваюць стан ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах вобласці на аснове ацэначных паказчыкаў і крытэрыяў па 10-бальнай сістэме. Пры падвядзенні вынікаў кожнага этапу балы складваюцца.

– Патлумачце, якія працоўныя калектывы прымаюць удзел у конкурсе, і раскажыце больш падрабязна пра яго этапы.

– У першым этапе прымаюць удзел працоўныя калектывы вобласці, якія ажыццяўляюць дзейнасць у наступных сферах: прамысловасць; будаўніцтва; сельскагаспадарчая вытворчасць; транспарт і сувязь; жыллёва-камунальная гаспадарка; гандаль і бытавое абслугоўванне; ахова здароўя і аздараўленне; вышэйшая, сярэдняя спецыяльная і прафтэхадукацыя; агульная сярэдняя адукацыя; культура; банкаўская сфера. Па выніках першага (раённага) этапу вызначаецца адзін пераможца ў кожнай сферы дзейнасці, які набраў максімальную колькасць балаў. Звесткі аб пераможцах прадстаўляюцца ў абласную камісію да 1 лютага года, які ідзе за справаздачным, пасля чаго пачынаецца другі этап. Ён праводзіцца да 15 лютага года, які ідзе за справаздачным. Абласная камісія вывучае стан ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, прызнаных лепшымі на першым этапе, і вызначае пераможцу конкурсу ў кожнай сферы дзейнасці, які набраў максімальную колькасць балаў.

– Па якіх паказчыках ацэньваюцца ўдзельнікі?

– Іх цэлы шэраг. Па-першае, гэта выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў развіцця арганізацыі і іх ідэалагічнае забеспячэнне – наладжванне спаборніцтваў, конкурсаў прафесійнага майстэрства, распаўсюджванне перадавога вопыту, развіццё настаўніцтва.

Наступны паказчык – стан працоўнай дысцыпліны і супрацьпажарнай бяспекі. Крытэрыі ацэнкі – наяўнасць куткоў па ахове працы і пажарнай бяспецы, работа камісій па барацьбе з п’янствам, па працоўных спрэчках, садзейнічанні сям’і і школе і г.д.

Ацэньваецца ўдзел кіраўнікоў у сходах працоўнага калектыву, арганізацыя асабістага прыёму грамадзян, улік і кантроль іх зваротаў. У дзейнасці кіраўнікоў структурных падраздзяленняў будзе ацэньвацца не толькі іх удзел у ідэалагічнай рабоце ў працоўных калектывах, але і выступленні па месцы жыхарства, у сродках масавай інфармацыі, асабісты ўдзел у культурна-масавых, спартыўных і іншых мерапрыемствах.

Важны паказчык – планаванне і выкананне інфармацыйна-ідэалагічнай работы, справаздачнасць, справаводства. Тут будзе ўлічвацца наяўнасць планаў ідэалагічнай работы, якасць складання справаздач.

У цэнтры ўвагі будзе работа інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, вядзенне кнігі заўваг і прапаноў, кантроль за рэагаваннем на прапановы і крытычныя заўвагі.

Таксама важны паказчык – дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў (прафсаюзных, жаночых, маладзёжных, ветэранскіх і іншых). Будзе ацэньвацца іх уплыў на маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, рашэнне сацыяльна-эканамічных задач, адстойванне інтарэсаў членаў калектыву.

Будзе ацэньвацца ўдзел у раённых (гарадскіх) грамадска-палітычных, культурных і спартыўных мерапрыемствах, правядзенне ў арганізацыі мерапрыемстваў з нагоды дзяржаўных і прафесійных свят, прапаганда здаровага ладу жыцця. Вітаецца наяўнасць уласных калектываў мастацкай самадзейнасці і спартыўных секцый.

Вялікая ўвага надаецца афармленню нагляднай агітацыі і інфармацыйных стэндаў – наяўнасць дошак гонару, паведамленняў і загадаў кіраўніцтва, афармленне і ўзнаўленне інфармацыі на стэндах прафсаюзнай арганізацыі і БРСМ, выкарыстанне дзяржаўнай і рэгіянальнай сімволікі.

Яшчэ адзін паказчык – наяўнасць бібліятэкі, падшывак газет, выкананне задання па падпісцы на друкаваныя СМІ, наяўнасць арганізатараў падпіскі.

Будзе звяртацца ўвага на работу ў інтэрнатах (наяўнасць і дзейнасць выхавальнікаў, работа аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, наглядная агітацыя, культурна-масавыя мерапрыемствы).

Ацэньваецца стварэнне сацыяльна-бытавых умоў для членаў калектыву, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Наяўнасць сталовай або месца для прыёму ежы, медыцынскага пункту, месца для пераапранання, душавых, трэнажорнай залы, музея гісторыі арганізацыі, афармленне актавай залы, пакоя адпачынку і г.д.

І, урэшце, апошні паказчык – наяўнасць у арганізацыі ўласных друкаваных і электронных СМІ, іх тыраж і наведвальнасць.

– Як і калі будуць падводзіцца вынікі агляду-конкурсу?

– Кожнаму пераможцу будзе ўручаны дыплом і грашовая прэмія ў памеры 30 базавых велічынь. Узнагароджанне пройдзе ва ўрачыстай абстаноўцы і будзе асвятляцца ў друку.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *