Лучшие хоккеисты райцентра посоревновались на неофициальном чемпионате района

Cпорт

У мінулыя выхадныя, калі лепшыя прафесіяналы мацнейшых на планеце Нацыянальнай і Кантынентальнай хакейных ліг радавалі прыхільнікаў сваім майстэрствам падчас правядзення “зорных” уік-эндаў, ушацкія аматары лядовых баталій правялі свой невялікі турнір, які насіў статус неафіцыйнага чэмпіянату раёна і сабраў амаль усіх лепшых хакеістаў райцэнтра.

І няхай ніхто з іх гэтым суровым відам спорту не займаўся ўсур’ёз, але многія з удзельнікаў турніру акрамя канькоў і клюшкі маюць і іншую хакейную экіпіроўку. Таму, напрыклад, увесь склад каманды “Ветэран” можна смела адносіць да “прафесійных” аматараў – Фёдар Ланцунцэвіч, Віталь Банеўскі, Уладзімір Аўдошка даўно сябруюць са спортам у цэлым і з хакеем у прыватнасці. Тое ж датычыцца і прыехаўшых іх падтрымаць сталічных “легіянераў” – Леаніда Севярына і Сяргея Фаміна. У складзе каманд, якія ім супрацьстаялі, таксама выйшлі на лёд заўзятыя аматары хакею – за “Драконаў” гулялі Пётр Шамровіч і Уладзімір Цвяцінскі, а каманда “Юніёр”, у адрозненне ад ветэранскай, не зусім адпавядала сваёй назве, бо акрамя моладзі за яе выступалі Віктар Лук’яненка і Валерый Гугін.

Гэты сплаў маладосці і вопыту дапамог апошняй дружыне стаць пераможцам турніру. Нават улічваючы тое, што гульні праходзілі не на ўсёй плошчы новай вялікай пляцоўкі, а працягласць іх замест стандартных 60 была скарочана да 30 хвілін, вельмі няпроста прыйшлося ў сустрэчах з менш узроставымі камандамі ветэранам, якія ў выніку саступілі ў абедзвюх сустрэчах. Паядынак жа “Драконаў” з “Юніёрам” ператварыўся па сутнасці ў фінальны, а зыход вырашыла адна закінутая шайба – 3:4.

Каманда-пераможца ўзнагароджана каштоўным падарункам, прызёры – дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. А лядовую пляцоўку пасля завяршэння турніру запоўнілі юныя хакеісты, якія ў хуткім часе  вызначаць мацнейшую каманду у раённых спаборніцтвах “Залатая шайба”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *