Аграрии «Ильюшинского» лидируют по темпам уборочной

Сельское хозяйство

“Мы поўнасцю выканалі дзяржзаказ і нават перавыканалі на 97 тон па пшаніцы і на 10 па жыце”, – адразу падзяліўся прыемнымі навінамі галоўны аграном ААТ “Ільюшынскі” С.А.Белагрыўцаў.

Гэта пакуль першая гаспадарка, якая разлічылася з дзяржавай, значыць закрыла выдадзеныя раней авансы і можа разлічваць на выплаты. Важна, што зроблена гэта рацыянальна, па-гаспадарску. Аддавалі не з-пад камбайнаў, а даведзеным да кандыцыі да 14 градусаў – без спісання працэнтаў. А самавываз быў аператыўна наладжаны прыёмшчыкам – Полацкім камбінатам хлебапрадуктаў, што не замінала абароту на зернетаку. Граматнае размеркаванне абавязкаў, асабліва пры дэфіцыце работнікаў – палова ў любой справе. А з кадрамі ў гаспадарцы сапраўды няпроста.

Р.Літвін, В.Ключонак.

З вялікай кагорты камбайнераў-прафесіяналаў у “Ільюшынскім” застаўся толькі Васіль Калітуха. З вадзіцеляў на адвозцы – толькі яго сын Мікіта. Астатнія – шэфы з прадпрыемстваў раёна і нават вобласці, а гэта значыць, што многіх трэба вучыць з нуля. Як Васіля Ключонка з раёна электрасетак.

“Ніколі з такой тэхнікай спраў не меў, нават у юнацтве памочнікам не працаваў, а паколькі катэгорыі і допускі ўсе – накіравалі на дапамогу. Цікава вучыцца новаму. Васіль Калітуха падказвае і Руслан Літвін. Хоць і маладзейшы за мяне, лічу сваім настаўнікам, бо ён ужо другі год на ўборачнай і нюансы ведае”, – паказвае энергетык на калегу з раённай бальніцы. А галоўны аграном тым часам экзаменуе “педагога” ў тэорыі: “На якім паказчыку “вецер” пастаўлены? З якой хуткасцю рухаецеся?” Такія пытанні паўсталі невыпадкова – Сяргей Аляксандравіч заўважыў у саломе каласкі аўсу. “Вецер” (матор, што выдзімае са збожжа смецце) трэба ставіць на 500-600 абаротаў, пры большых і зярняты выганяе. Ды і лётаць па полі таксама не варта – не захопіць колас. Ураджай жа неблагі вырас, нельга губляць”, – тлумачыць аграном.

Рэкордную па гаспадарцы ўраджайнасць “Ільюшынскаму” прынёс авёс – 29,2 цэнтнера на круг і азімы ячмень – 29,1, жыта – 23,2, пшаніца – 19,3.

Наколькі важная такая вучоба? Вельмі. Бо канчатковы ўраджай у многім залежыць ад свядомасці камбайнераў. Гэта раней непасрэдна на полі былі брыгадзіры ці іншыя замацаваныя работнікі, якія сачылі за якасцю, зараз з-за таго ж кадравага голаду ўсё на сумленні механізатараў. Добра, калі яно спрацоўвае як, напрыклад, у Васіля Ключонка. Хвілінамі пазней, праехаўшы некалькі метраў, ён спыніў агрэгат. Думалі, нешта здарылася. Аказалася, захацеў праверыць салому пасля карэкціроўкі “ветру”. “Вельмі непрыемна, калі заўвагі робяць, я не прывык халтурыць, таму і глядзеў, ці спрацавала парада. А ўвогуле жніво мне вельмі падабаецца”, – усміхнуўся энергетык, баявога каня якому таксама рыхтавалі калегі з прадпрыемства.

На адвозцы – вадзіцель Віцебскай ТЭЦ А.Баранаў і М.Калітуха.

Трыа праз гадзіну завершыць уборку аўсу за Азаранкамі, Станіслаў Малахаў і Аляксандр Харак ужо выбраліся з нізіны за Ліпаўцом на шашу і едуць на стан, мы ж працягваем рэйд па палях, каб вызначыць, куды надалей накіруецца тэхніка. А пойдзе яна на Старое Сяло пад Вацлавова на яравую пшаніцу. Залатая ніва пакуль чыстая і роўная, без каласкоў-выскачак, што ўказвае на высокую рэпрадукцыю, хіба што з рэдкімі зялёнымі “пралысінамі”. Але задажджыць – і зеляніна хутка праглыне і залаты колер, і палову ўраджаю. Чым бліжэй восень, тым большыя страты – аксіёма, правераная часам.

С.Белагрыўцаў.

“Ведаеце прыкмету спеласці збажыны? – экзаменуе С.Белагрыўцаў на гэты раз ужо мяне. – Калі каласы нахілілі галовы – значыць гатова, калі яшчэ горда трымаюць іх на сцябліне – значыць ранавата”, – між тым аграном прымяняе і дадатковы дзедаўскі метад – на зуб, кажа, што не пашкодзіла б крыху пачакаць, аднак потым будзе горш. Стаўку гаспадарка рабіла менавіта на пшаніцу, абапіраючыся на практыку папярэдніх гадоў: амаль па 500 гектараў азімай і яравой. Аднак першая сёлета “не выстраліла”, паказаўшы сярэднія 20 цэнтнераў з круга. “Не дакармілі”, – рэзюмуе аграном, які хоць у гаспадарцы ўсяго два тыдні, аднак выдатна знаёмы і з палямі, і з тэхналогіяй, бо зусім нядаўна курыраваў усё раслінаводства ў раёне. Угаварылі былога спецыяліста райсельгасхарча адарвацца ад хатніх спраў і падставіць плячо, і ён ужо клапоціцца пра будучы задзел: фуражную пшаніцу мяняюць на “эліту” ў талачынскай насенняводчай гаспадарцы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *