На базе КУСХП «Глыбочаны» прошел животноводческий семинар с участием руководителей, зоотехников и ветврачей сельхозпредприятий

Сельское хозяйство

На базе КУСГП “Глыбачаны” прайшоў жывёлагадоўчы семінар, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі, заатэхнікі і ветурачы сельгаспрадпрыемстваў, а таксама ветстанцыі. Названая гаспадарка была абрана невыпадкова – у ёй аднымі з першых закупілі прэпараты і прыступілі да аднамомантнага запуску кароў. Гэтаму метаду, які ўпершыню прымяняецца ў раёне на звычайных жывёлагадоўчых аб’ектах, і прысвячаўся семінар, а таксама лячэнню гінекалагічна хворых кароў.

Прадукцыйнасць нашых дойных статкаў застаецца вельмі нізкай, і адна з асноўных прычын гэтага – хваробы жывёлы. Самыя распаўсюджаныя з іх – мастыты, якія і развіваюцца часцей за ўсё ў перыяд запуску жывёлы. У гэты час малочныя залозы адчуваюць празмерную нагрузку, адсарбіруюць не толькі малако, але і адміраючыя клеткі, спыняецца адток бактэрый і развіваецца запаленчы працэс. Любы прыватны гаспадар, нават пры належным доглядзе толькі за адной буронкай, і тое абавязкова сутыкаўся з гэтай праблемай. А калі іх сотні… Аднамомантны запуск дазваляе бяспечна перавесці лакціруючых кароў у групу сухастою і адначасова прафілактаваць узнікненні мастытаў.

Вось і знаёміў начальнік ветстанцыі М.Ю.Вішнеўскі спецыялістаў з тэхналагічным прыёмам, які, дарэчы, ужо каля года тэсціруюць ва УП “Сафійскія дары”. За 50-60 дзён да расцёлу спыняюць раздачу сакавітых і лактагонных кармоў, да самага запуску карову дояць так жа, як у сярэдзіне лактацыі (не скарачаючы ні кратнасць, ні аб’ём здойвання), а за дзень да яго абавязкова праводзіцца дыягностыка вымя на схаваны мастыт. Пры яго выяўленні жывёлу абавязкова пралечваюць і працягваюць даіць. У дзень запуску адразу пасля апошняй дойкі ў кожную чвэрць вымя ўводзяць спецыяльны прэпарат, заснаваны на антыбіётыку шырокага спектру дзеяння, які блакуе развіццё патагеннай мікрафлоры ў малочных залозах. Мікалай Юр’евіч падкрэсліў, што рабіць гэта, як і наогул лячыць хворую жывёлу, павінны толькі ветэрынарныя ўрачы гаспадарак ці ветстанцыі. Як робіцца аднамомантны запуск, на прыктыцы прысутным паказала ветурач КУСГП “Глыбачаны” Алеся Дзенісёнак. Дырэктар гаспадаркі Аляксей Віктаравіч Ладноў расказаў пра выпуск жывёлагадоўчай прадукцыі, у прыватнасці, тут на 111 працэнтаў выканана даведзенае заданне і па надоях, і па прывагах. Ветурач па спецыяльнасці, ён і быў ініцыятарам прымянення ў гаспадарцы новага метаду.

Аднамомантны запуск паспяхова прымяняецца на комплексах з даільнымі заламі, дзе асобна ствараюцца цэхі сухастойных кароў і адпаведныя ўмовы іх утрымання. Хоць і неабходна закупляць медпрэпараты, прыём тым не менш прыносіць выгаду: эканомяцца сродкі на працяглае лячэнне, а таксама ад утылізацыі малака хворых кароў. Найбольш рэнтабельны ён на статках, якія даюць больш 3 тысяч літраў малака. Як расказаў ветэрынарны ўрач УП “Сафійскія дары” Антон Муша, сярод сотні галоў, пераведзеных у запуск новым метадам, практычна няма хворых. І справа не толькі ва ўздзеянні антыбіётыка, а і ў тым, што статак не пакінуты на водкуп даяркам – менавіта ўрач перад запускам аглядае кожную рагулю.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *