Ушачане приняли участие в мероприятиях, посвящённых Дню народного единства

Главное

17 верасня ўзнёслае свята аб’яднала беларусаў ва ўсіх куточках краіны – Дзень народнага адзінства за зусім непрацяглы час свайго існавання паспеў пакарыць сэрцы нашых землякоў і стаў па-сапраўднаму народнай урачыстасцю.

“Чаму я прыняў рашэнне, каб гэтае свята было? Таму што адзінства – гэта элемент і паказчык нашай незалежнасці”, – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сваёй пранікнёнай прамовы на рэспубліканскім маладзёжным форуме “Моладзь. Беларусь. Будучыня”.

Маштабная імпрэза, што стала цэнтральнай падзеяй святочнага дня, сабрала ў сталічным Палацы спорту прадстаўнікоў пакалення, якому ў бліжэйшы час давядзецца працягваць абраны народам курс.

І невыпадкова маладое дзяржаўнае свята Прэзідэнт краіны правёў з маладымі суайчыннікамі.
Аляксандр Лукашэнка прыгадаў, што ў 1921-м Беларусь стала разменнай манетай у палітычных змовах і была па жывым рассечана на дзве часткі, таму падзеі верасня 1939-га варта лічыць актам гістарычнай справядлівасці.

“Мы вярнулі тое, што ў свой час было аддадзена Захаду без нашага ведама, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Гэта наша земля. Формула, пакуль я ва ўладзе, адна: чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім”.

Сярод удзельнікаў форуму былі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў – у тым ліку і ўшацкая моладзь (на здымку). Атмасфера ў Палацы спорту была настолькі ўзнёслай і ўрачыстай, што нават Анастасія Гатаўская, у якой ёсць вопыт удзелу ў пасяджэннях Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, не хавала захопленых эмоцый: “Гісторыя паказвае, што вельмі важна захоўваць адзінства ўлады і народа, старэйшых і малодшых пакаленняў. У Беларусі ёсць усё, каб паспяхова развівацца, у тым ліку і моцны лідар, які сёння ў чарговы раз усіх уразіў сваёй шчырасцю, мудрасцю, уменнем пераконваць. На нас, маладых, робіцца вялікая стаўка – мы гэта разумеем і пастараемся не падвесці!”.
Вядома ж, не з робкага дзясятка супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Сухастаўскі, аднак прызнаўся, што ўвачавідкі назіраць за прамовай Прэзідэнта было не менш хвалююча, чым імчаць па раёне на трывожны выклік. Вось якімі разважаннямі падзяліўся ён пасля форуму: “У буднях выратавальнікаў надзвычай важныя ўзаемная падтрымка і зладжанасць, прытым што паспяховае вырашэнне задачы залежыць ад граматных і ўпэўненых дзеянняў кожнага члена баявога разліку. Тое ж самае адбываецца і ў грамадстве, таму нам вельмі важна быць аб’яднанымі агульнай мэтай і дакладна выконваць сваю справу”.

Упершыню стала ўдзельніцай падобнага дзейства і Вікторыя Малак: “Мяне ўсё вельмі ўразіла: можна сабе ўявіць, колькі трэба намаганняў, рэпетыцый, каб падрыхтаваць такую праграму, колькі людзей аб’ядналіся для гэтага ў адну творчую каманду. Калі мы дзейнічаем супольна, нам усё па плячы! Беларусам абавязкова трэба быць разам, каб дасягаць новых вышынь і ў культуры, і ва ўсіх іншых сферах”.

Вельмі маштабным атрымаўся і абласны патрыятычны форум “Час выбраў нас. Сіла ў адзінстве”.

На трыбунах Летняга амфітэатра, які вось ужо 35 год кожны ліпень збірае на гасціннай віцебскай зямлі аматараў розных напрамкаў творчасці з усяго свету, у гэты раз аб’ядналіся прадстаўнікі працоўных калектываў, актывісты грамадскіх арганізацый, палітычных партый з рэгіёнаў Прыдзвіння. Ля галоўнай канцэртнай пляцоўкі вобласці разгарнулася маштабная экспазіцыя, прысвечаная святу. Неверагодная атмасфера панавала і ў самім амфітэатры.

“Дзень народнага адзінства – гэта не толькі дата ў календары. Гэта гісторыя аб тым, як у самыя цяжкія часы нашы продкі ўмелі адкласці спрэчкі, забыць дробныя крыўды і ўстаць поплеч дзеля будучага. Гэта вялікая сіла. Мы ўсе тут розныя, але нас аб’ядноўвае галоўнае – любоў да сваёй зямлі і адказнасць перад тымі, хто жыў да нас, і тымі, хто прыйдзе пасля. Мы хочам бачыць сваю краіну моцнай, справядлівай і свабоднай, і гэта магчыма толькі тады, калі мы дзейнічаем разам”, – звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, зазначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.

“Уразіла тое, як вялікая зала амфітэатра, дзе сабраліся людзі з розных раёнаў, з рознымі характарамі і звычкамі, літаральна з першага моманту згуртавалася ў адзінае цэлае, як шэсць тысяч чалавек стоячы спявалі: “Час выбраў нас!”. Было вельмі прыемна бачыць сябе часцінкай гэтага гучнага і моцнага зводнага хору актывістаў Прыдзвіння. Адчувала гонар ад таго, што належу да грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” і разам з сябрамі-аднадумцамі магу рабіць яшчэ больш годных спраў у імя росквіту роднай краіны”, – падзялілася сваімі ўражаннямі ўдзельніца ўшацкай дэлегацыі Ганна Бугай.

 

Крэатыўна і масава святкавалі Дзень народнага адзінства і на Ушаччыне.

У арганізацыях, установах адукацыі ладзілі тэматычныя чэленджы, здымалі віншавальныя ролікі, у святочную кампанію ўключыліся нават малышы ў дзіцячых садках.
З самага ранку пачаліся мерапрыемствы ва Ушацкай школе – вучняў аб’яднала агульная зарадка “Добрай раніцы, Беларусь!”, падчас акцыі “Роднае-народнае” яны папулярызавалі дзяржаўную сімволіку, на Адзіным уроку, прысвечаным святу, разам з намеснікам пракурора раёна Раманам Гурчонкам разважалі на тэму захавання гістарычнай памяці.
Галоўнай жа падзеяй дня стала раённае мерапрыемства, якое ладзілася ў зале дзіцячай школы мастацтваў. Віншаванні ўшачанам адрасаваў старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч, а навучэнцы і выкладчыкі ўстановы падарылі прыгожыя канцэртныя нумары. Узняліся на сцэну і ўшачане, якія папоўнілі рады грамадскага аб’яднання “Белая Русь” – адпаведныя пасведчанні ім уручыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак.

Хоць дажджлівым выдаўся дзень, аднак даўнія сяброўкі Раіса Якаўлеўна Шавярноўская і Людміла Васільеўна Пацэйка прыйшлі са свайго аддаленага мікрараёна, бо не маглі прапусціць адметную ўрачыстасць. “Лічым вельмі правільным тое, што ў нас з’явілася такое цудоўнае дзяржаўнае свята. У цяперашні час стала менш жывых зносін, людзі сядзяць па дамах, бавяць час у тэлефонах і камп’ютарах… Раней было не так! Калі ў пачатку 80-х мы пабудавалі дамы за рэчкай на ўскрайку райцэнтра, усе суседзі адразу наладзілі сяброўства. Мы пастаянна збіраліся разам, дапамагалі адзін аднаму ў гаспадарчых справах, дзяліліся саджанцамі, а як весела адпачывалі! Зрэшты, мы збераглі гэтыя адносіны і зараз. З вышыні пражытых гадоў можам засведчыць, што жыццё становіцца намнога больш поўным і насычаным, калі вакол – сябры, калі справы рабіць грамадой. Дзень народнага адзінства вучыць нашу моладзь калектывізму – і гэта вельмі важна!” – падзялілася разважаннямі ўшачанкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *