Ушачская районная библиотека имени Е.Лось отметила 100-летний юбилей

Общество

Ушацкая раённая бібліятэка імя Е.Лось адсвяткавала 100-годдзе з моманту свайго заснавання. На прыгожае мерапрыемства, што ладзілася ў цэнтры культуры, сабраліся не толькі былыя і сённяшнія работнікі ўстановы-юбіляра, але і іх даўнія сябры, маладыя і сталыя аматары кнігі з усяго раёна.

Урачыстая атмасфера сустракала гасцей ужо ў фае – экспазіцыя з фотаздымкамі кіраўнікоў раённай бібліятэкі, яе рарытэтнымі выданнямі, інфармацыяй пра дасягненні работнікаў і праведзеныя знакавыя мерапрыемствы дазволіла ажыццявіць унікальнае падарожжа па часе. Як падкрэсліў пазней старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч, установа заўсёды была і застаецца не проста месцам з кніжнымі стэлажамі, а жывой прасторай, дзе захоўваюцца тысячы гісторый, пануе асаблівая, ні з чым не параўнальная атмасфера дабра і цеплыні. Сяргей Сцяпанавіч павіншаваў калектыў з векавым юбілеем, уручыў узнагароды, а таксама ключы ад новенькага бібліобуса – сучасны мабільны комплекс хутка адправіцца па населеных пунктах Ушаччыны і дазволіць бібліятэцы стаць яшчэ бліжэй да чытачоў.

Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу, адданасць прафесіі прагучалі таксама ад старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму А.А.Сабіравай, загадчыка сектара культуры райвыканкама Л.М.Шкаруба. Граматамі прафсаюза былі адзначаны загадчыкі сектараў раённай бібліятэкі Ірына Малак і Галіна Талстая, бібліятэкар Таццяна Рацьковіч, мастак-афарміцель Валерыя Касцючэнка, а ўзнагародамі сектара – намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Дунік, метадыст Кацярына Гарадко, бібліятэкар Наталля Ларчанка, бібліёграф Людміла Абадкова, а таксама Галіна Судак, якая шмат гадоў прысвяціла рабоце ў сферы культуры, а зараз працуе прыбіральшчыкам памяшканняў Жарскай бібліятэкі-клуба.

Прыемная нагода падняцца на сцэну была ў гэты дзень і ў даўніх сяброў раённай бібліятэкі. Дыпломы і памятныя падарункі атрымалі пераможцы творчых конкурсаў, арганізаваных да Дня горада і Года беларускай жанчыны сектарам культуры, аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Так, аўтарамі лепшых сачыненняў у розных узроставых катэгорыях сталі пяцікласнік з Ушач Арцём Мурашоў, сямікласніца Вялікадолецкай школы Дар’я Цар, ушачанкі Вікторыя Малак і Тэрэза Крыванос; а самыя цікавыя лічбавыя фатаграфіі нашых зямлячак прадставілі маладыя дзяўчаты Вераніка Хадан, Ксенія Васілеўская і Вікторыя Аноп.

Цёплыя словы ў адрас усіх работнікаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы гучалі ў гэты дзень ад старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ніны Аляксандраўны Васілеўскай, благачыннага Ушацкага благачыння, іерэя Аляксандра Таляронка, а таксама ветэрана бібліятэчнай справы Г.М.Жаланкоўскай.

“Калі пасля заканчэння тэхнікума разам з мужам прыехала на Ушаччыну, у дзіцячай бібліятэцы як раз было свабоднае месца, – прыгадала Галіна Максімаўна. – У той час тут працавалі Ганна Іванаўна Пахілка і Зінаіда Яўгенаўна Жарнасек, якія адразу ўзялі мяне “пад сваё крыло”, многаму навучылі. Тады было ўсё інакш: ніякіх камп’ютараў – усё рабілася ад рукі. Я навучылася прыгожа пісаць, купіла спецыяльнае плакатнае пер’е і пачала афармляць выставы. Калектыў быў выдатны: Зінаіду Яўгенаўну, з якой плённа кантактавалі, лічыла практычна малодшай сястрой, а са старэйшай і патрабавальнай Ганны Іванаўны брала прыклад”.

Усім ветэранам галіны, якія прысутнічалі на ўрачыстасці, былі ўручаны кветкі і памятныя падарункі. Сваё відэавіншаванне даслалі калегам супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.Леніна. Ну а прыгожым дапаўненнем святочнай праграмы па традыцыі сталі нумары ад культработнікаў Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *