Не рекордные, но плюсовые надои к уровню прошлого года получают в «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

Дабрацца ў панядзелак да дойнага статка малочна-таварнай фермы “Селішча”, які дыслацыруецца ля Рыбакоў, аказалася задачай не вельмі простай, не былі б лішнімі і рыбацкія боты.

Дажджы, якія пераўтварылі добрую палявую дарогу ў падабенства ракаднай, канечне, замінаюць – тэхніка наразае каляіны, каровы ў нізінах месяць капытамі пашу ў гразь. Здаецца, не вельмі камфортна і работнікам, якія абслугоўваюць гурт, бо мокры па пояс ужо праз некалькі крокаў па высокім травастоі. “Затое спёку дажджы прыбілі, аваду няма пакуль, выпасваць і даіць жывёлу прасцей, – заўважаюць жывёлаводы. – І па надоях мы прыбаўляем”.

Такая станоўчая дынаміка назіраецца з пачатку пашавага перыяду. Канечне, надоі не рэкордныя, але плюс дасягнуты ва ўмовах адсутнасці канцэнтратаў, што не можа не задавальняць і кіраўніцтва гаспадаркі, і работнікаў. Так, напрыклад, за 15 дзён чэрвеня ў “Агра-Селішчы” ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года надоена малака на чверць больш, удой на карову склаў 10,1 кілаграма супраць 8 у 2019-ым. Трэба адзначыць, што гэта сумарны паказчык МТФ “Селішча” і “Баяршчына”. Калі ж браць у разрэзе асобных ферм, то на апошняй да 10 літраў пакуль не дацягваюць, затое на статку “Селішча”, які мы наведалі ў панядзелак, атрымалі 10,8 літра на карову – лепшы вынік сярод усіх жывелагадоўчых аб’ектаў раёна толькі на комплексе “Завячэлле” філіяла “Маяк-Ушацкі” (13,0). І паказчыкі гэтыя не надуманыя і не прыпісаныя, што пацвярджаецца таварнасцю прадукцыі – за перыяд з 1 па 15 чэрвеня ў “Агра-Селішчы” яна склала амаль 92 працэнты пры сярэднераённым паказчыку 85. У абсалютных лічбах на малочна-кансервавы камбінат здадзена 49,5 тоны малака, гэта, напрыклад, на 5,6 вышэй, чым у КУСГП “Глыбачаны”, дзе пагалоўе дойнага статку значна большае.

– Каля двух тон у дзень зараз атрымліваем, – не перарываючы працэс, расказвае самы вопытны аператар машыннага даення Алена Васільеўна Гугалімская. – Я ўжо пяць год як на заслужаным адпачынку, але дапамагаю гаспадарцы, ды і мне карысць – вялікай пенсіі ў калгасе не зарабіла, так што грошы нялішнія. Моладзь зараз цяжка прыцягнуць да работы даяркай. І справа нават не ў заробках, якія, чаго ўтойваць, невысокія. Складаны графік – на ранішнюю дойку выязджаем на пачатку пятай гадзіны, разумееце, у колькі трэба ўставаць? У абед пачынаем у дванаццаць, вечарам – у васямнаццаць гадзін. Раней дык і дома карову трымала, іншую жыўнасць, а зараз нават і не ўяўляю, як паспявала – мабыць, маладзейшая была, цяпер “развароты” ўжо не тыя…

На перасоўнай дойцы – дванаццаць апаратаў, якія абслугоўваюць тры даяркі. Напарніцамі А.Гугалімскай у гэты дзень былі Валянціна Лопышава і Ніна Усцін, Ірына Падворная знаходзілася на выхадным. Абслугоўвае статак механізатар Дмітрый Бараўцоў – і помпу на дойку да трактара падключае, і ваду падвозіць, перамяшчае перасоўную ўстаноўку і бытоўку, калі пастухі адбіваюць новыя загоны і статак перадыслацыруецца. Таксама Дмітрый Уладзіміравіч адвозіць малако ў халадзільнік, прамывае і прачышчае патрубкі і шлангі сістэмы пасля кожнага даення – абавязкаў шмат. Не менш іх у аператараў. Не ўвесь удой паступае ў асобную ёмістасць – каровы, якія на лячэнні, дояцца ў асобныя бачкі, таксама асобна збіраецца малако ад жывёл, што толькі расцяліліся. Яно ідзе на выпайку цялят маленькіх узростаў, за якіх таксама адказваюць аператары. Ды і сам працэс дойкі лёгкім не назавеш – на свае вочы бачыў, як жанчыны ўтрох утаймоўвалі і прывучалі да апарата першацёлку, кажуць, што бывала і мужчыны прыходзяць на дапамогу, калі жывёла надта наравістая.

– Сёння раніцай спыніў помпу, – расказвае Д.Бараўцоў. – Вельмі моцная навальніца, прычым прама над полем – маланкі так і бліскалі. А ўстаноўка металічная, ды мокрае ўсё, таму непагадзь перачакалі, а потым дойку заканчвалі – на маёй памяці быў у гаспадарцы выпадак, калі некалькі кароў забіла маланкай.

Па словах даярак, працай пастухоў са Століншчыны яны задаволены – не прыходзілася збіраць кароў па кустах ды вёсках, як бывала ў мінулыя гады. А дырэктар гаспадаркі С.А.Плігаўка ў сваю чаргу не мае істотных прэтэнзій да даярак, кажа, свае абавязкі яны выконваюць адказна, захоўваюць чысціню. А ў тым, што з пачатку месяца малако ў асноўным рэалізуецца не “экстрай”, а вышэйшым гатункам, пытанні не да даярак, а больш да ветслужбы гаспадаркі.

Дзесьці каля дзвюх гадзін заняла дойка ў Алены, Валянціны і Ніны. І хоць дажджу ўвечары не было, заканчвалі працу жанчыны мокрыя з ног да галавы. “Прыпарка, а дзяўчаты рухаюцца, ды і ад жывёлы ведаеце якое цяпло ідзе!” – тлумачыць Д.Бараўцоў, прамываючы разам з даяркамі сістэму і апараты. Падумалася, што і ад гэтых людзей таксама зыходзіць нейкая своеасаблівая цеплыня, ва ўсялякім разе без яе з жывёлай працаваць немагчыма.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *