Напэўна, многія ўшацкія пакупнікі заўважылі, што на ўпакоўцы некаторых тавараў магазіна “Еўраопт” надрукавана слова “СВАЁ”. А вось пра тое, што гэта азначае, ведаюць не ўсе, таму мы накіраваліся ў гандлёвую кропку і пастараліся разабрацца ў нюансах пытання.
Як нам патлумачылі прадаўцы крамы, аднайменная ініцыятыва кампаніі “Еўрагандаль” з’явілася летась, а накіравана яна на тое, каб аб’яднаць пад адзіным брэндам лепшыя айчынныя тавары, звярнуць на іх увагу пакупнікоў.
Стаць партнёрам праекта не так і проста: вытворцам трэба падаць камерцыйную прапанову, а іх тавар павінен прайсці адбор і дэгустацыю. Патрабаванні павышаныя: адпаведнасць строгім стандартам якасці, бяспекі і смакавых характарыстык. Апроч таго неабходна даказаць сваю магчымасць выпускаць вялікія аб’ёмы прадукцыі, настроіць лагістыку і дакументазварот.
У пачатку праекта ў ім удзельнічала 50 беларускіх прадпрыемстваў, зараз лічба павялічылася ўдвая. У іх лік уваходзяць “Камунарка”, “Спартак”, “Чырвоны харчавік”, “Беллакт”, Слуцкі сыраробны камбінат, птушкафабрыка “Дружба” і шэраг іншых. Пад маркай “СВАЁ” выпускаецца каля 280 найменняў тавараў. У асноўным гэта прадукты (малако, смятана, тварог, масла, каўбасы, кураціна, пельмені, крупы, хлеб, салодкія ласункі), але ёсць і нехарчовая група (капсулы для прання, сродкі гігіены, губкі, сурвэткі, шклоамывальнікі).
І калі мы запыталіся ва ўшачан, якія зазірнулі ў “Еўраопт”, як яны ацэньваюць праект, водгукі атрымалі станоўчыя. “Як правіла, аддаю перавагу беларускім прадуктам і лічу, што ідэя пазначаць самыя дастойныя – выгадная і для спажыўцоў, і для вытворцаў, якія атрымліваюць стымул паляпшаць якасць, каб далучыцца да брэнду”, – падзяліўся з намі малады ўшачанін Мікіта Хвошч. “Стараюся купляць айчыннае, аднак не заўсёды можна прачытаць надрукаваную дробным шрыфтам інфармацыю пра тое, дзе выраблены тавар. А вось надпіс “СВАЁ” адразу кідаецца ў вочы – бачу яго і разумею: трэба браць!” – усміхнулася пакупніца Тамара Кулак і паклала ў кошык тварожны сырок з адпаведнай паметкай.
Цяпер, сябры, і вы ведаеце магічнае слова, што дапамагае зрабіць правільны выбар.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



