Старое барахло?.. Нет!! Модный винтаж! Атмосферная и душевная выставка открылась в ушачском музее народной славы

Главное Культура

Гадзіннік з зязюляй, які часам раздражняў, але быў недатыкальнай рэліквіяй бабулінай хаты… Маляваны дыванок з аленямі, рэпрадукцыя “Мішак у сасновым бары”, набор керамічных рыбак… Чорна-белы тэлевізар, што нярэдка губляў відэасігнал, але хутка “чыніўся” ўдарам далоні па верхняй панэлі… Бабіннік з моднымі ВІА і зажаваныя касеты “Ласкавага мая”, што перамотвалі алоўкам… Усе гэтыя мілыя “прыкметы эпохі” назаўсёды захаваліся ў памяці тых, чыё юнацтва прыпала на 70-80-90-я.

Зрэшты, не толькі ў памяці, бо ў многіх з нас не паднялася рука пазбавіцца ад сямейных рарытэтаў – яны проста перакачавалі на гарышчы ды ў каморы і чакалі часу, каб зноў выйсці на авансцэну. І такую магчымасць стварылі для іх супрацоўнікі Ушацкага музея народнай славы, якія вырашылі аформіць атмасферную і душэўную экспазіцыю “Эвалюцыя бытавой тэхнікі. Рэчы, якія змянілі наша жыццё”.

“Гэтая выстава – настальгічны падарунак ушачанам ва ўзросце, ну а моладзь тут чакае цікавае знаёмства з продкамі сучасных дэвайсаў”, – зазначае галоўны захавальнік фондаў установы Святлана Турло.

Супрацоўнікі актыўна ўключыліся ў рэалізацыю праекта па пераўтварэнні “старога хламу” ў модны вінтаж. Значная частка экспанатаў знайшлася ў музейных фондах – напрыклад, пыласос “Ракета”, які пачалі выпускаць у 1967-м на Кіраўскім заводзе ў Ленінградзе. Гэта быў сапраўдны тэхнічны прарыў, ды і назву прыбору далі ў стылі касмічнай эры. Відавочна, што пра такі марыла любая савецкая гаспадыня.

Практычна кожны музейны работнік прынёс і штосьці з дому. Не засталіся ўбаку і іншыя ўшачане. Бадай, самым актыўным пастаўшчыком рарытэтаў стаў Аляксандр Тарасеня: менавіта ў яго вісеў калісьці прыгаданы ў пачатку гадзіннік з зязюляй, працаваў кінапраектар і іншыя цуды тагачаснай тэхнікі. Рэпрадуктарам, а таксама тэлевізарам “Балтыка”, што сышоў з канвеера ў канцы 60-х, папоўніла экспазіцыю Ірына Леснічэнка, радыёламі 1961 года падзяліўся Аляксандр Шкаруба. Адгукнуўся на прапанову Аляксей Сіротка і прывёз з уласнага міні-музея, што стварыў на сваёй сядзібе ў Кавалеўшчыне, маленькія тэлевізары, сокавыціскалку і першыя калькулятары.

Ахвотна далучыўся да справы Аляксандр Пугач. У ліку рэчаў, што ён прынёс у музей, ёсць, напрыклад, каштоўны люстэркавы фотаапарат “Зеніт”, які яго бацькі купілі на грошы, падораныя ім на вяселле. Акрамя таго, Аляксандр захапляўся калекцыяніраваннем, і ў адной з вітрын выставы можна ўбачыць 99 вінтажных “Робазвяроў” з культавай серыі міні-фігурак, вельмі папулярных у СНД у пачатку 90-х.

У былыя часы тэхніка магла нават паўплываць на лёс чалавека – многія, напэўна, памятаюць кадры фільма “Экіпаж”, дзе герой Леаніда Філатава ачмураў прыгажунь з дапамогай моднай электронікі. “У канцы 70-х хлопцы, якія разгульвалі па вуліцах з транзістарам ВЭФ у руках, былі ў дзяўчат па-за канкурэнцыяй”, – з гумарам прыгадала лектар-экскурсавод музея Вера Спірчонак і нават прадэманстравала нам, як ганарліва яны насілі адпаведную тэхніку.

На выставе мы затрымаліся: хацелася ўсё разгледзець, сфатаграфаваць… Хоць і належым да розных пакаленняў, але “модный вінтаж” ад крэатыўных стваральнікаў уразіў абедзвюх, напоўніў душу цёплымі пачуццямі. Мы нават задумаліся, якімі сямейнымі рэліквіямі маглі б дапоўніць экспазіцыю. Дарэчы, гэта толькі вітаецца: усе жадаючыя могуць прапанаваць рарытэтныя рэчы, што адлюстроўваюць яе тэматыку.

  • Прыходзьце ў музей: выстава будзе працаваць да канца лістапада.

Анастасія ПОЛАЗАВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *