В Великих Дольцах реализовали проект по благоустройству, который выиграл в областном конкурсе гражданских инициатив

Общество

У Вялікіх Дольцах няма возера ці ракі, аднак даўно існуе штучны вадаём, які ўпрыгожвае аграгарадок і з’яўляецца любімым месцам адпачынку рыбакоў, а зімой, канечне, і дзетвары. Ну а з гэтага года яно прываблівае яшчэ больш дальчан, бо па перыметры з’явіліся пірсы, лавачкі і столікі, на якіх можна адпачыць на прыгожым улонні прыроды. Вялікадолецкі сельсавет выйграў у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіць Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, і атрымаў на ажыццяўленне праекта 20 тысяч рублёў. Нядаўна на аб’екце завершаны работы.

– Добраўпарадкаванне, канечне, яшчэ будзем працягваць, у прыватнасці азеляненне тэрыторыі. Алею пры ўваходзе, ля альтанкі, туямі і дэкаратыўнымі кустамі закладалі раней, дапоўнім імі ўчасткі, дзе няма плакучай вярбы, – знаёміць з далейшымі планамі старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама і куратар праекта Алег Сыс.

А.Сыс
  • Адной з умоў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў з’яўляецца наяўнасць 10 працэнтаў уласных сродкаў, патрэбных на ажыццяўленне праекта: тысячу рублёў сабралі за кошт самаабкладання насельніцтва, столькі ж выдзеліла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Выдзеленыя сродкі пайшлі на расчыстку вадаёму, прывоз пяску, лаўкі і матэрыял для пірсаў. Тэндар на правядзенне работ выйграў Ушацкі камунгас, аднак добраўпарадкаванне аб’екта можна лічыць народнай будоўляй, паколькі прымалі ўдзел у ёй і праяўлялі ініцыятыву мясцовыя жыхары.

Так, выконвала работы брыгада Вялікадолецкага ўчастка УП ЖКГ на чале з Леанідам Стрыжонкам. Ён, Пётр Крацёнак, Пётр Пахолак, Аляксей Ізаітка паралельна з асноўнай работай шукалі металічныя трубы, варылі аснову пад пірсы, майстравалі іх, зразалі дрэвы, а пні ператваралі ў сталы і лаўкі. На драўляны памост яны і самі не раз выйдуць парыбачыць, і іншым раяць не хвалявацца за трываласць – металічныя апоры заганяліся нават каўшом экскаватара. Дзякуючы гэтай тэхніцы вадаём па перыметры ачышчаны ад глею і расліннасці, а берагавая лінія з навезеным туды ў вялікай колькасці гравіем, выраўнена Амкадорам. Пясок яшчэ не ўтрамбаваўся, таму пажадана не ездзіць па ім – застаюцца каляіны, што псуюць пешаходную зону. Натуральны ландшафт пакінуты толькі на крутым узгорку, з якога ў вадаём сцякае крынічная вада. Там жа адну з зон адпачынку на вадзе абсталяваў Аляксей Шэндрыкаў, які жыве побач.

Тут так прыгожа і ўтульна, што можна проста сядзець і наталяцца спакоем воднай гладзі з адлюстраванымі на ёй пейзажамі. Вось і Яна Дарашкевіч, вяртаючыся са школы, зрабіла невялікі прыпынак на новай лавачцы (на здымку). У выхадныя ж кожны пірс заняты рыбакамі ці групкамі моладзі. І адзіны мінус, што на штучных вадаёмах забараняецца купацца. Вельмі шкада, бо там гаючая крынічная вада і прасторны для адпачынку пляж.

Наталля Марковіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў: “У кожным сельсавеце ёсць месцы, якія падобна далецкаму, з’яўляюцца запатрабаванымі, ды і ідэй аб тым, як зрабіць свой куток больш утульным, у людзей таксама шмат. На іх ажыццяўленне, як правіла, не хапае сродкаў – вось прыклад, дзе іх можна атрымаць. Хацелася б, каб і іншыя сельвыканкамы былі больш актыўнымі і дасылалі на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў свае праекты”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *