Ушачанка Алина Гурленя стала лауреатом престижного конкурса «Витебский листопад»

Общество

А.Гурленя з членам журы – актрысай тэатра імя Якуба Коласа Раісай Грыбовіч.

Нядаўна мы расказвалі пра чарговы поспех ушачан у прэстыжным конкурсе “Віцебскі лістапад”. Аднак прыгадалі ў той раз не ўсе ўзнагароды, заваяваныя нашымі землякамі. Бо хоць навучэнка Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Аліна Гурленя прадстаўляла на форуме абласны цэнтр, мы, канечне, па-ранейшаму лічым яе сваёй.

“Паколькі я вучуся на актрысу, у мяне ёсць прадмет “Сцэнічнае маўленне”, выкладае які выдатны педагог Вікторыя Рачкоўская. Яна і прапанавала паспрабаваць сябе ў намінацыі “Паэзія. Мастацкая дэкламацыя”. Вядома ж, згадзілася, бо конкурсы дапамагаюць развівацца і набываць вопыт. У мяне было шмат сапернікаў, але практычна не хвалявалася: напэўна таму, што не мела задачы абавязкова стаць лаўрэатам. Для выступлення мы абралі верш Эдуарда Асадава “Артыстка”, дзе гісторыя падаецца ад імя дзвюх жанчын: маладзенькай харысткі і стомленай ад грузу сваёй славы знакамітасці, якую дзяўчына лічыць “бажаством”. Напэўна, у мяне атрымалася перадаць іх характары і ідэю твора, што галоўныя каштоўнасці – не грошы і пасады, а маладосць і натхненне, сведчаннем чаму стаў дыплом лаўрэата ІІІ ступені”, – падзялілася з намі Аліна.

Многія землякі памятаюць яе як удзельніцу раённых канцэртаў. Дзяўчына актыўна наведвала гурткі цэнтра культуры, скончыла аддзяленне эстраднага вакалу Ушацкай ДШМ, добра іграе на фартэпіяна, асвоіла і гітару – з такім арсеналам талентаў у Аліны дакладна вялікая будучыня ў абранай прафесіі. Будзем з цікавасцю сачыць за яе творчым развіццём.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *