Какие изменения ожидаются в застройке райцентра, рассказывает специалист

Общество

Закончылася абмеркаванне генеральнага плана гарадскога пасёлка Ушачы. Ці паступілі прапановы ў час азнаямлення з ім і якія змены чакаюцца ў забудове райцэнтра, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама
Н.М.КРУЦЁНАК.

– Наталля Мікалаеўна, перш за ўсё патлумачце, чым новы план адрозніваецца ад ранейшага і ці паступалі ад ушачан парады або незадавальненні?
– Пачну з апошняга пытання, бо яно ўскосна звязана з першым. Актыўнасць пры абмеркаванні не была высокай, бо гэта пакуль перспектыўны план, які не ўтрымлівае канкрэтных аб’ектаў, напрыклад, новага магазіна або парка, – што, канечне, цікавіць жыхароў. Гэта схема, на якой пазначаны зоны: адпачынку, прыватнай і шматкватэрнай забудовы, вуліцы, на аснове якой у перспектыве распрацоўваецца план дэталёвай забудовы. Таму прапановы зыходзілі перш за ўсё ад землеўпарадкавальнай службы і датычыліся легалізацыі ўчасткаў – людзі выкупляюць дадатковыя плошчы ля сваіх сядзіб, а гэтыя землі неабходна выключыць з агульнага карыстання.

– Памятаю ранейшы план забудовы, на якім была зона адпачынку вакол возера Чаравэчча, кальцавая дарога, якая павінна была прайсці праз вуліцу Лабанка, магазін у жылым мікрараёне Віцебскай, што з гэтага застаецца актуальным?
– Па-першае, многае з былога плана ажыццявілася – гэта забудова новага мікрараёна па Віцебскай з сацыяльнай інфраструктурай, у прыватнасці – аздараўленчым комплексам і двума магазінамі. Пабудаваны пачатак кальцавой вуліцы пры ўездзе ў гэты мікрараён, якая пройдзе не праз Лабанка, як меркавалася раней, а па Аніса Клопава. Так і з многім іншым – жыццё дыктуе свае ўмовы, а планы распрацоўваюцца на 30 гадоў. Аднак асноўнае – жылыя, прамысловыя, рэкрэацыйныя зоны, не змяніліся.

– Раскажыце, калі ласка, дзе яны прадугледжаны?
– Новыя шматпавярхоўкі і надалей будуць вырастаць на Віцебскай, дзве – побач з існуючымі, а далей – праз кальцавую ў напрамку аўтазаправачнай станцыі. Тэрыторыя вакол інтэрната “Юнацтва-Ушачы” прадугледжана для будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў. Участкі пад індывідуальную забудову плануецца выдзяляць за кошт ушчыльнення, напрыклад, па Кірава на месцы былога стадыёна, у раёне вуліцы Аніса Клопава. Зоны адпачынку застаюцца ранейшыя – тэрыторыі вакол ракі, азёр, паркі за “Сантай” і ў цэнтры горада. Паўтаруся, гэта схематычны план, на дэталёвым могуць з’явіцца лыжаролерная траса ці кафэ, усё залежыць ад інвестыцый.

– Дзякуй за размову.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *