Здоровье — залог работоспособности. Традиционная спартакиада среди трудовых коллективов прошла в Ушачах

Cпорт

У мінулую суботу ва Ушацкай школе было мнагалюдна, у гэты дзень сюды  з раніцы спяшаліся не школьнікі, а прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, каб выявіць самых лепшых на традыцыйнай  штогадовай спартакіядзе сярод працоўных калектываў.

Існуе меркаванне, што ў калектывах, дзе работнікі сябруюць са спортам, і вытворчыя паказчыкі вышэй, бо здароўе і выдатная  фізічная форма – залог актыўнасці і працаздольнасці ў любой сферы. У тым, што дадзенае меркаванне мае сэнс, можна было ўпэўніцца, прагледзеўшы спіс каманд-удзельніц. Наогул жа сказаць, што сёлетняя спартакіяда была вельмі масавай, нельга – удзел у ёй прыняло ўсяго 13 калектываў, у той час як у папярэднія гады іх было ніяк не менш 20-ці. Не пажадалі заявіць аб сабе банкіры, будаўнікі, сувязісты, прамысловыя прадпрыемствы, сярод сельгасарганізацый сваю каманду выставіла толькі ААТ “Ільюшынскі”. І хоць аказаліся яны ў канцы выніковага спіса, зусім не сумавалі – галоўнае ж удзел, а не перамога!

“Сёлета асабліва цікава паглядзець за падыманнем гіры: маладыя твары і не ўсе вядомыя імёны, няма фаварытаў мінулых гадоў!” – чулася ў натоўпе балельшчыкаў. Сапраўды, у гэтым відзе было нямала прадстаўнікоў моладзі і сказаць адразу, хто ж з іх самы моцны, было цяжка. А імі аказаліся Рыгор Занько з цэнтральнай раённай бальніцы, Алег Лемеш з Ушацкай школы і Дзмітрый Гардзіёнак з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія занялі адпаведна тры першыя месцы.

Праявіць усю сваю моц і сілу давялося і тым, хто быў заяўлены ў дыгатлоне. Хоць і любяць балельшчыкі гэты від і адносяць да самых цікавых, аднак прайшоў ён хутка, на адным дыханні і без надта напружаных баталій. Роўных тут не аказалася Максіму Коршуну з лясгаса, у тройку лепшых трапілі таксама Андрэй Васіленка з райспажыўтаварыства і Віктар Герцык з Ушацкай школы.

Стараліся не падвесці свае каманды і выкладваліся як маглі жанчыны ў гімнастыцы. Зрабіўшы 48 адцісканняў, Святлана Кладніцкая з Ушацкай школы намнога апярэдзіла сваіх саперніц і не дала ім шанцаў заняць першае месца. Дарэчы, яе перамога нікога і не здзівіла, бо дзяўчына працуе настаўнікам фізічнай культуры. Другі вынік паказала Валянціна Анкудовіч з ЖКГ, а Ніна Шарыпа з прадпрыемства меліярацыйных сістэм абышла маладзейшых за сябе ўдзельніц і заняла трэцяе месца. А на перакладзіне ў гэты час падцягваліся мужчыны. “Ну, давай яшчэ разок!” – перыядычна даносілася адтуль: так хварэлі за сваіх удзельнікі каманд і проста знаёмыя. З лёгкасцю справіўся з задачай Дзмітрый Гардзіёнак, які пасля падцягвання яшчэ накіраваўся і падымаць гіру. Падцягнуўся ж ён 36 разоў. Як адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў П.Ю.Варатынскі, норма падцягванняў для мужчын складае 20-25 разоў, Дзмітрый жа пераўзышоў гэтыя лічбы і паставіў абсалютны рэкорд спартакіяды. За свой актыўны ўдзел і бліскучы вынік акрамя дыплома і медаля ў асабістым заліку хлопец атрымаў яшчэ і спецыяльны прыз “За волю да перамогі” ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Другое месца ў падцягванні заняў Віталь Баркоўскі з аб’яднанай каманды аддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, трэці вынік ў Ігара Жогаля з райгаза.

Хто самы трапны — выявілі спаборніцтвы па дартсе, тут былі як пастаянныя ўдзельнікі гэтага віду, так і навічкі, у тройку ж лепшых трапілі Сяргей Герцык (РАУС), Андрэй Станько (РАНС) і Сняжана Гутманіс (аддзел адукацыі, спорту і турызму).

А вось удзельнікі наступнага віду вызначалі, у каго самы вынослівы арганізм і добрая тэхніка лыжнага ходу. У гэтым годзе лыжныя гонкі былі перанесены на школьны стадыён.

– Разумнае рашэнне! Можна выйсці і адразу на месцы падтрымаць сваіх, падбадзёрыць. Ды і самім лыжнікам зручней, не трэба далёка ісці, як гэта было раней, тым больш, што некаторыя з іх прымаюць удзел і ў іншых відах, – адзначалі інжынер па ахове працы ЖКГ Павел Пашкоў і многія іншыя ўдзельнікі спартакіяды.

Не балуе сёлетняя зіма нас снегам, таму на абледзянелай трасе складаней было лыжнікам праявіць сябе, не абышлося і без шматлікіх падзенняў. У выніку першае месца ў лыжным спорце занялі прадстаўнікі Ушацкай школы, другое – ЖКГ, трэцяе – выратавальнікі і ТЦСАН.

Самая працяглая барацьба ішла ў турніры шашыстаў,  якія атрымалі “прапіску” ў фае школы. Першынство ў гэтым відзе засталося за камандай лясгаса, другімі сталі выратавальнікі і ТЦСАН, а замкнула тройку лідараў райспажыўтаварыства.

Сярод стралкоў найбольшую колькасць ачкоў удалося набраць Аляксандру Тарасеню з Ушацкай школы – у тым, што ён акажацца ў тройцы лепшых, ніхто з удзельнікаў не сумняваўся. А вось другое месца п’едэстала нечакана для ўсіх заваяваў Сяргей Бугай з аддзела па надзвычайных сітуацыях, які адстаў ад лідара ўсяго на адно ачко. Трэцяе месца ў Сяргея Гардзіёнка з аддзела ўнутраных спраў.

Самым жа відовішчным, цікавым і эмацыянальным відам несумненна стала перацягванне каната.

– Можаце фатаграфаваць будучых пераможцаў! – упэўнены ў сіле і моцы сваіх байцоў казаў мне намеснік начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні А.Уліновіч.

Толькі б нашым зараз не з выратавальнікамі выпала спаборнічаць, — чулася з натоўпу балельшчыкаў.

Яно і не дзіўна, яны не раз перамагалі ў гэтым відзе спорту, ды і наогул выглядалі па-сур’ёзнаму настроенымі.

Як маглі трымаліся спартсмены з райбальніцы і меліяратары, здалі сёлета пазіцыі ў перацягванні каната камунгасаўцы, упарта змагаліся мужчыны з Ушацкай школы. Доўга не здаваліся каманды райгаза і райспажыўтаварыства, вельмі дастойна праявілі сябе і прадстаўнікі аддзела ўнутраных спраў. Самая ж гарачая і напружаная барацьба разгарнулася паміж выратавальнікамі, дарожнікамі і лясгасаўцамі. Балельшчыкі не шкадавалі далоняў, голасу і як маглі падтрымлівалі свае каманды. У выніку перамаглі фаварыты спартакіяды – аддзел па надзвычайных сітуацыях. Другое месца ва ўпартай барацьбе “вырвалі” дарожнікі, бронза – у лясгаса.

Нельга не сказаць добрыя словы ў адрас некаторых кіраўнікоў арганізацый, якія не проста выставілі свае каманды да ўдзелу ў спартакіядзе, а і самі прынялі актыўны ўдзел. Напрыклад, дырэктар РВУ “Ушачырайгаз” А.Я.Кавалёў удзельнічаў у стральбе. Начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях А.І.Станько прынёс прызавое месца камандзе ў дартсе. Дырэктар Ушацкай школы В.І.Клімашэўскі дапамагаў сваёй камандзе цягнуць канат і гуляў у шашкі. Ну а начальнік ДРБУ-105 А.І.Коцур страляў, падымаў гіру і цягнуў канат разам са сваёй камандай. З гэтага можна зрабіць вывад, што ў названых калектывах вельмі цесна сябруюць са спортам, і работнікі з задавальненнем бяруць прыклад са сваіх кіраўнікоў.

Для таго каб стомленыя спартсмены не сумавалі, пакуль суддзі падводзілі канчатковыя вынікі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК падрыхтавалі для прысутных невялікі канцэрт.

Старшыня раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў М.І.Бухалка падзякаваў усім спартсменам за ўдзел у спартакіядзе і ўручыў граматы і медалі па ўсіх відах спорту ў асабістым і камандным заліках. Былі зацверджаны і спецыяльныя прызы ўдзельнікам, іх уручыў старшыня райкама прафсаюза АПК У.М.Круглік – прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Дар’і Мяжуй з ЖКГ, самым старэйшым удзельнікам стаў Пётр Васільевіч Спірыдонаў з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, прыз за волю да перамогі, як прыгадвалася вышэй, уручаны Дзмітрыю Гардзіёнку.

Спецыяльныя прызы ад райкама БРСМ уручыла в.а. першага сакратара І.Ціханава. Самаму маладому ўдзельніку – Пятру Кузьменку, адзінай прадстаўніцы слабага полу сярод усіх стралкоў — Ірыне Голік і самай дружнай камандзе – ДРБУ-105.

Традыцыйна ў стральбе і шашках асобна спаборнічаюць старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. У агульным заліку месцы сярод іх размеркаваліся наступным чынам: першае заняла Л.В.Храмцова (Глыбачанскі сельсавет), другое – В.І.Шнітко (Ушацкі), трэцяе – І.В.Ластаўка (Кубліцкі).

Хто ж стаў пераможцам спартакіяды-2015? Гэтае пытанне ў выхадныя дні цікавіла многіх. Самай спартыўнай аказалася аб’яднаная каманда РАНС і ТЦСАН, срэбра спартакіяды атрымала каманда Ушацкай школы, трэцяе месца — прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *