С тренером Ушачской ДЮСШ Татьяной Клоповой ученики успешно реализуют свой потенциал

Cпорт

“Зараз робім дзве серыі бегавых, потым скокаем у вышыню, а напрыканцы патрэніруем бар’еры!” – агучаны Таццянай Леанідаўнай Клопавай расклад заняткаў дзецям спадабаўся, і яны шпарка кінуліся выконваць практыкаванні. “А чаму ты выбраў менавіта гэтае аддзяленне? Напэўна, футбол ці дзюдо больш захапляльныя…” – прыпыніла я аднаго з хлопчыкаў. І пачула рэзкі адказ: “Вы што?! Лёгкая атлетыка вельмі цікавая! Я яе абажаю! А яшчэ ў нас цудоўны трэнер…”

Такі шчыры камплімент дарагога каштуе. Дзяцей не падманеш: яны адчуваюць, калі дарослыя ўкладаюць у іх усю душу, “гараць” сваёй справай. А Таццяна Леанідаўна якраз з такіх трэнераў. “Вось наш лідар Максім Магерка, гэта – Насця Корань, яны нядаўна ўзялі медалі на спаборніцтвах у Докшыцах, а Назар Первянёнак выйграў крос у Наваполацку, – “прэзентуе” яна сваіх выхаванцаў, пра якіх, здаецца, можа гаварыць бясконца. – Яны ж усе мае родненькія, думаеш пра іх і дзень, і ноч – як развіць здольнасці, а галоўнае – не нашкодзіць… А як радасна, калі вучні рэалізуюць свой патэнцыял: прагрэсіруе ў вучылішчы алімпійскага рэзерву Ілья Мялешка, “срэбра” на рэспубліцы ўзяў нядаўна ў мнагабор’і “Здароўе” Ілья Вяр’ясаў…”

“Таццяна Леанідаўна, а давайце ўсё ж крыху пагаворым пра Вас, – спрабую перавесці размову ў іншае рэчышча. – Чаму абралі спорт справай жыцця?” І субяседніца ахвотна распавядае… зноў жа не пра сябе, а пра цікавыя ўрокі свайго школьнага настаўніка Эдуарда Фадзеевіча Багдановіча, пад уплывам якога вырашыла паступаць у Віцебскі фізкультурны тэхнікум, а пазней атрымала вышэйшую адукацыю ў Смаленскім інстытуце. У фізічна развітай высокай дзяўчыны былі адметныя спартыўныя здольнасці: падчас вучобы ўшачанка стала чэмпіёнкай Віцебска ў бегу на 400 метраў, выдатна скокала ў даўжыню і вышыню, штурхала ядро – вось толькі сур’ёзная траўма меніска паставіла крыж на спартыўнай кар’еры. Аднак Таццяна не засмуцілася, бо заўсёды марыла трэніраваць дзяцей. І трапіўшы пасля размеркавання ў Слабадскую школу, узялася за справу з усёй маладой энергіяй. “Пачалася мая кар’ера з невялікага “касяка”: кідалі на ўроку гранату – і адзін вучань запусціў яе так далёка, што снарад мы не знайшлі, – з усмешкай прыгадвае Таццяна Леанідаўна. – Моцныя былі вясковыя дзеці, таму ў нас добра ішлі ўсе віды лёгкай атлетыкі – кідалі нават дыск: гэта сучасныя школьнікі, убачыўшы дзіўны снарад, цікавяцца: а што гэта за “талерка”?.. Зімой жа я паставіла ўсю школу на лыжы – не было мацаванняў, але мы наразалі палоскамі гуму ад колаў і выходзілі са становішча”…

Ініцыятыўную дзяўчыну заўважылі і перавялі ва Ушачы, дзе нядаўна была адкрыта ДЮСШ. А ўжо праз год трэнерскай работы прапанавалі ўзначаліць установу. У спартшколе апроч лёгкай атлетыкі на той час паспяхова развіваўся футбол, водныя лыжы, а з прыходам Станіслава Анатольевіча Шэдзько пачалася эра дзюдо. Новыя перспектыўныя віды – гіравы спорт і армрэстлінг – “прынёс” ва ўстанову Ігар Уладзіміравіч Клімашэўскі, які быў прызначаны кіраўніком, тады як Таццяна Леанідаўна заняла пасаду завуча – гэты тандэм аказаўся надзвычай плённым і на працягу 17 год вёў Ушацкую спартшколу да адметных вышынь. Але, вырашаючы адміністрацыйныя задачы, не пакідала гераіня аповеду і любімую трэнерскую справу – а калі аддзяленне лёгкай атлетыкі было закрыта, перакваліфікавалася на сілавыя віды. Цікава, што нашы будучыя зоркі адзінаборстваў і стральбы Дар’я Падгол, Эльвіра і Таня Падгола, якія шліфавалі сваё майстэрства ў іншых трэнераў, пачыналі заняткі зусім маленькімі менавіта ў групе Т.Клопавай. І вялікай радасцю для яе стала вяртанне ў расклад ДЮСШ “каралевы спорту” – зараз Таццяна Леанідаўна трэніруе некалькі груп адпаведнага аддзялення, а таксама вядзе заняткі ў клубе “Імпульс”, які аб’яднаў узроставых аматараў здаровага ладу жыцця. Пра тое, як даражаць ушачанкі сваёй суполкай і з якім захапленнем адгукаюцца пра любімага трэнера, мы неаднаразова расказвалі ў газеце. У сваю чаргу, Таццяна Леанідаўна прызнаецца, што менавіта рэгулярныя заняткі з жанчынамі дазваляюць ёй трымаць форму і не скарацца гадам і хваробам.

…Дзеці між тым працягвалі трэніроўку: праляталі над бар’ерамі і круцілі сальта праз нацягнутую замест планкі рызінку, весела прызямляючыся ў яму з мяккіх матаў. І мне, шчыра кажучы, вельмі хацелася таксама разбегчыся і “паказаць клас” – хоць і амаль чатыры дзясяткі год прайшло з той пары, калі хадзіла на трэніроўкі да маладога спецыяліста Тані Клопавай, аднак спартыўны тонус застаўся на ўсё жыццё. Дзякуй Вам за гэта, наш цудоўны трэнер!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *